Вядзецца праца па падрыхтоўцы справаздачы аб ваенных стратах, нанесеных Польшчы з боку Расіі, пра гэта ў інтэрв’ю выданню Gazeta Polska Codziennie паведаміў дырэктар Інстытута ваенных страт Конрад Внэнк (Konrad Wnęk). Паводле яго, публікацыя поўнай справаздачы па гэтай справе адбудзецца праз 2-3 гады.
Конрад Внэнк падкрэсліў, што «падлік і раздзяленне страт паміж тымі, якія нанеслі палякам саветы і тымі, якія нанеслі немцы, будзе значна больш складанай задачай».
«Да гэтай пары навукоўцы працягваюць дыскусіі, напрыклад, аб памерах дэпартацыі ў Савецкі Саюз. Цяпер мяркуецца, што іх колькасць складае ад 320 000 да 350 000 чалавек», – сказаў эксперт. Ён звярнуў увагу, што некаторыя адкрыта пратэстуюць, што «гэта мала».
Кіраўнік Інстытута ваенных страт указаў на такія праблемы, як «інтэрпрэтацыя і адсутнасць актуальнага доступу да расійскіх крыніц».
«На дадзены момант мы не можам нікога накіраваць у Маскву ці Санкт-Пецярбург для прагляду гэтых архіваў. У цяперашняй палітычнай сітуацыі – гэта немагчыма, мы павінны абапірацца на матэрыялы, якія сабраны, напрыклад, расійскай арганізацыяй «Мемарыял» або Цэнтрам «Хартыя»», – сказаў Внэнк.
Аднак доступ да гэтых матэрыялаў – гэта першая частка праблемы, а другая – гэта раздзяленне, «таму, што мы мець справу з чарговымі акупацыямі і шмат палякаў былі рэпрэсаваныя абедзвюма сістэмамі».
Калі можна спадзявацца публікацыі адпаведнай справаздачы? Дырэктар інстытута паясняе: «Мы пастаянна працуем, збіраем інфармацыю, зыходныя матэрыялы, фатаграфуем іх і заказваем даследаванні».
Ён дадаў, што некаторыя рэчы трэба рабіць асцярожна. «Не ўсе краіны прымаюць нас з распасцёртымі абдымкамі», – адзначыў эксперт, нагадваючы, што «у Літве ці Украіне сітуацыя іншая, чым у Беларусі ці Расіі».
«Варта было б вызначыць нейкую перспектыву, як гэта было ў выпадку нямецкага дакладу, хоць тут нам перашкодзіла пандэмія. Думаю, што наперадзе ў нас, як мінімум, 2-3 гады працы», – рэзюмаваў кіраўнік Інстытута ваенных страт Конрад Внэнк у размове з выданнем Gazeta Polska Codziennie.
аз