Беларуская Служба

«Моцная бел-чырвоная» – пад такім лозунгам палякі святкуюць Дзень Войска Польскага

14.08.2023 11:01
Урачыстасці, звязаных са святкаваннем Дня Войска Польскага 15 жніўня, працягваюцца па ўсяе Польшчы з суботы.
Аўдыё
Польскія жаўнерыTwitter/@MON_GOV_PL

З суботы па ўсяе Польшчы адбываецца шэраг урачыстасцяў, звязаных са святкаваннем Дня Войска Польскага, якое выпадае 15 жніўня. У праграме – пікнікі, прабегі, вайсковыя цырымоніі… У сваю чаргу ў аўторак у Варшаве адбудзецца ваенны парад з удзелам дзвюх тысяч жаўнераў. Паводле польскіх уладаў, парад, які пройдзе пад лозунгам «Моцная бел-чырвоная», будзе самым магутным з 1989 года.

Ваенны парад у сталіцы – гэта кульмінацыя святкаванняў сёлетняга Дня Войска Польскага. Апрача дзвюх тысяч вайскоўцаў, у ім будуць задзейнічаныя каля 200 адзінак розных відаў ваеннай тэхнікі і 92 самалёты і верталёты.

Нагадваем, апошні раз парад з нагоды святкавання Дня Войска Польскага адбыўся ў 2019 годзе пад лозунгам «Верныя Польшчы» і ён прайшоў у горадзе Катавіцэ. Месца было выбрана ў сувязі са 100-годдзем пачатку Першага Сілезскага паўстання – аднаго з трох, якія прывялі да ўключэння часткі Верхняй Сілезіі ў склад Польшчы ў 1922 годзе.

У 2020-2021 гадах ваенны парад не адбываўся з-за эпідэмічнай пагрозы. У сваю чаргу 2022 годзе Міністэрства нацыянальнай абароны адмовілася ад яго арганізацыі з-за вайны ва Украіне. Армія ладзіла вайсковыя пікнікі, на якіх дэманстравала тэхніку і прасоўвала набор добраахвотнікаў у Войска Польскае.

Прэс-сакратар Цэнтральнага ваенкама падпалкоўнік Юстына Балік(Justyna Balik ) паведаміла, што на сёлетнім ваенным парадзе можна будзе пабачыць найноўшую тэхніку, набытую польскай арміяй у апошнім часе:

- Пачынаем 15 жніўня ў 14.00. Усе сімпатызатары арміі змогуць убачыць самую сучасную тэхніку, набытую цягам апошніх месяцаў. Танкі «Абрамс» – купленыя ў ЗША, паўднёвакарэйскія танкі К2 і і самаходныя гаўбіцы К9. Апрача ракетных установак HIMARS, можна будзе таксама пабачыць тэхніку, вытворчасці Польскага ваеннага комплекса.

«Мы маем намер пабіць і рэкорд наведвальнасці », – падкрэсліў маёр Міхал Томчык(Michał Tomczyk) з Аператыўнага цэнтра Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы:

- Гэта сотні адзінак тэхнікі, тысячы жаўнераў, хаўруснікі – усё, што найлепшае. Падсумоўваючы – трэба там пабываць, пабачыць і перажыць.

Як сказаў маёр Міхал Томчык, парад будзе вялікай падзеяй хаця б з-за геапалітычнай сітуацыі – вайны ва Украіне:

- Варшава – горад, які выжыў уласную смерць, таму парадаваць вуліцамі сталіцы – сімвалічная справа. Гэта таксама дэманстрацыя сілы, боегатоўнасці і патэнцыялу польскай арміі. Мадэрнізацыя польскай арміі працягваецца, расце колькасць жаўнераў.

Цэнтральныя ўрачыстасці з нагоды Дня Войска Польскага ўзначаліць кіраўнік Узброеных сілаў Польшчы прэзідэнт Анджэй Дуда. Гэта будзе свята ўсіх польскіх грамадзян, пераконвае кіраўнік Канцылярыі прэзідэнта Павел Шрот(Paweł Szrot):

- Палякі хочуць пабачыць польскіх жаўнераў, польскую армію, тэхніку, якая іх абараняе; абараняе польскія межы. Парад – гэта сімвал і польскае свята. Гэта будзе падкрэсліваць прэзідэнт Польшчы ў сваім звароце да вайскоўцаў і грамадзян.

Разам з польскімі жаўнерамі вуліцамі Варшавы пройдуць хаўруснікі, то бок вайскоўцы з ЗША, Вялікабрытаніі, Харватыі і Румыніі.

Агулам з суботы па аўторак па ўсёй краіне пройдзе каля 70 ваенных пікнікоў. Гэткае мерапрыемства адбудзецца таксама ў Беластоку. Тут таксама на публіку будзе чакаць самая сучасная тэхніка, запэўнівае начальнік беластоцкага ваенкама палкоўнік Яраслаў Кавалеўскі(Jarosław Kowalewski):

- Мы падрыхтавалі «жалезную пяцёрку», то бок танк К2, БТР «Расамаха», пускавыя ўстаноўкі Langusta, самаходныя мінамёты «Рак» і сістэму супраць паветранай абароны «Попрад», якая знаходзіцца ва ўжыванні падраздзяленняў на ўсходзе краіны.

Пікнікі таксама маюць на мэце пазнаёміць грамадства з прынцыпамі вайсковай службы, кажа палкоўнік Яраслаў Кавалеўскі:

- Мы адпавядаем чаканням грамадства, якое хоча адчуваць сябе ў бяспецы – пераканацца, што польскія жаўнеры аснашчаныя самай сучаснай тэхнікай. Мы не ўтойваем таксама, што будзем праводзіць набор добраахвотнікаў у армію.

Вайсковыя пікнікі – гэта не толькі ўнікальная магчымасць пабачыць самую сучасную тэхніку, але таксама паразмаўляць з прафесійнымі жаўнерамі і пазнаёміцца са спецыфікай іхнай службы.
На такіх мерапрыемствах можна будзе пашырыць свае веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Падчас пікнікоў будуць дзейнічаць мабільныя пункты збору крыві, адбывацца канцэрты ваенных аркестраў, кінапаказы пад адкрытым небам, прабегі. Можна будзе пакаштаваць традыцыйны гарохавы суп з хлебам, выпечаным на месцы ў палявой пякарні.

У рамках святкавання сёлетняга Дня Войска Польскага ў нядзелю ў Варшаве адбылася цырымонія адкрыцця новай сядзібы Музея Войска Польскага ў варшаўскай Цытадэлі, якую суправаджаў гістарычны пікнік.

Нагадваем, 15 жніўня адзначаецца гадавіна перамогі Польшчы ў вайне з Савецкай Расіяй у 1920 годзе. Гэты дзень быў абвешчаны Днём Войска Польскага ў 1923 годзе і заставаўся ім да 1947 года. З 1992 года Дзень Войска Польскага зноў адзначаецца ў сярэдзіне жніўня.

IAR/аз