Ёсць песні, танцы, вучым мову…
Спадарыня Святлана – адна з беларускіх актывістак, якая з 2021 году жыве і працуе ў польскім Уроцлаве. Падчас нашай размовы не спыняецца распавядаць пра беларускую дыяспару ў гэтым горадзе, падкрэсліваючы гэтым самым, што людзі дагэтуль памятаюць жнівень 2020 году і памятаюць аб тых, хто зараз знаходзіцца ў няволі.
- З 2020 года, пачынаючы са жніўня, акцыі ў горадзе праходзілі кожны дзень. Калі я прыехала ва Уроцлаў у сакавіку 2021 году, акцыі стала праводзіліся тры разы на месяц. І толькі праз год мы сталі памяншаць іх колькасць, бо людзі, зразумела, стамляюцца, яны павінны адаптавацца да новага жыцця. І таму цяпер мы праводзім акцыі ў падтрымку палітвязняў толькі два разы на месяц.
За гэтыя пару гадоў, паводле Святланы, беларусы ва Уроцлаве здолелі адкрыць мноства ініцыятыў, дзе разам бавяць час, адукоўваюцца, дыскутуюць, спяваюць і танцуюць. Так, да прыкладу, існуе хор беларускіх народных песень «Летапіс», які два гады запар ладзіць беларускія Каляды, Гуканне вясны, Купалле.
А ў кніжным клубе абмяркоўваюць беларускія кніжныя навінкі.
- Ёсць у нас і беларускія народныя танцы. На зімку аматары імкнуцца знайсці нейкае памяшканне, а ўлетку танцуюць проста на вуліцы. У нас ёсць гармонік, скрыпка, можа быць флейта, вядома, бубны. Дарэчы, іграюць і беларусы, і палякі, і ўкраінцы.
А што яшчэ маеце?
- Яшчэ ў нас ёсць «Мова Нанова», якая існуе ўжо недзе гады паўтары. Акрамя гэтага, існуюць заняткі беларускай мовы для дзетак малодшага школьнага ўзросту. Для падлеткаў існуе клуб «Спадчына», дзе праводзяцца таксама заняткі і па беларускай мове, вывучаюць гісторыю Беларусі, гуляюць у беларускія настолкі, а зараз летам пачалі хадзіць у вандроўкі з начоўкамі ў намётах. Стварылі размоўны клуб «Размова». Гэта ініцыятыва пайшла ад саміх людзей, яны пачалі казаць, што мы не ўмеем размаўляць па-беларуску. І вось тут яны дзве гадзіны размаўляюць па-беларуску з мадэратарамі, якія ім дапамагаюць. Сюды запісалася прыблізна чалавек шэсцьдзесят.
Апроч усяго беларусы, паводле маёй суразмоўніцы, стварылі аматарскі тэатр, паставілі ўжо чатыры п’есы і нават гастралявалі з імі ў іншых польскіх гарадах, дзе існуюць беларускія дыяспары.
Спадарыня Святлана распавядае, што ва Уроцлаве існуе афіцыйна зарэгістраванае «Беларускае таварыства салідарнасці»(«Stowarzyszenie Białoruski Związek Solidarności»), а таксама фундацыя «За нашу і вашу вольнасць»(«O Wolność Naszą і Waszą»). І, паводле яе, на некаторыя праекты ўдаецца атрымоўваць фінансавую дапамогу ў якасці грантаў.
Імкнемся супрацоўнічаць і з палякамі, і з украінцамі
Беларуская дыяспара, са слоў жанчыны, падтрымлівае цесныя кантакты з польскай і ўкраінскай грамадскасцю, часта ўдзельнічае ў сумесных мерапрыемствах.
- Калі пачалася вайна і ўсе выйшлі на вуліцу... Зразумела, украінцаў больш ва Уроцлаве, чым беларусаў, а калі паглядзець, колькі тады было БЧБ-сцягоў, то тут можна задаць пытанне. І калі ўкраінцы дастаткова доўга праводзілі акцыі супраць вайны, то беларусы заўсёды ўдзельнічалі. Але і ўкраінцы часам таксама прыходзяць на нашы акцыі.
Адчувальнай беларуская дапамога для ўкраінцаў была і тады, калі масава пачалі прыязджаць уцекачы. Спадарыня Святлана распавядае, што сама пастаянна хадзіла як валанцёр, дзяжурыла на вакзале і дапамагала ўкраінцам, якія прыязджалі. А таму, паводле яе, кантакты на чалавечым узроўні з украінцамі ў беларусаў добрыя.
Гэта дзіўнае адчуванне свабоды
Пра сябе спадарыня Святлана з усмешкай кажа, што належыць да старой апазіцыі, маўляў, яшчэ да пачатку 90-х гадоў. У 20-ым адбывала суткі, у кватэры праводзілі ператрус па крымінальнай справе, канфіскавалі камп'ютары і іншую тэхніку. Але падзеі таго жніўня яе ўразілі больш за ўсё.
- Гэта шмат свежых смелых сіл, якія, як казалі, не пабітыя, і дзякуючы ім было тое, што было. На жаль, мы тады не перамаглі, але я спадзяюся, што тое, што было – гэта, як пасадзілі зерне ў зямлю. І яно не пройдзе проста так, як, дарэчы, не прайшло тое, што зрабіла старая апазіцыя ў свой час.
Давялося з’ехаць разам з сям’ёй. Дарэчы, прыехаўшы ва Уроцлаў, на наступны дзень яна адразу пайшла на мітынг, які праводзілі беларусы. І тут зразумела, наколькі незвычайна адчувае сябе ў вольнай краіне пасля ўсяго перажытага.
- І вось гэтае адчуванне, калі ты стаіш і можаш удыхнуць на поўныя грудзі, можаш дастаць сцяг і крычаць «Жыве Беларусь!» – гэта такая тэрапія, гэта неверагодная тэрапія. І я шмат ад каго потым чула, што менавіта такая магчымасць выйсці вольна – яна проста ўсё змяняе.
Толькі праз два гады перастала плакаць…
Праўда, Святлана прызнаецца, што доўгі час яе мучыла сумленне за тое, што яна ў бяспецы, а многія і многія застаюцца за кратамі ў Беларусі.
- Я памятаю, калі я сваім знаёмым казала, што за падабайкі садзяць, то яны круцілі пальцам каля скроні, не верылі. Але іх гэтая смеласць, і не вера ў гэта дапамагла тады падняцца людзям…
Сама яна працавала ў Мінску псіхолагам, а вось у Польшчы давялося пачынаць з таго, што сядзела за швейнай машынкай і зарабляла на жыццё. Але ўжо апошнія некалькі месяцаў, як вярнулася да сваёй асноўнай прафесіі і прапаноўвае псіхалагічныя паслугі.
Паводле яе, кожны эмігрант праходзіць пэўныя этапы, пакуль дастасуецца да новага грамадства. Спадарыні Святлане давялося перажыць у эміграцыі смерць маці, на пахаванне яна не патрапіла.
- Ведаеце, калі толькі прыехаў, то ты на шпагаце – жывеш і думаеш, як уладкавацца. Але навіны ўсё роўна ўвесь час чытаеш – што там? Потым было адчуванне: ты нідзе – і ні там, і ні тут яшчэ. Напэўна, толькі праз два гады я перастала плакаць, стала лягчэй толькі праз два гады…
На падзеі яна глядзіць рэалістычна і ўпэўнена кажа, што для зменаў у Беларусі зараз няма падстаў. Дапускае, што магчыма нейкая нечаканасць, але, паводле жанчыны, да яе трэба быць гатовымі ўжо зараз. Яна цяпер не можа ўпэўнена сказаць, ці вернецца ў Беларусь, калі там наступяць змены, маўляў, у такім узросце ўжо складана нешта мяняць.
- Тое, што ўсе прыедуць туды піць шампанскае – гэта стоадсоткава. А вось наконт вяртання – чым далей, тым менш верагодна…
Павел Залескі, Уроцлаў
слухайце аўдыёфайл