1 верасня 1939 года ў 4:45 навучальны браняносец ВМФ Трэцяга Рэйха «Шлезвіг-Гальштэйн» пачаў абстрэл польскага Вестэрплятэ, што знаменавала пачатак Другой сусветнай вайны.
Менавіта гэты паўвостраў стаў першым месцам гераічнага супраціўлення палякаў гітлераўцам. Польскі фарпост абараняўся на працягу сямі дзён.
Сёння, 1 верасня, раніцай на Вестэрплятэ пры ўдзеле першых асоб Польшчы прайшлі памятныя мерапрыемствы. Выступаючы на іх, прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што нішто не верне да жыцця абаронцаў Польшчы, але памяць аб іх подзвігу павінна жыць:
-Памяць пра нашых герояў вызначае нашу важнейшую каштоўнасць – незалежную і суверэнную Айчыну, лёс якой мы вызначаем самастойна.
У горадзе Велюнь, які знаходзіцца ў Лодзінскім ваяводстве Польшчы, таксама прайшлі памятныя мерапрыемствы з нагоды 84-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны. Менавіта жыхары Велюня палі першымі ахвярамі нямецкай агрэсіі, калі ў 4:40 раніцы нямецкае «Люфтвафэ» ажыццявіла масіраваную бамбардзіроўку гораду, у выніку якой загінулі каля 1200 мірных жыхароў. Падраюязней пра гэта мы распавядалі ў пердачы «Машына часу». Мэтай нацысткай Нямеччыны было знішчэнне Польшчы і вынішчэнне палякаў, – заявіў прэм'ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі на жалобнай урачыстасці ў Велюні:
-Самалёты «Люфтвафэ» скінулі бомбы на мірны горад, які спаў. Велюнь не ніякага ваеннага значэння. Адзіная мэта атакі на грамадзянскіх – запужвання рэшты і поўнае вынішчэнне.
Вяртаючыся на легендарнае Вестэрплятэ, прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што польскія жаўнеры, якія абаранялі паўвыспу, праявілі гераізм і стойкасць. Палітык падзякаваў усім прысутным на жалобным мерапрыемстве, асабліва моладзі і скаўтам:
-Свабода не даецца раз і назаўжды, і сама сябе яна не ўратуе. Наадварот, гісторыя вучыць, што, хутчэй за ўсё, яе захочуць забраць. Таму мы павінны дэманстраваць сваю гатовасць абараняць яе. Сёння гэта наш найважнейшы патрыятычны абавязак у адносінах да Радзімы і будучых пакаленняў. Наш абавязак – перад тымі, хто змагаўся за гэта ў мінулым, хто за гэта аддаў сваё жыццё.
У сваім выступе польскі лідар спаслаўся і на сучаснасць, падкрэсліўшы, што сёння расійскія гісторыкі і расійскі ўрад спрабуюць сфальшаваць гісторыю, закрэсліваючы факт германа-савецкага хаўрусу. Напад Трэцяга Рэйха на Польшчу стаў магчымым дзякуючы саюзу Адольфа Гітлера і Іосіфа Сталіна, выяўленага пактам Молатава-Рыбентропа. Савецкі Саюз напаў на Польшчу крыху пазней 17 верасня 1939 года:
-На шчасце, нішто не заменіць дакументаў і фотаздымкаў, на якіх гітлераўцы і савецкія салдаты абдымаюцца і ўсміхаюцца адзін аднаму. Чырвоная зорка разам са свастыкай хацелі кіраваць Еўропай, яе народамі. Потым яны сутыкнуліся, кінуліся адзін на аднаго, але перад гэтым гэтая зямля, зямля Цэнтральнай Еўропы, зямля палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, сцякала крывёй.
Прэзідэнт Анджэй Дуда дадаў, што цяпер Польшча таксама павінна быць гатовая да магчымай спробы ворагаў змяніць яе межы сілай, удакладніўшы, што Польшча вынесла ўрокі з мінулага і павялічвае сваю абароназдольнасць, мадэрнізуючы войска.
Адметна, што на Вестэрплятэ падчас жалобнага мітынгу таксама прамаўляў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак:
-Сёння мы ўсе з’яляемся сведкамі адраджэння расійскага імперыялізму. Ён заўжды быў пагрозай для нас і пра папярэджваў прэзідэнт Лех Качыньскі. Зараз мы выконваем яго тастамент – мадэрнізуем і ўзмацняем Узброеныя Сілы Польшчы.
Падчас цырымоніі былі зачытаны Памятны зварот і «Пасланне з Вестэрплятэ», а таксама ўшанавана памяць абаронцаў паўвострава 12 гарматнымі залпамі.
У гады Другой сусветнай вайны Польшча страціла каля 6 млн. грамадзян, з іх 3,2 млн. былі габрэямі. Агулам, паводле падлікаў гісторыкаў, цягам доўгіх шасці гадоў Другая сусветная вайна забрала больш за 60 мільёнаў чалавек, што тады склала каля 3 % усяго насельніцтва планеты.
pr/iar/эж