Беларуская Служба

Беларускі эмігрант з будоўлі: Мне шмат тут што падабаецца, але я вярнуся дамоў, калі будзе такая магчымасць

05.08.2023 09:17
Спадар Аляксей ужо ў дарослым веку перажыў эвалюцыю расчаравання ў беларусах і да захаплення сваім народам.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант з будоўлі: Мне шмат тут што падабаецца, але я вярнуся дамоў, калі будзе такая магчымасць
Нацыянальныя колеры Беларусіфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Але не мог далей жыць у не свабодзе, знаходзіцца ў эміграцыі, працуе, імкнецца данесці беларускую культуру еўрапейцам і марыць вярнуцца на радзіму.

Напачатку двухтысячных расчараваўся ў апазіцыі

Аляксей мінчанін, скончыў універсітэт Народнай гаспадаркі, працаваў у банках, у розных арганізацыях на пасадах бухгалтара і галоўнага бухгалтара, рэкламным менеджарам, урэшце, на будоўлі простым рабочым. Як сам кажа вялікім актывістам не быў, але ў палітычных кампаніях браў удзел яшчэ напачатку двухтысячных гадоў. Праўда, у гэтай дзейнасці хутка расчараваўся.

-Пасля 2005 году я ўжо адышоў ад палітыкі, бо быў расчараваны ва ўсім і ў прыватнасці ў апазіцыі. Бачыў, што вядзецца імітацыя, а сапраўдных спраў няма. Нават на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года, я як бухгалтар, і з боку назіраў за тым, куды ідуць сродкі. А таму адышоў ад гэтага і проста заняўся працай.

Дарэчы, Аляксей уладкаваўся на Беларускае тэлебачанне і працаваў там у рэкламным аддзеле. Праўда, кажа, што больш за рэкламу яго цікавіла сама вытворчасць тэлевізійнага кантэнту. Аказваецца, яшчэ са школьных гадоў яго вабіў тэатр, тэлебачанне, іграў у школьных і ўніверсітэцкіх тэатрах, займаўся ў тэатральнай студыі.

2020 год вярнуў веру ў свой народ

У 2020 з песімізмам паставіўся да чарговай выбарчай кампаніі, нічога ад яе не чакаў. Але ўжо вясной заўважыў бурленне ў грамадстве і станавілася цікава. У жніўні прыйшоў разам з усімі на ўчастак, каб даведацца пра вынікі выбараў.

-Але, як і паўсюль, усё выглядала аднолькава. Прыехаў спецназ у масках, была ачэплена школа, у якой мясціліся тры выбарчыя ўчасткі, людзей папярэдзілі, каб яны разыходзіліся. Падагналі да самага ганку машыну, сябраў выбарчых камісій вывелі пад канвоем, пасадзілі ў бус і вывезлі.

Далей Аляксей разам з іншымі накіраваўся да стэлы. А там ужо, паводле яго, ішлі актыўныя дзеянні: ляцелі гранаты, вяліся стрэлы ў мірных людзей, каля заводу лядоўняў разгортваліся ланцугі АМАПу, каб браць дэманстрантаў у кола.

-Было жахліва, бо там зразумеў, што можа быць шмат ахвяр, бо ведаў гэты рэжым і разумеў, што ад яго можна чакаць, як ён дзейнічае і якімі метадамі. Для мяне ўсё гэта ўжо тады здавалася вельмі жахлівым…

Тым не менш аптымізм ізноў з’явіўся, калі Аляксей 16 жніўня пабачыў колькі людзей выйшла на вуліцы Мінску.

-І гэта нават змяніла мой светапогляд, бо да той пары я адчуваў, што беларусы вельмі забіты народ і не разумеў чаму такі лёс у яго. А тут для мяне ўсё змянілася – у мяне з’явіўся гонар за тое, што мы такія, за свой народ…

Падчас страйку на Беларускім тэлебачанні Аляксей далучыўся да былых калегаў, хаця там ужо не працаваў, але надалей меў шмат сяброў. Згадвае, што ў першы дзень страйку там выйшла больш 100 работнікаў тэлебачання. Яны чакалі, што іх падтрымаюць рабочыя сталічных прадпрыемстваў, прыйдуць на Макаёнка, але, паводле яго, масавай падтрымкі не атрымалася.

Немагчыма было знаходзіцца ў Беларусі

Яшчэ да дваццатага году Аляксей неаднойчы імкнуўся нешта канкрэтна памяняць у жыцці, хацеў выехаць на працу за мяжу, але ўвесь час гэтаму перашкаджала сям’я. А цяпер пасля ўсіх гэтых падзей зрабіў працоўную візу і падаўся на заробкі ў Польшчу.

-Потым было складана працаваць пад прыгнётам і нават маральна стала невыносна, ды і фізічна станавілася цяжка. Таму, калі такая магчымасць з’явілася, я не задумваючыся ад’ехаў.

У Польшчы працаваў у розных сферах, але апошнім часам у адной з фірмаў займаецца інсталяцыяй сантэхнічнага абсталявання. Праца ў прынцыпе падабаецца, стаў адмыслоўцам, адзінае зараз ягоная фірма перажывае не лепшыя часы.

Вельмі хацелася хоць мову беларускую пачуць…

Прызнаецца, што першыя месяцы было вельмі цяжка прызвычайвацца, хацелася хаця б мову беларускую недзе пачуць. Аднойчы знаёмы завёў яго на сход, дзе збіраліся беларусы і там са многімі пазнаёміўся.

Пачаў удзельнічаць у грамадскім жыцці, з пачатку вайны далучыўся да валанцёраў і дапамагаў украінскім уцекачам.

-Тады было вельмі шмат людзей, яны былі напалоханыя, не ведалі куды ісці і што рабіць, і мы ва ўсім ім дапамагалі…

Хочацца паказаць палякам і ўкраінцам нашу культуру

З часам знайшоў аднадумцаў і пачаў займацца стварэннем беларускага аматарскага тэатру. Досвед ужо быў, паколькі тэатрам займаўся ў Беларусі, да таго здымаўся ў кіно, а цяпер хацелася данесці сваю культуру іншым народам.

-Мне здавалася, што і палякі, і ўкраінцы не маюць адпаведнага ўяўлення пра беларусаў, не ведаюць яны дакладна хто такія беларусы, іх культуру, традыцыі. А таму хацелася нешта такое зрабіць, каб паказаць ім гэта.

Спектаклі пакуль не з’явіліся, але рэпетыцыі над пастаноўкай канкрэтнай п’есы ўжо праводзяцца, рыхтуюцца дэкарацыі і касцюмы. Знайшліся зацікаўленыя людзі, усе аматары тэатру, а таму ёсць спадзеў, што ўсё атрымаецца.

Што значыць больш свабоды…

Што датычыць таго, як адаптавацца ў польскае грамадства, то Аляксей усміхаючыся дадае, што не можа звыкнуцца з тым, што цягнікі могуць спазняцца на паўгадзіны і больш, што банкі працуюць толькі ў той час, як і сам знаходзішся на працы, а яшчэ ніколі не чуў, каб у Беларусі столькі мацюкаліся, як гэта робяць палякі.

Аляксей чалавек у дарослым веку і імкнецца глядзець на жыццё не праз ружовыя акуляры, а разважае і над тым, што ў польскім грамадстве ёсць недахопы, ёсць бедныя людзі, але ў той самы час заўважае, што і дзяржава імкнецца на гэта рэагаваць, змяняць сітуацыю да лепшага. Людзі могуць свабодна выказвацца на самыя розныя праблемы.

Ён быў уражаны, калі працуючы валанцёрам на вакзале, даводзілася сумоўнічаць з польскімі паліцэйскімі, якія самі падыходзілі, падводзілі ўкраінцаў і звярталіся да валанцёраў, каб тыя дапамаглі ім. Паводле Аляксея, такіх адносінаў з беларускімі міліцыянтамі ён не можа сабе ўявіць. Наагул, з яго слоў, у плане свабоды сітуацыю нельга параўнаць.

-Ну тут значна больш свабоды. Калі мы летась былі ў Варшаве на Дні Волі, паліцэйскія ўсякім чынам спрыялі, каб быў парадак, каб ніхто нам не перашкаджаў, перакрывалі рух транспарту, каб калоны маглі прайсці. І гэта ў Варшаве, для беларусаў… У гэты ж дзень у Варшаве быў і Байдэн і маглі б забараніць, але нічога не адмянілі: калі ласка…

Тым не менш, падкрэсліваючы шмат якія перавагі ў польскім грамадстве Аляксей кажа, што калі б змянілася сітуацыя ў Беларусі, яму б хацелася вярнуцца на радзіму.

-Я бы хацеў, канешне, вярнуцца ў Беларусь, бо гэта мая Радзіма, я за яе вельмі перажываю. Перажываю за тое, што там адбываецца і хацелася б, каб была магчымасць жыць там і будаваць сваё жыццё. Пакуль ёсць спадзяванне толькі на нейкі цуд, што Гасподзь зжаліцца і над беларусамі…

Павел ЗАЛЕСКІ