Давялося шукаць сябе, каб вызначыцца…
Георгій – зусім яшчэ малады хлопец. Яму, як і многім іншым, давялося ўцякаць у Польшчу пасля падзей 20-га году. Тады яму споўнілася ўсяго 17. Тут ён адразу паступіў ва ўніверсітэт і распачаў навучанне на факультэце Гісторыі мастацтва.
Праўда, як сам зазначае, вучоба ад пачатку не задалася, давалася складана, нягледзячы на тое, што любіць мастацтва, ды і не з усімі аднагрупнікамі здолеў наладзіць нармальны кантакт.
Да таго, стыпендыі не атрымліваў, бо не мае «карты паляка», разам з сябрамі здымаў кватэру, дапамагаў бацька. А таму, як сам прызнаецца, праз паўгода прыняў крутое рашэнне.
- Гэта было цяжка для мяне і таму я вырашыў, што не хачу там вучыцца, паколькі было непрыемна. Толькі больш стрэсу. Ужо тое, што я пераехаў, было для мяне стрэсам, а яшчэ стрэс заставаўся ад таго, што там адбываецца.
А потым пачалася вайна і Георгій, не задумваючыся, пайшоў у валанцёры, каб дапамагаць украінскім уцекачам. У той самы час падрыхтаваўся і на наступны навучальны год паступіў у калегіўм Да Вінчы, дзе і працягвае навучацца.
Цяпер кажа, што патрэбна было трохі часу, каб зразумець, што яму насамрэч падабаецца і зрабіць выбар.
- Цікавы ўніверсітэт, я навучаюся на прадзюсара. Там вельмі цікавы падыход на навучання, ты атрымліваеш адукацыю самымі незвычайнымі спосабамі. І я заўважыў, што гэта дапамагае ў жыцці і будзе дапамагаць у працы.
Адзенне пад падзеі
І вось павучыўшыся год крэатыўнымі спосабамі, Георгій разам яшчэ з двума сябрамі распрацаваў брэнд беларускага адзення. Брэнд называецца «Праліў» (praliu.com). Дарэчы, над назвай, паводле хлопца, думалі доўга і менавіта яму падабаецца гэтае слова. Праўда, яны самі не шыюць гэтага адзення, а толькі наносяць на яго тыя ці іншыя знакі.
А, дарэчы, першаму, каму прыйшло гэта ў галаву, быў Дзяніс, які па нацыянальнасці казах, але ўжо нядрэнна размаўляе па-беларуску. Але цяпер усе кампазіцыі рыхтуе непасрэдна Георгій.
- На дадзены момант гэта такі стрытстайл вулічнага адзення на якім адлюстроўваюцца тыя ці іншыя падзеі звязаныя з Беларуссю, тое, што найбольш нас цікавіць, пра што мы хочам разважаць з іншымі.
Калі быць больш дакладным, то хлопцы афармляюць адзенне пад нейкія канкрэтныя падзеі. Прычым, тое, што яны наносяць на яго вышываецца прыгожымі ніткамі.
Адзін з першых праектаў, які яны рэалізавалі, былі чорныя байкі, на якія наносілі чорны хафт (нашыўкі) з беларускім арнаментам. Гэта было прысвечана пакаранню Кастуся Каліноўскага. Чорнае, як жалоба.
Вельмі добра, як згадвае Георгій, разышліся цішоткі з надпісам «ЖЫВЕ» і беларускім арнаментам на рукавах.
Кірыліца, лацініца, арабіца…
Праект дзейнічае ўсяго чатыры месяцы. За гэты час хлопцы выпусцілі і прадалі байкі і два варыянты цішотак, у бліжэйшыя дні ў іх у продажы з’явяцца цішоткі з беларускай арабіцай, што прызнацца вельмі рэдкая з’ява. Георгій нагадвае, што беларускія татары ў свой час надрукавалі каран па-беларуску арабіцай.
- У нас была ўжо кірыліца, лацінка, цяпер будзе арабіца. Хочам на гэтую тэму паразмаўляць, бо вельмі мала беларусаў ведаюць, што была беларуская арабіца. І арабы могуць яе прачытаць, але яны яе не разумеюць.
У планах хлопцаў супраца з таленавітымі беларусамі, каб праз свой брэнд распавядаць пра іх і папулярызаваць. Намечаныя праекты ўжо, паводле суразмоўцы, існуюць.
Усё законна, бізнес развіваецца
Што датычыць прававога і эканамічнага боку дзеяння брэнда «Праліў, Георгій кажа, што ў іх усё афіцыйна: падаткі плацяць, як належыць, а сваю прадукцыю рэалізоўваюць праз інтэрнэт.
- Павінен сказаць, што наша прадукцыя запатрабаваная. Калі мы зрабілі цішоткі «Жыве», то яны за месяц разышліся. За 4 месяцы ў нас больш за паўтары тысячы падпісчыкаў у інстаграме. Гэта таксама нядрэнна.
За гэты час, паводле хлопца, адзін сябра іх кампаніі атрымлівае заробак, які дазваляе яму пражыць у Польшчы. Хлопцы лічаць, што для пачатку гэта таксама нядрэнна.
Дапамагаць палітвязням – наш абавязак
Але самае галоўнае на што звяртае ўвагу Георгій – іх бізнес ад пачатку быў задуманы, як дабрачынны. З кожнага рэалізаванага праекту, яны адлічваюць 5% на дапамогу палітвязням. Хлопец кажа, што людзі цяпер сядзяць у турмах за тое, каб мы ўсе астатнія маглі жыць на свабодзе.
- І для нас гэта такі важны пункт, бо калі мы маем такую магчымасць дапамагаць, то павінны гэта рабіць. Мы зараз у такой сітуацыі, што ніхто не ведае, што будзе заўтра з намі, з нашымі бацькамі і сябрамі, наагул з людзьмі, якія засталіся жыць у Беларусі.
Цішоткі пакуль не дасылалі толькі на Аўстралійскі кантынент
Паводле Георгія, за чатыры месяцы здолелі ўдасканаліць тэхналогію вытворчасці сваёй прадукцыі. Знайшлі выгодныя пастаўкі адзежы, пазнаёміліся з людзьмі, якія робяць хафты. Вельмі сур’ёзна ставяцца да ўпакоўкі, у якой адсылаюць кліентам адзенне.
- Калі людзі атрымліваюць нашы цішоткі, яны напачатку бачаць вельмі прыгожую скрынку і шмат водгукаў, што ў нас вельмі добрая якасць прадукцыі. Гэта галоўная наша пазіцыя ў гэтым плане.
Дарэчы, цікаўлюся ў Георгія, хто іх пакупнікі?
- У нас шмат пакупнікоў з Літвы, Грузіі, Нямеччыны… Толькі, калі я не памыляюся, мы, здаецца, нічога яшчэ не адпраўлялі на Аўстралійскі кантынент.
Што датычыць канкурэнцыі ў іх бізнесе, то Георгій размаўляе пра гэта без якога-кольвек хвалявання.
- Ёсць беларусы на рынку, якія робяць адзенне, але мы разумеем, што робім нешта іншае. Таму насамрэч на беларускай прасторы адзення няшмат увогуле канкурэнцыі, якая магла б уплываць.
Ёсць мары, але наперадзе шмат працы
Паколькі хлопцы ўжо ўцягнуліся ў гэтую справу, то ёсць мара, каб мець сваё атэлье, а яшчэ лепей невялічкую фабрыку па пашыву адзення. Але гэта, як кажа, мой суразмоўца, магчыма толькі ў будучыні, паколькі ідэй і планаў у маладых галовах шмат.
Развітваючыся, я яшчэ раз пацікавіўся дабрачыннасцю з боку хлопцаў. І Георгій запэўніў мяне, што яго сябры ў гэтым адназначна яго падтрымліваюць. Узгадаў, як рабілі імпрэзу ў адной Гданьскай кавярні і прадавалі там цішоткі.
- І шмат людзей, якія куплялі ў нас тады цішоткі, давалі звыш 20-50 злотых і казалі, што гэта на «Вясну». І мы таксама ўсе гэтыя грошы пералічвалі на «Вясну». І гэта так прыемна, калі ты бачыш, што людзі таксама клапоцяцца, дапамагаюць. Гэта вельмі прыемна і напэўна самае прыемнае, што я ў сваім жыцці адчуваў…
Павел ЗАЛЕСКІ
Адзенне брэнду «Праліў».
Адзенне брэнду «Праліў».
Адзенне брэнду «Праліў».