Беларуская Служба

Едучы ў Польшчу з Беларусі, неабходна падрыхтавацца да доўгага чакання і дакладных праверак на мяжы

05.07.2023 19:21
Беларускі рэжым усё больш і больш адмяжоўвае дзяржаву ад заходніх суседзяў. 
.
Ілюстрацыя. фота: Pixabay.com/Clker-Free-Vector-Images

Даўно прайшлі часы, калі з Беларусі ў Польшчу можна было адправіцца на адвольным відзе транспарту – паляцець на самалёце, паехаць цягніком, на аўтобусе або ўласным аўтамабілем. Цяпер у людзей, якія жадаюць прыехаць у суседнюю краіну, моцна абмежаваны выбар – застаўся толькі аўтамабільны транспарт. І неабходна быць падрыхтаваным да доўгіх чэргаў на мяжы.

Беларускі рэжым усё больш і больш адмяжоўвае дзяржаву ад заходніх суседзяў. Таксама ўлады Лукашэнкі прымушаюць беларусаў, часта насуперак іх волі, усё глыбей інтэгравацца з Расійскай Федэрацыяй, якая многімі краінамі свету прызнаная дзяржавай-тэрарыстам. Адпаведна, і кантакты беларусаў з жыхарамі Польшчы, Літвы ці іншых краін Еўразвязу становяцца ўсё больш складанымі. Парадаксальна, менавіта з гэтымі краінамі ўсё больш беларусаў хоча мець зносіны, паколькі тысячы людзей з’ехалі з Беларусі і знайшлі для сябе часовы або і пастаянны прытулак у бліжэйшых суседзяў.

У сувязі з падзеямі, якія адбыліся больш за два гады таму, калі ў траўні 2021 года ў Беларусі быў прымусова пасаджаны самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, краіны Еўропы ў сваёй бальшыні перакрылі паветраны рух над Беларуссю і ў Беларусь, таму цяпер няма магчымасці ляцець з Мінска ў Варшаву і назад. Паміж Польшчай і Беларуссю няма таксама чыгуначнага міжнароднага руху. Забарона на чыгуначную сувязь была ўведзеная польскімі ўладамі ў 2020 годзе на фоне пандэміі каранавіруса. Праўда, забарона была знятая ў траўні бягучага года, але рух так і не аднавіўся. Прычына – напружаныя палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі.

Адпаведна, беларусам, якія жадаюць трапіць у Польшчу, застаецца толькі аўтамабільны транспарт. Найбольш людзей ездзяць на аўтобусах. Аўтобусных рэйсаў шмат, але праблема ў тым, што аўтобусы на міжнародных маршрутах могуць значна спазняцца. Гэта звязана з вельмі інтэнсіўным рухам на мяжы, а таксама з тым, што ў сувязі з мігранцкім крызісам Польшча перакрыла некаторыя памежныя пераходы з Беларуссю.
У сацсетках людзі расказваюць, што аўтобусы на міжнародных рэйсах з Беларусі ў заходнім напрамку могуць спазняцца нават на 20 гадзін. А спазненне ў 4-5 гадзін – гэта ўжо практычна норма. Мы звязаліся з кампаніяй, якая арганізуе міжнародныя пасажырскія перавозкі, у тым ліку з Мінска ў Варшаву. У даведцы кампаніі нам сказалі, што аўтобусы сапраўды могуць значна спазняцца, нават да 8 гадзін, але 20 гадзін спазнення не здаралася.

Аляксей надоечы ехаў з Мінска ў Варшаву. Яго аўтобус прастаяў на мяжы каля 6 гадзін, і таму прыехаў у польскую сталіцу на звыш чатырох гадзін пазней, чым павінен быў быць паводле раскладу. Гэта было звязана з вялікім патокам машын і дакладнай праверкай – як па беларускім, так і польскім баку.

Чаканне на мяжы і дакладныя праверкі – гэта, канешне, непрыемна. Аднак над беларусамі, якія ездзяць у заходнім напрамку, пастаянна вісіць пагроза поўнага закрыцця мяжы. Гэта звязана з нелегальнай міграцыяй з Беларусі, а таксама з апошнімі падзеямі, бунтам Прыватнай ваеннай кампаніі Яўгена Прыгожына. «Вагнераўцы», а прынамсі іх частка, цяпер у Беларусі, што выклікае зразумелыя боязі суседзяў. Літва і Польшча ўзмацняюць ахову мяжы з Беларуссю і РФ. Аднак падстаў для поўнага закрыцця мяжы пакуль няма. Раней літоўскі МУС анансаваў узмоцненыя праверкі для тых, хто ўязджае з Беларусі і РФ. А польскія ўлады ўзмацнілі ахову мяжы з Беларусі, выслаўшы на яе дадатковыя сілы – 500 паліцэйскіх.

нг