Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка ў Польшчы: Пасля ўбачанага я ўжо не магла не хадзіць на пратэст

16.09.2023 12:56
Ніколі не цікавілася палітыкай, але 20-ы год захапіў з галавой. Пабачыла і перажыла тое, што не давала заставацца дома, калі ўсе ішлі на марш. Разам з многімі апынулася ў эміграцыі і імкнецца тут будаваць сваё жыццё.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка ў Польшчы: Пасля ўбачанага я ўжо не магла не хадзіць на пратэст
  .   . 23  2020 .
Дэманстрацыя на пр. Незалежнасці ў Мінску. 23 жніўня 2020 г. Фота: Commons.wikimedia.org/Homoatrox. Собственная работа/CC BY 3.0

Хто кідае пальчатку ў твар Лукашэнку?

Людміла – інжынер-эканаміст. Працавала ў лагістыцы, добра зарабляла, палітыкай ніколі не цікавілася, праўда, у сілу абставінаў адна выхоўвае сына.

У 2020-ым час ад часу чытала навіны і ўбачыла, што нейкі невядомы Ціханоўскі збіраецца балатавацца на прэзідэнта Беларусі.

-Думаю, хто там пальчатку Лукашэнку ў твар кідае. Зацікавілася, пачала глядзець яго ютуб-канал. Напачатку проста было цікава назіраць. І вось першая хваля абурэння ўзнікла пасля таго, як яго затрымалі ў Гродне.
Яе цікавасць да падзей, якія разгортваліся ўжо штодня, пачала расці. Больш чытае, пачынае цікавіцца гісторыяй Беларусі, апазіцыяй пра якую раней нічога не ведала.

-І ты разумееш, што ў 2010 годзе гэта ўжо ўсё было. А мы гэтага не бачылі, не ведалі, усё тады нас абмінула. Ну вось з гэтага ўсё пачалося.
Мяне абразіла, як сфальсіфікавалі выбары…

Першы досвед сутыкнення з сілавікамі атрымала ў першыя дні. Затрымалі яе хлопца. Усе навокал разбягаліся, а яна наўпрост ішла да сілавікоў. Нічога не высветліла. Потым пачаліся пошукі, сярод ночы з дзіцём прыехала ў пастарунак, пазнаёмілася з валанцёрамі, якія дапамагалі ў пошуках. Тады, як сама прызнаецца, не ўсведамляла таго, што адбываецца.

-Па-першае, усё гэта адбывалася на нервах. Па-другое, я думала, што ўсё гэта проста: прыеду, напішу заяву і чалавека адпусцяць. Я папросту не ўяўляла маштаб трагедыі, бо ніколі раней з такім не сутыкалася. Зараз я ўжо разумею чым гэта магло скончыцца.

Калі на акцыях пачаліся хапуны, дзіця з сабой Людміла больш не брала. Але сама ўжо не хадзіць на акцыі не магла. Яе абразіла тое, як улады нахабна сфальсіфікавалі вынікі выбараў і як пасля гэтага абыходзіліся з людзьмі.

-Я разумею, што я дастаткова плачу падаткаў, яны за мае падаткі жывуць і яшчэ будуць мяне дубасіць дручкамі і закрываць мне рот, калі я нешта хачу выказаць. Вось гэта мяне моцна абразіла. Як так? Чаму я ў сваёй краіне не магу выйсці і сказаць пра тое, што мне не падабаецца?
У ва мне тады ўсё перавярнулася…

Пасля першых дзён пратэсту Людміла прыехала разам з іншымі на Акрэсціна з цёплымі рэчамі і харчамі для людзей, якіх пачалі ўжо выпускаць. Стоячы каля муроў турмы, яна на свае вушы пачула, якія крыкі даносіліся адтуль.

-Гэты момант мяне больш за ўсё ўразіў і гэта стала для мяне кропкай не вяртання. Гэта былі крыкі, якія нагадвалі перадсмяротныя, нібы з чалавека скуру здымаюць… А ты стаіш, слёзы льюцца і разумееш, што не можаш ніяк дапамагчы.

Пасля гэтай ночы Людміле стала зразумела, што альбо людзі дамогуцца свайго, альбо іх усіх «закатаюць у асфальт». Што, як яна цяпер канстатуе, так і атрымалася. Потым яна пабачыла, як пачалі выпускаць з Акрэсціна некаторых затрыманых. Многія, паводле яе, былі не ў сабе, у шокавым стане.

-У майках, шортах, басонаж, хто як – іх папросту выкідвалі адтуль. Хто мог бегчы, той бег. А некаторыя былі ў такім жудасным стане, што падымаецца і падае, а яго лупяць амапаўцы, маўляў, зараз пойдзеш назад… І мы, калі маглі падысці, то адразу падбягалі…

Людміла згадвае, што адну маладую дзяўчыну доўга шукалі, яна адбегла і праседзела ў біяпрыбіральні цэлую гадзіну. Адзін мужчына наагул не мог ісці настолькі быў збіты. Калі валанцёры яго адцягнулі ён усіх адагнаў ад сябе.

-Ляжаў на жываце хвілін дзесяць і рыдаў. Мужчына такога спартыўнага целаскладу, моцны, брутальны – ляжаў і рыдаў…

Гэта зрабіла вельмі моцнае ўражанне на маю суразмоўцу.

-У ва мне тады ўсё перавярнулася. Калі б я не была на Акрэсціна, мабыць шмат бы чаго не зразумела. Тады шмат пісалі ў сацсетках, было мноства фотаздымкаў, але ўсё гэта не перадае таго, што дзеялася насамрэч. З гэтага моманту я вырашыла, што буду хадзіць на ўсе акцыі. І я была гатовая, што магу быць наступнай…
Гэта былі самыя светлыя хвіліны.

Наступнай Людміла магла быць кожны раз, калі выходзіла на маршы, бо некалькі разоў трапляла ў сітуацыі, калі знаходзілася на валаску. Адзін раз нават яе ўжо вялі ў аўтазак, але нейкаму начальніку яна з сяброўкай падаліся занадта юнымі і ў апошні момант іх адпусцілі.

Ёй даводзілася стаяць і калі стралялі гумовымі кулямі, калі людзей закідвалі светашумавымі гранатамі, калі ўсе разбягаліся хто куды і панаваў хаос… Але згадваючы тыя моманты, жанчына кажа, што страху не было і толькі, вярнуўшыся пасля гэтага дадому, усё пераасэнсоўвалася. І тым не менш, ідучы ў шматтысячнай калоне, адчувала сябе шчаслівай.

-Я тады перажыла самыя прыгожыя пачуцці ў жыцці. Гэтага зараз не хапае. Я не дасыпала, у мяне было шмат працы, але гэтыя нядзельныя акцыі столькі энергіі давалі. Ад нядзелі да нядзелі ты іх чакаеш. Вось, мы заўтра ідзём…

Засталіся людзі, якія выйдуць

А вось потым прыйшло расчараванне, што не перамаглі, хаця, як ёй здаецца былі на невялічкі крок ад вялікай перамогі. Праўда, надзея ўвесь час цяплілася, бо было разуменне таго, што людзі засталіся, яны нікуды не дзеліся.

-Але ўсё роўна там засталіся людзі, якія, калі настане час, яны выйдуць…

З’язджаць Людміле давялося таму, што раптам патэлефанавалі з АБЭП. Яна ў свой час рабіла данаты і гэта стала вядома ў праваахоўных органах. Напачатку было не страшна, бо данаты былі невялікія і патрапіць за краты здавалася малаверагодным, але потым забралі адну знаёмую, іншую запрасілі на размову ў КДБ. Прыйшло асэнспаванне, што пасля такой размовы яна можа і не вярнуцца.

Уэміграцыі ўсё няпроста

На зборы было паўтары тыдні і наколькі Людміла здолела, настолькі закрыла ўсе свае справы, звольнілася з працы і з’ехала ў Польшчу. А тут таксама ўсё аказалася няпроста. Была праблема з тым, каб зняць кватэру, сканчалася гуманітарная віза і трэба было як найхутчэй легалізавацца.

-Я ніколі не думала, што патраплю ў эміграцыю ў Польшчу. Мовы не ведала, нейкіх бытавых пытанняў – не ведала. Нічога тут не ведала…

Аднак паціху вырашыла свае праблемы, уладкавала сына ў школу і пачала шукаць працу. Без ведання мовы давялося ісці працаваць на склад, дзе пераважна працуюць такія ж эмігранты, толькі большасць з іх з Украіны.

-Вельмі цяжка і я не была да такога гатовая. На працы я настолькі стамлялася, што прыходзіш, адсыпаешся і зноў на працу. Ты альбо працуеш, альбо спіш.

Тым не менш, як заўважае Людміла, гэта праца дазваляла ёй здымаць кватэру і ўтрымліваць іх сям’ю. І зарабляла яна тут амаль тыя ж грошы, што ў Беларусі, працуючы на пасадзе з высокай кваліфікацыяй.

Цяпер яе ўзялі працаваць у лагістычную фірму, будзе займацца тым, у чым мае ўжо вялікі досвед. Кажа, што па Беларусі сумуе, але яшчэ не надта моцна. Напэўна мінула яшчэ не так шмат часу. Але яна ўпэўнена, што нуда па дому з’явіцца. Ды і родных хочацца пабачыць.

-Зараз я яшчэ хачу вярнуцца назад, хаця разумею – будзе цяжка адбудоўваць краіну. Калі ў бліжэйшы час – год-два такая магчымасць з’явіцца, то думаю, што большасць вернецца. Але калі гэта зацягнецца на пяць год, нават на тры, то многія вяртацца ўжо не захочуць.

Павел ЗАЛЕСКІ

Журналіст: Савецкае, а потым постсавецкае выхаванне пазбавілі беларусаў нацыянальнай свядомасці

12.09.2023 13:03
Пад паняццем русіфікацыі варта разумець не толькі моўную дамінацыю, але, што магчыма нават больш небяспечную ў будучыні – соцыякультурную.

Зянон Пазьняк: Сярод усіх краінаў менавіта Польшча найбольш прыстойна ставіцца да беларускіх уцекачоў

15.09.2023 12:42
Нягледзячы на сваю адсутнасць на радзіме, Зянон Пазьняк надалей кіруе КХП-БНФ, а таксама Рухам «Вольная Беларусь».