Беларуская Служба

Лета скончылася, таму неўзабаве Польшча, як і ўвесь Еўрасаюз, пяройдзе з летняга на зімовы час

09.09.2023 07:03
Змена часу выклікае дыскамфорт, падобны да таго, які адчуваюць людзі, што мяняюць часавыя паясы.
ГадзіннікBru-nO/pixabay.com/CC0 Public Domain

Лета скончылася, таму неўзабаве Польшча, як і ўвесь Еўрасаюз, пяройдзе з летняга на зімовы час. Адпаведна, стрэлкі гадзіннікаў трэба перавесці на 60 хвілін назад, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Упершыню перавод часу быў уведзены ў Польшчы ў 1943 годзе. Аднак пасля гэтага яго двойчы адмянялі. Афіцыйна палякі пачалі пераводзіць гадзіннікі ў 1977 годзе. У 2019 годзе Еўрапарламент планаваў адмяніць перавод часу, але з-за пандэміі COVID-19 гэтае рашэнне было адкладзенае. А ўжо ў 2021 годзе Еўрапейская камісія выдала рэкамендацыі краінам-членам ЕС працягваць змяняць час як мінімум да 2026 года.

У 2023 годзе Польшча перавядзе гадзіннікі ў ноч з суботы 28 кастрычніка на нядзелю 29 кастрычніка. Пераход традыцыйна адбудзецца з 2 на 3 гадзіны ночы.

Электронныя гадзіннікі пераводзяцца аўтаматычна. З тэлефонамі тая ж гісторыя. Аднак механічныя гадзіннікі трэба наладжваць уручную. Рабіць гэта лепш перад сном, каб раніцай не спазніцца на працу або на заняткі. Іншы варыянт – паставіць сабе напамін.

Можа здацца, што перавесці стрэлкі гадзінніка назад – выдатная магчымасць выспацца. У рэшце рэшт, у нас ёсць адна лішняя гадзіна на сон. Аднак так гэта не працуе. Змена часу выклікае дыскамфорт, падобны да таго, які адчуваюць людзі, што мяняюць часавыя паясы. Перш чым арганізм пераключыцца на зусім іншы рытм, людзі могуць адчуваць адсутнасць апетыту, празмерную дрымотнасць, праблемы са страўнікам, недамаганне.

Арганізму патрабуецца каля тыдня, каб перайсці на іншы час. Асабліва цяжка наступствы змены часу пераносяць пажылыя людзі, метэазалежныя і тыя, хто вядзе менш актыўны лад жыцця.

Каб палегчыць пераход на зімовы час, трэба:

• паўнавартасна адпачываць;
• класціся спаць на гадзіну раней;
• пазбягаць у рацыёне кафеіну і цукру;
• часцей шпацыраваць на свежым паветры;
• рэгулярна піць ваду;
• займацца спортам;
• прытрымлівацца здаровага харчавання.

Да змены часу трэба рыхтавацца загадзя. Лепш за ўсё некалькі дзён. Толькі так можна адчуць, што ўнутраны біялагічны гадзіннік настроіўся на пераход на зімовы час.

вс