Беларуская Служба

Даследчык Валынскай разні: «Калі мы не будзем размаўляць з украінцамі пра балючае, мы ніколі не будзем партнёрамі»

07.07.2023 10:55
Гэта глыбокая траўма, якая выклікае ў польскім народзе ўсё яшчэ жывыя і горкія эмоцыі.
Аўдыё
  • Гутарка з польскім рэпарцёрам Вітольдам Шаблоўскім пра Валынскую разню.
    .
Вітольд Шаблоўскі на адкрыцці выставы. фота: БСПР/нг

У самым сэрцы польскай сталіцы, на вуліцы Кракаўскае прадмесце непадалёк ад Каралеўскага замку, можна пазнаёміцца з выставай, прысвечанай 80-ай гадавіне масавай разні палякаў на Валыні ўкраінскімі нацыяналістамі з аддзелаў Украінскай паўстанцкай арміі (УПА).

На вялікіх стэндах выставы «Валынь 1943-2023» прадстаўлены як гістарычны фон гэтых трагічных падзей, падставы фармавання ўкраінскага нацыяналізму, так і фотаздымкі асоб, якія ратавалі палякаў ад смерці. Аўтары стараліся зрабіць фокус менавіта на тое, што было нямала людзей, якія не згаджаліся забіваць сваіх суседзяў польскага паходжання, а нават ратавалі палякаў, падстаўляючы пад пагрозу ўласнае жыццё.

Валынская разня – гэта глыбокая траўма, якая выклікае ў польскім народзе ўсё яшчэ жывыя і горкія эмоцыі. Дзеля таго, каб гэтая рана загаілася, патрэбны шырокі дыялог, у тым ліку з украінцамі, – адзначае куратар выставы, рэпарцёр Вітольд Шаблоўскі, які падчас падарожжаў ва Украіну знайшоў і апісаў украінцаў, якія ратавалі палякаў ад смерці.

З тае прычыны мы гэта робім, каб вылечыць раны. Валынская разня – гэта самая вялікая праблема паміж Польшчай і Украінай. Мы цяпер моцна сябруем з украінцамі, хочам разам будаваць будучыню. Аднак ёсць такія рэчы ў нашай гісторыі, якія трэба абгаварыць, між іншым, Валынь. Некаторыя кажуць, што не трэба гэтай тэмы закранаць, але на маю думку, калі мы не будзем размаўляць пра балючае, мы ніколі не будзем партнёрамі.

На адкрыццё выставы мы прывезлі з Украіны спадарыню Аляксандру, бацька якой ратаваў палякаў у 1943 годзе. Яна – звычайная жанчына, працавала даяркай, але лепш з ёй размаўляць на гэтую тэму, чым з некаторымі палітыкамі ці гісторыкамі. Я назіраю, як на Валынь прыязджаюць з Польшчы былыя жыхары гэтай тэрыторыі і размаўляюць з украінцамі. Гэтыя размовы нялёгкія, але яны неабходныя. І хай лепш яны размаўляюць, чым гісторыкі ці, не дай Бог, палітыкі.

Ва Украіне ідзе вайна, існуе смяротная пагроза дзяржаве. Для многіх украінцаў Сцяпан Бандэра (заснавальнік нацыяналістычнага руху ва Украіне – рэд.) стаў героем. Але ён – зорка поп-культуры, гэта іншая справа. Я б не сказаў, што ва Украіне адраджаецца нацыяналізм, але пра Бандэру трэба размаўляць спакойна, тлумачыць, што ён быў не толькі супраць палякаў, ён быў таксама антысемітам. І ён адказвае за тое, што сталася на Валыні. Яго арганізацыя запланавала знішчэнне палякаў значна раней, яшчэ ў 30-ыя гады.

Вельмі балючая тэма для мяне – эксгумацыя астанкаў забітых палякаў. Я не разумею, чаму на гэта няма згоды. На маю думку, гэта вельмі нязручная сітуацыя для ўкраінскай дзяржавы, калі ў яе на палях, у яе зямлі ляжаць астанкі 50 тыс забітых людзей. Я веру, што ўдасца гэтае пытанне вырашыць.

Колькасць польскіх ахвяр «Валынскай разні», пік якой прыйшоўся на ліпень 1943 года, ацэньваецца гісторыкамі ў 30-60 тыс чалавек. Некаторыя кажуць нават пра 100 тыс забітых. У выніку акцый адплаты загінула некалькі тысяч украінцаў.

нг