Больш за 3,5 тысячы разоў у 2021 годзе паліцыя выдавала загады пакінуць месца жыхарства або трымацца далей ад памяшканняў, дзе пражываюць людзі, што сталі ахвярамі хатняга гвалту. У 2022 годзе такіх рашэнняў было амаль 5 тысяч.
Дадзеныя за першыя месяцы 2023 года пацвярджаюць тэндэнцыю да росту. Эксперты падкрэсліваюць, што гэта вынік сацыяльнай свядомасці і таго, што супрацоўнікі паліцыі часцей прымяняюць новыя рашэнні.
15 жніўня пачнуць дзейнічаюць дапоўненыя палажэнні т.зв акту супраць гвалту 2.0. Яны пашыраюць названыя вышэй паўнамоцтвы супрацоўнікаў такім чынам, што акрамя загаду аб высяленні і забароны набліжацца да кватэры, яны могуць вынесці асобе, якая зазнала гвалт, неадкладную забарону набліжацца да злачынцы.
Закон у першапачатковай рэдакцыі дзейнічае з 30 лістапада 2020 года. «Ад самага пачатку мы адсочваем яго функцыянаванне, аналізуем, што працуе добра, а што патрабуе паляпшэння, – кажа суддзя Моніка Шчэпаноўска з Дэпартамента па справах сям'і і непаўналетніх Міністэрства юстыцыі. – Галоўная змена – гэта ўжо згаданае пашырэнне каталога мер аховы. У сітуацыі, якая пагражае жыццю або здароўю, афіцэры могуць распаўсюдзіць забарону на кантакты паміж агрэсарам і асобай, якая пацярпела ад хатняга гвалту, на ўсе сродкі сувязі, уключаючы тэлефон, электронную пошту і тэкставыя паведамленні».
Асоба, у дачыненні да якой вынесена прадпісанне або забарона, мае тры дні на тое, каб абскардзіць такое рашэнне ў судзе, а суд – яшчэ тры дні на яго разгляд. Дадзеныя Мінюста сведчаць, што хаця колькасць скаргаў вырасла (з 60 у 2021 годзе да 80 у 2022 годзе), з моманту ўступлення закона ў сілу толькі ў трох выпадках суд адмяніў меры, а яшчэ ў двух – змяніў рашэнне часткова або цалкам
Ёанна Пятроўска (Joanna Piotrowska), кіраўніца Фундацыі Feminoteka, аднак адзначае, што колькасць выдадзеных загадаў і забаронаў нераўнамерна размеркавана па краіне. «Усё залежыць ад таго, ці ёсць на той ці іншай тэрыторыі падрыхтаваныя службы», – кажа яна. На яе думку, многае залежыць яшчэ і ад таго, якімі ведамі валодае сам пацярпелы. Таму, паўтарае Пятроўска, адукацыя – гэта галоўнае. Яна апісвае, што ў Feminoteka па-ранейшаму звяртаюцца людзі, якія перажылі хатні гвалт, у тым ліку сексуальны, і якім давялося сутыкнуцца з другаснай віктымізацыяй менавіта з-за падыходу прадстаўнікоў праваахоўных і судовых органаў. На яе думку, незалежна ад новых рашэнняў неабходна выбудоўваць комплексную сістэму падтрымкі ахвяр гвалту.
Мінюст парыруе, што незалежна ад змяненняў у нарматыўных актах у краіне створана сетка дапаможных устаноў (фінансуюцца з Фонду юстыцыі). А з моманту ўступлення ў сілу Закона аб супрацьдзеянні гвалту і да мая 2023 года іх дапамогай скарысталіся больш за 28,5 тысячы чалавек. Акрамя таго, людзі, якія звяртаюцца па дапамогу, могуць разлічваць на матэрыяльную падтрымку, напрыклад, на часовае пражыванне, субсідзіраванне квартплаты, набыццё прадуктаў харчавання.
Аднак інфармацыя не даходзіць да тых, каму яна можа спатрэбіцца. Шырокай інфармацыйнай кампаніі няма. «На шчасце, больш за ўсё інфармацыі можна знайсці ў сацыяльных сетках, якія асабліва папулярныя сярод моладзі. І гэта фактар, які ўплывае на павышэнне грамадскай свядомасці», – тлумачыць Пятроўска.
Паводле Dziennik Gazeta Prawna / вх