Беларуская Служба

389 гадоў таму быў заснаваны найстарэйшы польскі ордэн, які... ніколі нікому не быў уручаны

15.07.2023 06:02
5 ліпеня 1634 года Папы рымскі Урбан VIII выдаў булу, на моцы якой дазволіў каралю польскаму Уладзіславу IV Вазе заснаваць Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Аўдыё
  • Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
      -
Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі - ілюстрацыя Зыгмунта Глогера Foto: Wikimedia Commons/dp

Найстарэйшай польскай дзяржаўнай узнагародай з’яўляецца Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Унікальнасць гэтай узнагароды ў тым, яна ніколі нікому не была ўручаная.

5 ліпеня 1634 года Папы рымскі Урбан VIII выдаў булу, на моцы якой дазволіў каралю польскаму Уладзіславу IV Вазе заснаваць Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты ордэн меў быць першай сучаснай польскай дзяржаўнай узнагародай. Але ім так ніхто ўзнагароджаны і не быў.

Паводле гісторыкаў, хутчэй за ўсё ідэя заснавання ордэну належыць вялікаму падскарбію кароннаму Ежы Асалінскаму. Узнагароджанне ордэнам мела на мэце аб’яднаць вакол манарха шляхту ў рэалізацыі антытурэцкіх планаў караля. Вайна з паўднёвым суседам была галоўным палітычным праектам Уладзіслава IV Вазы, які шукаў кожнай нагоды і спосабу, каб яго падтрымала шляхта. Кавалеры ўзнагароды мелі быць членамі свайго роду свецкага рыцарскага ордэну. Планавалася ўзнагародзіць 72 падданых Кароны Польскай і 24 іншаземцаў.

Польскі гісторык Зыгмунт Глогер (1845-1910 г.г.) пісаў, што ордэн меў уяўляць сабой залаты ланцуг, у які былі ўстаўленыя звенні ў выглядзе белых лілій, пакрытых эмаллю. На ланцуг быў павешаны чырвоны эмаліраваны крыж з выявай Панны Марыі з аднаго боку, а з другога – з выявай Белага Арла. На ордэне таксама былі змешчаныя надпісы па-лаціне: Unita virtus (аб’яднаная сіла) і Vicisti vince (перамагла, перамагай). І хоць раней польскія манархі ўзнагароджвалі сваімі ордэнамі і медалямі, то, паводле Зыгмунта Глогера, менавіта Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі трэба лічыць сапраўдным дзяржаўным ордэнам у сучасным значэнні гэтага слова.

Чаму аднак так сталася, што ордэнам нікога не ўзнагародзілі? Прычынай таго была грамадская структура тагачаснай Рэчы Паспалітай. Па-першае, таму, што ўся шляхта, незалежна ад матэрыяльнага статусу, у тыя часы лічылася роўнай. Дарэчы, менавіта па гэтай прычыне польскі кароль не даваў тытулаў графаў і баронаў. А калі б нейкі шляхціц атрымаў бы ордэн, то аўтаматычна быў бы некім лепшым у вачах іншай шляхты, што парушала б прынцып роўнасці.

Па-другое, іншай прычынай было рэлігійнае пытанне. Ордэн Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі меў быць каталіцкім ордэнам, што магло б не спадабацца пратэстантам, напрыклад, магутным Радзівілам. Дарэчы, галоўным праціўнікам заснавання ордэну быў Кшыштаф Радзівіл, які быў кальвіністам. Дыскусія наконт увядзення ордэну працягвалася чатыры гады, і ў канцы канцоў кароль адмовіўся ад ідэі. А Сейм прыняў закон, які ўвогуле забараняў узнагароджваць падданых ордэнамі.

На ўвядзенне першай дзяржаўнай узнагароды прыйшлося чакаць ажно да 1 лістапада 1705 года. Тады Аўгуст ІІ устанавіў Ордэн Белага Арла, які, дарэчы, уручаецца і па сённяшні дзень, з’яўляючыся найвышэйшай польскай дзяржаўнай узнагародай. А вось 22 чэрвеня 1792 года ў сістэму ўзнагарод апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўвёў ваенны ордэн Virtutti Militari пасля разгрому рускіх войскаў у бітве пад Зяленцамі, пра які мы расказвалі ў гістарычнай рубрыцы два тыдні таму.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу