У пратэсны рух далучыўся пасля арышту Бабарыкі
Падчас падзей 2020 году Пётр быў асуджаны тройчы. Два разы адбываў пакаранне на сутках, а адзін раз яго аштрафавалі. Ён – інжынер-тэхнолаг. Распавядае, што па спецыяльнасці пасля ўніверсітэту адпрацаваў чатыры гады, а потым змяніў працу на інжынера-канструктара.
У пратэсны рух, як згадвае суразмоўца, далучыўся не адразу, а толькі пасля таго, як быў арыштаваны Віктар Бабарыка. Паводле яго, наагул не цікавіўся ніколі палітыкай, не быў актывістам, не належаў ні да якіх грамадскіх і іншых ініцыятыў.
- Але ўсё здарылася неяк раптоўна нібы выбух. Памятаю, прачытаў адзін артыкул і на працу ехаў, а ў мяне слёзы ліліся. Быццам перада мной упала нейкая занавеска.
Пасля гэтага Пётр разам са сваім сябрам, які жыў у іншым горадзе, стаў актыўным удзельнікам выбарчай кампаніі. Разносілі ўлёткі, запісаліся ў назіральнікі, удзельнічалі ва ўсіх мітынгах і мерапрыемствах.
- Мяне на адным з мітынгаў на Бангалоры вельмі ўразіла прамова Марыны Адамовіч. Дрыжыкі па целу ішлі – гэта была наскрозь такая прамова.
Ты бяжыш праз гэты калідор, а цябе з усіх бакоў лупяць…
Пётр стаў назіральнікам у школе свайго раёну. Згадвае, што на ўчастак іх практычна не пускалі. А ў апошні дзень галасавання, пасля падліку галасоў, калі на загад АМАПаўца разыходзіцца Пётр адрэагаваў, што нічога тут не парушае, яго завезлі ў РАУС. І ён упершыню ў сваім жыцці адчуў на сабе лукашэнкаўскую судовую сістэму.
- Мне падалося, што суддзя мяне пачула. Я на судах наагул ніколі не бываў, але гэта быў не суд, а нешта… Яна мне зачытала, потым спытала, а ёй сказаў, што такога не было, што я быў у іншым месцы, ёсць сведкі. Яна выйшла на хвілінку, потым вяртаецца і кажа, што мне прысудзіла 15 содняў…
Сядзець давялося ў кампаніі 40 палітычных у шасцімеснай камеры. Гэта было ў жніўні, калі стаяла спёка і дыхаць не было чым. Праз некалькі дзён павезлі ў Жодзіна.
- Вось там было жорстка. Яны выставілі 6 аўтазакаў па два ў шэраг – яны доўгія. Вывелі з іх каля трохсот чалавек, выкрыквалі прозвішча, а чалавек павінен быў адказаць імя і імя па бацьку і пачыналі гнаць цябе пад крыкі «жывотное, скорее, голову ниже». Ты бяжыш праз гэты калідор, а цябе з усіх бакоў лупяць дручкамі, нагамі, рукамі…
Пётр распавядае пра гэта цяпер без эмоцый, але адчуваецца, як глыбока гэта яшчэ сядзіць у ім. Той тэрмін ён не дасядзеў да канца, паколькі народныя пратэсты прымусілі тады на нейкі момант улады адступіць і арыштаваных пачалі выпускаць.
- Недзе з тыдзень я адыходзіў ад гэтага, мне сніліся кашмары. Мяне адвезлі да бацькоў жонкі на вёску. Але потым я вярнуўся і адразу пайшоў на маршы.
Пасля другога затрымання далі штраф
Мужчына кажа, што папросту адчуваў неабходнасць прысутнічаць на маршах, лічыў, што абавязаны там быць. І тады здавалася, што засталося ўсяго трошкі, каб перамагчы. Але адбылося другое затрыманне.
- Мяне сфатаграфаваў «ціхушнік». Выклікалі ў РАУС і далі штраф. І я тады вельмі радаваўся гэтым 30 базавым, бо сядзець не хацелася…
Пасля забойства Рамана Бандарэнкі пратэсты пачалі сціхаць і, як згадвае Пётр, жылі ў нейкім няведанні. А потым раптоўна да дому каля сямі раніцы прыехаў губазік. Яны рабілі рэйды, а Пётра ўжо быў на працы.
Надзелі кайданкі проста на працы
- Мы на працы сядзелі і абмяркоўвалі працоўныя пытанні. Быў мой кіраўнік бюро, кіраўнік канструктарскага аддзелу, а тут уваходзяць людзі ў балаклавах, адзяваюць мне кайданкі. Кіраўнік бюро спрабаваў запытаць, але яго адразу асадзілі…
У выніку ў Пятра праверылі тэлефон, правялі апытанне, склалі пратакол за непавінаванне супрацоўнікам міліцыі і суддзя дала яму 7 содняў… Ізноў камера, у якой не было чым дыхаць, бо палітычных набівалі туды, як селядцоў. Ізноў здзекі і катаванні…
- 90% былі людзі з вышэйшай адукацыяй, цікаўныя, інтэлектуальныя, з рознымі хобі. Разумелі, што трэба трымацца, а таму чыталі лекцыі, праводзілі дыскусіі. Было вельмі цікава.
Цікаўлюся ў Пятра – як ён ставіўся тады да тых людзей, якія былі ў шэрагах сілавікоў, затрымлівалі, здзекаваліся, катавалі?
- Рабы, проста рабы. Трымаюцца за працу, за якую ім плацяць грошы. І гэта іх сацыяльны ліфт, за гэта яны могуць атрымаць кватэру… Магчыма, нехта з іх і жадаў бы перайсці на іншы бок, але яны бачылі, што ў людзей нічога не атрымліваецца.
Польскай мовы раней нават не чуў
Пасля гэтага вырашылі з жонкай з’ехаць, бо наступнае, што пагражала – крымінальная справа.
- Я разумеў, што нічога дрэннага не зрабіў, але сядзець больш тут не мог. Мы вырашылі ехаць жыць далей, але так атрымалася, што мы прыехалі за тыдзень да вайны, а таму проста сядзець тут не выходзіла.
Ужо ў Польшчы, яшчэ толкам не ўладкаваўшы сваё жыццё, пачаў удзельнічаць у антываенных акцыях, дапамагаць уцекачам з Украіны. Цікава, што пра Польшчу раней наагул нічога не ведаў, нават мовы іх ніколі не чуў. Аднак знаёмыя беларусы дапамаглі знайсці кватэру, падказалі, як легалізавацца. Знайшоў працу ў фірме, якую адкрыў беларус, і надалей праектуе фасады будынкаў.
Не бядуем, але грошай часам не стае
Дачка ходзіць у садок, хутка адаптавалася і вывучыла мову. А вось у жонкі ёсць праблемы з працай – у яе расійскі пашпарт.
- Мы ўжо тут паўтары гады, але яна дагэтуль не мае дазволу на працу. Часовы побыт яна атрымала праз год, але ён не дае дазволу на працу. А цяпер дазвол на працу расіянам робяць ад трох да шасці месяцаў.
А таму Пятру даводзіцца аднаму ўтрымліваць сям’ю. І як прызнаецца, часам здараецца так, што грошай з яго заробку не стае.
- Зарабляю я так, што нам хапае ўпрытык. Я нават апошнія два месяцы хаджу іграць на гітары ў пераходы. Бывае, што за тыдзень да заробку ні залатоўкі ў хаце. Ну і што рабіць?
Не шкадую
Тым не менш мужчына кажа, што не шкадуе аб тым, што з’ехаў з Беларусі, што браў удзел ва ўсіх акцыях пратэсту.
- Ну вось калі ты сам бачыў, што адбываецца, то як на гэта можна зачыніць вочы, жыць далей і карміць гэтых пачвараў… Не, я б так не змог і напэўна даўно бы сядзеў. Сутнасць у тым, што для мяне гэта немагчыма. Перагарнуць проста гэтую старонку немагчыма для мяне..
Пра Беларусь Пётр думае, але адчуванні з кожным днём іншыя.
- Ведаеце, з кожным днём яна ўсё далей і далей становіцца гэтая Беларусь. Ужо калі глядзіш фотаздымкі ці навіны з Мінску – яно ўжо так не чапляе. Яшчэ паўгода таму я ўпэўнена казаў, што вярнуся. А зараз думаю – куды мне вяртацца? Калі ўсё праз 5-10 год устаканіцца і скажуць «прыязджай», тут бяспечна – гэта будзе проста немагчыма…
Цікава, што толькі год таму Пётр пачаў размаўляць на роднай мове, дагэтуль ніколі такога не практыкаваў. Але па ім гэта не адчуваецца – мова абсалютна натуральная.
- Мы неяк зладзілі прагляд фільма «Купала». І ў перапынку хлопец пытаецца – а чаму ты на мове не размаўляеш? Я падумаў – сапраўды, чаму? І так вось пачалося. Я не ведаю, але мне гэта вельмі лёгка далося. Я нават праз месяц напісаў песню на беларускай мове…
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл