Беларуская Служба

Палітыкі кіроўнай партыі прапануюць увесці так званы «Школьны бон – пазнай Польшчу»

08.09.2023 15:20
У рамках бону кожны вучань у Польшчы зможа паехаць на экскурсію – аднадзённую або двухдзённую.
 .
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Lukasz Glowala / Forum

Gazeta Polska Codziennie паведамляе пра новую прапанову кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», якую яна намерана рэалізаваць, калі пераможа на выбарах (яны пройдуць 15.10). Палітыкі прапануюць увесці так званы «Школьны бон – пазнай Польшчу». Школьнікі змогуць ім плаціць за паездкі па Айчыне.

Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк казаў учора, што веды пра польскую культуру і гісторыю павінны быць базісам патрыятычнага выхавання. Таму з вясны наступнага года ў рамках Школьнага бону кожны вучань у Польшчы зможа паехаць на экскурсію – аднадзённую або двухдзённую. Адпаведна, амаль 5 млн польскіх школьнікаў наведае самыя важныя мясціны. «Мы хочам, каб кожны малады чалавек ганарыўся нашай прыгожай мовай і нацыянальнымі сімваламі», – дадаў Чарнэк. Улады намераны прызначыць на праграму каля 1 млрд злотых. Гэта значыць, на аднаго вучня прыходзілася б прыкладна 200 злотых.

Палітыкі апазіцыі крытыкуюць прапанову. Яны адзначаюць, што ўлады правялі няўдачныя адукацыйныя рэформы, настаўнікі атрымліваюць капейкі, а вучні перагружаны празмернай школьнай праграмай, не спраўляюцца з ёй. У выніку рэформы многія школы перапоўненыя. А «Права і справядлівасць» пастаянна нешта абяцае.

нг