Беларуская Служба

У Польшчы пачаўся новы навучальны год

04.09.2023 15:08
У школу пайшлі вучні базавых і сярэдніх школ – студэнты пачнуць вучобу 1 кастрычніка.
Аўдыё
  • У школу пайшлі вучні базавых і сярэдніх школ – студэнты пачнуць вучобу 1 кастрычніка
У Польшчы пачаўся новы навучальны годPAP/Wojtek Jargiło

У шматлікіх краінах 1 верасня пачаўся новы школьны год. Сёлета польскія вучні мелі крыху даўжэйшыя канікулы: у сувязі з тым, што 1 верасня была пятніца, у польскіх школах першы званок прагучаў у панядзелак, 4 верасня.

Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Польшчы паведаміла, што школьны год 2023/24 будзе працягвацца 186 дзён. Вучні таксама будуць мець 180 дзён канікулаў і свабодных ад вучобы дзён. Навучанне пачалося 4 верасня, а скончыцца 21 чэрвеня 2024 года. У адрозненні ад Беларусі, вучні ў польскіх школах вучацца яшчэ амаль цэлы чэрвень.

Новы навучальны год пачало 1 млн 460 тыс. дзяцей у дзіцячых садках, 4 млн 660 тыс. вучняў у базавых і сярэдніх школах, а таксама 326 тыс. дарослых, якія хочуць закончыць вячэрнюю школу і атрымаць атэстат сталасці.

Сёння вучняў на ўрачыстай лінейцы наведалі таксама польскія палітыкі. Так, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі пабываў у базавай школе ў вёсцы Ракіціны ў Лодзінскім ваяводстве. З нагоды пачатку навучальнага года кіраўнік Кабінету міністраў Польшчы пажадаў вучням і настаўнікам усяго найлепшага, звярнуўшыся да педагогаў з заклікам.

- Дзецям, моладзі і настаўнікам жадаю, каб вы ўмелі запаліць полымя любові да радзімы. Каб вы пашыралі сярод вучняў патрыятызм і любоў да вучобы, бо хоць мы любім адпачываць, то аднак вучоба і праца ўзносяць чалавека на вышэйшы ўзровень развіцця.

Міністр адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыслаў Чарнэк прыняў удзел у інаўгурацыі навучальнага года ў горадзе Вэнграў, які размешчаны ў цэнтральным Мазавецкім ваяводстве. Ён сказаў, што сёлетні пачатак года – найбольш спакойны. Міністр зазначыў, што ў 2020 годзе навучальны года пачынаўся ў час эпідэміі каранавіруса, а ў мінулым – у няпэўны час, звязаны з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Чарнэк таксама сказаў, што ўрад плануе павялічыць датацыі для муніцыпальных улад, накіраваныя на развіццё адукацыі.

- Мы плануем выдаткаваць на адукацыю вялікія сумы, нашмат большыя, чым папярэдні ўрад: 13 млрд 700 млн злотых мы прызначылі для муніцыпальных улад на развіццё адукацыйнай інфраструктуры. І мы будзе выдаткоўваць на адукацыю яшчэ больш, бо хочам мадэрнізаваць польскую школу.

Варта нагадаць, што ў Польшчы, у адрозненні ад Беларусі, за пытанне базавай і сярэдняй адукацыі адказваюць муніцыпальныя органы: улады гмінаў, вёсак і гарадоў. Задачай дзяржаўных улад з’яўляецца выдзяленне фінансавых сродкаў, а таксама кантроль за навучальным працэсам, чым займаюцца павятовыя і ваяводскія аддзелы адукацыі. Дырэктары школ прызначаюцца на пасаду на аснове конкурсу, які аб'яўляюць мясцовыя ўлады. Дзякуючы такой сістэме польскія школы захоўваюць адносную аўтаномію ад улад.

Новы школьны год пачаўся таксама ў двух сярэднеадукацыйных ліцэях, дзе выкладаецца беларуская мова як абавязковы прадмет. Яны знаходзяцца ў гарадках Гайнаўка і Бельск-Падляшкі на Беласточчыне – гэта кампактнае месца пражывання беларускай нацыянальнай меншасці. Прычым варта заўважыць, што дзеці грамадзян Беларусі з апошняй хвалі эміграцыі не з’яўляюцца нацыянальнай меншасцю, таму іх не датычыць польскі закон аб нацменшасцях. Прадстаўніком нацыянальнай меншасці можа быць чалавек, які мае польскае грамадзянства.

Але выходныя і нядзельныя беларускія школы ў Польшчы існуюць. Так, у польскай сталіцы іх працуе некалькі, ёсць таксама ў Беластоку і іншых польскіх гарадах. У школе ў Беластоку дзяцей вучаць беларускай мове і літаратуры, а таксама выкладаюць прадмет, вядомы пад назвай «Мая радзіма – Беларусь» ці «Чалавек і свет». З яго вучні атрымліваюць веды па беларускай гісторыі, культуры і геаграфіі.

У сваю чаргу ў адной са школ у Варшаве вучобу пачало за 100 першакласнікаў, бацькі падалі 400 заяў, прычым з 23 краін, бо вучоба будзе таксама адбывацца дыстанцыйна. Школа таксама адкрыла некалькіх новых філіялаў у польскіх гарадах і за мяжой.

Варта нагадаць, што ў адрозненні ад Беларусі, у Польшчы навучальны год у ВНУ, тэхнікумах і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі пачынаецца 1 кастрычніка.

вс