Беларуская Служба

Маладыя полькі баяцца, што ўкраінкі скрадуць у іх мужоў. Зніжаецца пазітыўнае стаўленне палякаў да ўкраінцаў

04.08.2023 13:30
Прычына? Украінкі перапаўняюць шлюбны рынак.
.
.pixabay.com/CC0

Гатоўнасць дапамагаць украінцам змяншаецца, сведчаць апошнія даследаванні Варшаўскага ўніверсітэта. Найбольшая непрыхільнасць абуджаецца ў маладых польскіх жанчын. Прычына? Украінкі перапаўняюць шлюбны рынак, піша Gazeta Wyborcza.

Групы ў сацсетках кшталту «Украінкі пазнаёмяцца з палякам», «Шукаю хлопца-паляка» або «Украінка шукае мужа-паляка», «Паляк шукае жонку-ўкраінку» растуць як грыбы пасля дажджу і хутка збіраюць тысячы людзей.

Размешчаныя ў групах аб'явы паказваюць карціну мужчыны, які шукае сваю спадарожніцу жыцця ў гэтых колах: ён не хоча эмансіпаваную жанчыну з добрай працай і ўласным меркаваннем, паводле яго бачання, ідэальная жонка не павінна думаць аб прафесійнай працы – ён тут, каб забяспечыць сямʼю, ён дае дах над галавой. Аднак польскі мужчына чакае, што жонка своечасова згатуе гарачую ежу, што яна будзе адданай і ўдзячнай, але перш за ўсё будзе прыгожай.

– Гэта стэрэатып, што ўкраінка гэта пакорлівая жонка. Баюся, што гэтыя надзеі не спраўдзяцца, – мяркуе старшыня Польскага міграцыйнага форуму Агнешка Касовіч. – Мой досвед працы з украінкамі паказвае, што гэта працавітыя, разумныя і адукаваныя жанчыны, якія ўмеюць паклапаціцца пра сябе.

Зараз у Польшчы знаходзіцца каля 1,2 мільёна бежанцаў з Украіны. Большасць з іх – жанчыны. І не ўсе пакінулі мужоў на вайне.

Сярод маладых польскіх жанчын узмацнілася пачуццё пагрозы, што пацвярджаюць апошнія даследаванні Варшаўскага ўніверсітэту.

Менавіта ў групе жанчын да 29 гадоў з сярэдняй або вышэйшай адукацыяй была заўважаная найбольшая непрыхільнасць да бежанцаў, а дакладней да ўцекачоў з Украіны. Па-першае, матывацыяй зʼяўляюцца боязі пра занадта вялікую канкурэнцыю на рынку працы. Па-другое, заклапочанасць, што ўцякачкі з Украіны забяруць у іх патэнцыйных мужоў.

Акрамя гэтага, з кожным годам у Польшчы становіцца ўсё больш шлюбаў паміж палякамі і ўкраінкамі. Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення: у 2020 годзе такіх шлюбаў было заключана 1435, а ў 2021-м – 1839.

Агулам стаўленне палякаў да бежанцаў з Украіны становіцца ўсё больш негатыўным. Большасць (67 працэнтаў) усё яшчэ бачаць уцекачоў у пазітыўным святле, але гэтая тэндэнцыя змяншаецца. З моманту апошняга апытання, праведзенага ў студзені 2023 года, пазітыўнае стаўленне знізілася ажно на 13 працэнтаў. Затое павялічылася непрыхільнае стаўленне да ўкраінцаў – з 8 да 13 працэнтаў.

яс