Беларуская Служба

Палякі сталі шчаслівейшымі – вядома, што робіць іх такімі

15.07.2023 06:03
За два гады колькасць палякаў, якія ацэньваюць свой узровень шчасця на найвышэйшы магчымы ўзровень, вырасла больш чым удвая.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

Колькасць шчаслівых палякаў павялічылася. Так, за два гады іх працэнт вырас удвая, гаворыцца ў справаздачы «Шчаслівы дом. Даследаванне дабрабыту жыхароў Польшчы 2023». Такія паказчыкі здзівілі экспертаў, піша партал Gazeta.pl.

Апытанне акцэнтуе ўвагу на агульным самаадчуванні і адчуванні шчасця ў месцы пражывання. Даклад падрыхтаваны службай Otodom у супрацоўніцтве з аналітычным цэнтрам Polityka Insight і Уроцлаўскім універсітэтам сацыяльных і гуманітарных навук.

Паводле даследавання, за два гады колькасць палякаў, якія ацэньваюць свой узровень шчасця на найвышэйшы магчымы ўзровень – 10 балаў – вырасла больш чым удвая. У 2021 годзе ён складаў 6,1%, у 2023 годзе – 12,9%. У цэлым сярэдняя адзнака адчування шчасця сярод жыхароў Польшчы цяпер ацэньваецца ў 7,07 бала па 10-бальнай шкале. У 2021 годзе было 6,59 бала.

Як мяркуюць аўтары даследавання, ёсць шмат прыкмет таго, што на пачуццё шчасця ўплываюць умовы жыцця. Сярэдняя задаволенасць месцам жыхарства дасягнула 7,63 бала. Пра задаволенасць месцам жыхарства заявілі 40% апытаных. Пры гэтым кожны чацвёрты (26%) выказаў незадаволенасць гэтым.

«Павелічэнне долі шчаслівых палякаў за апошнія два гады зьяўляецца для мяне найбольшай нечаканасцю. Як эканаміст жыллёвага рынку, я чакаў рэзкага зніжэння ўзроўню шчасця», кажа Адам Чэрняк, кіраўнік даследаванняў аналітычнага цэнтру Polityka Insight.

Паводле яго, з-за росту коштаў і ставак за апошнія два гады даступнасць жылля знізілася. Павялічылася і арэндная плата. Акрамя таго, цэны раслі хутчэй заробкаў, ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна, а пасля пандэміі ўсё больш людзей маюць праблемы з псіхікай і здароўем.

У Польшчы па-ранейшаму адзін з самых нізкіх паказчыкаў колькасці кватэр на 1 тыс. жыхароў у ЕС. Паводле дадзеных Еўрастата, у 2022 годзе амаль 47% польскіх дзяцей і моладзі жылі ў перанаселеных кватэрах. Горшы вынік толькі ў Румыніі, Латвіі, Балгарыі і Харватыі. Сярэдні паказчык па Еўрасаюзе складае каля 25%. Таму нядзіўна, што сярод самых шчаслівых людзей ёсць тыя, хто жыве ва ўласных кватэрах ці дамах (больш за 80%).

Сярод палякаў, якія менш шчаслівыя, кожны пяты – жыве ў здымнай кватэры, піша партал Gazeta.pl.

вс