Беларуская Служба

32 гады таму спыніў сваё існаванне Варшаўскі дагавор (ВІДЭА)

07.07.2023 06:01
З рассакрэчаных планаў наступлення на Захад вынікае, што Войска Польскае павінна было захапіць Ютландыю, узяць пад кантроль дацкія пралівы і акупаваць Данію.
Аўдыё
  • 32 гады таму спыніў сваё існаванне Варшаўскі дагавор
       .   -   ,   -
Адзін з апошніх здымкаў кіраўнікоў партый сацыялістычных краін. У акулярах - генерал Войцех Ярузэльскі, трэці злева - Міхаіл Гарбачоў PAP/Tadeusz Zagoździński

32 гады таму спыніў сваё існаванне Варшаўскі дагавор. Канец арганізацыі, якая праіснавала больш за 35 гадоў, вынікаў з грамадска-палітычных перамен, якія ў той час мелі месца ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, але перш за ўсё ў Савецкім Саюзе.

1 ліпеня 1991 года прэзідэнты Чэхаславакіі, Польшчы, Балгарыі, Румыніі, віцэ-прэзідэнт СССР і прэм’ер-міністр Венгрыі падпісалі ў Празе пратакол аб поўным спыненні дзеяння Варшаўскага дагавора. Вось як пра яе паведаміла праграма «Время» савецкага цэнтральнага тэлебачання (з 25 хв. 17 сек.).

Калі ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачаліся перамены ў 1989-1990 гадах, членскія краіны вырашылі, што савецкія войскі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, павінны быць выведзеныя. 31 сакавіка 1991 года было спыненае вайсковае супрацоўніцтва паміж краінамі Дагавору. Такім чынам, падпісанне пратаколу ў Празе было лагічнай паслядоўнасцю ў працэсе геапалітычных перамен.

Варшаўскі дагавор (поўная назва «Дагавор аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе») быў падпісаны 14 мая 1955 года. Гэты дакумент аформіў стварэнне ваеннага саюза еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў пры вядучай ролі Савецкага Саюза – Арганізацыі Варшаўскага дагавора (АВД). Стварэнне арганізацыі было адказам на стварэнне арміі ў ФРГ і далучэнне Заходняй Германіі да НАТА.

Дагавор падпісалі Албанія (фармальна выйшла з арганізацыі ў 1968 годзе), Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія на Варшаўскай нарадзе еўрапейскіх дзяржаў па забеспячэнні міру і бяспекі ў Еўропе.

У рамках Дагавору праводзіліся сумесныя камандна-штабныя і ваенныя вучэнні і манеўры армій членскіх краін. Яны праходзілі на тэрыторыі ўсіх дзяржаў АВД. Найбольш буйнымі сталі вучэнні пад кодавымі назвамі «Квартэт» (1963), «Кастрычніцкі штурм» (1965), «Днепр» (1967), «Поўнач» (1968), «Братэрства па зброі» (1970), «Захад-81» (1981), «Шчыт-82» (1982).

Падчас дзеяння Варшаўскага дагавора паміж разведкамі краін-удзельніц вялася пастаянная каардынацыя, а з 1979 года пачала дзейнічаць глабальная сістэма радыёэлектроннай разведкі, якая ўключала ў сябе сродкі радыёэлектроннай і касмічнай разведкі СССР, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, ГДР, а таксама краін, якія не ўваходзілі ў Варшаўскі дагавор – В’етнама, Манголіі і Кубы.

Варта нагадаць, што Варшаўскі дагавор удзельнічаў у крывавых падзеях. Так, калі 1 лістапада 1956 года Венгрыя вырашыла выйсці з АВД, савецкая армія крывава задушыла венгерскае паўстанне. У сваю чаргу ў 1968 годзе, калі ў Чэхаславакіі пачалася «Аксамітная рэвалюцыя», на тэрыторыю краіны былі ўведзеныя войскі Варшаўскага дагавора, у тым ліку Польшчы, якія пад рулямі зброі прымусілі чэхаў і славакаў застацца ў «савецкай сям’і».

Умяшанне ў справы Чэхаславакіі адбылося згодна з гэтак званай «дактрынай Брэжнева» аб прынцыпе «абмежаванага суверэнітэту». У адносінах з сацыялістычнымі краінамі-саюзнікамі па лагеры Брэжнеў стаў ініцыятарам дактрыны, якая прадугледжвае санкцыі ажно да ваеннага ўварвання ў тыя краіны, якія спрабавалі праводзіць незалежную ад СССР унутраную і знешнюю палітыку.

Хоць тэарэтычна Варшаўскі агавор ствараўся як абаронная арганізацыя, то пасля рассакрэчвання архіваў стала вядома, што існавалі таксама планы нападу на Заходнюю Еўропу. Прычым кожны член АВД меў запланаваную задачу. Так, напрыклад, Войска Польскае павінна было захапіць Ютландыю, узяць пад кантроль дацкія пралівы і акупаваць Данію.

У 1990 годзе аб’ядныя ўзброеныя сілы Варшаўскага дагавора налічвалі 3 млн 573 тыс. чалавек, у тым ліку 347 тыс. – салдат і афіцэраў польскай арміі. Войска Польскае было другой па колькасці вайскоўцаў арміяй пасля савецкай у АВД. Для параўнання: у 1991 годзе сілы НАТА налічвалі 5 млн. 174 тыс. вайскоўцаў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу