Беларуская Служба

Эмігрантка: Любоў да філалогіі спалучаецца з іншымі рэчамі ў жыцці

25.09.2023 11:45
Маладая дзяўчына здолела самастойна ўладкаваць сваё жыццё ў Польшчы. Скончыла адну вышэйшую адукацыю, атрымлівае другую, адкрыла ўласную фірму, будуе планы ў сферы даследаванняў, любіць сустракацца з беларусамі і верыць, што Жыве Беларусь…
Аўдыё
  • Эмігрантка: Любоў да філалогіі спалучаецца з іншымі рэчамі ў жыцці
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock.com/domena publiczna/Khomenko Maryna

Я заўсёды хацела стаць філолагам

У Алесі вельмі чыстая натуральная беларуская мова. Яна родам з Магілёва, вучылася ў расейскамоўнай гімназіі і думала паступаць у Санкт-Пецярбург. Але бацькі настаялі, каб ехала вучыцца ў Польшчу. Як сама жартаўліва заўважае, маўляў, яны былі больш прадбачлівымі.

У Любліне дзяўчына скончыла факультэт паліталогіі, але зразумела, што не хоча займацца ні палітыкай, ні паліталогіяй. Гэтаму яшчэ паспрыялі і падзеі 2020 году, якія адбыліся ў Беларусі. Алеся пабачыла якой бруднай справай можа быць палітыка ў руках брудных палітыкаў.

Яе наступнай адукацыяй стаў факультэт англійскай філалогіі, дзе і цяпер яна займаецца.

-Я заўсёды хацела вучыцца на філалогіі, але мне ніхто ніколі не дазваляў гэтага рабіць. І калі я атрымала дыплом, у мяне з’явілася фінансавая незалежнасць і сепарацыя з бацькамі бушавала ва ўсю, але я ўжо магла ім сказаць, што не пайду ў магістратуру на паліталогію, толькі ад самага пачатку пачну займацца філалогіяй і буду развівацца ў сваіх мовах.

Цяпер Алеся размаўляе на шасці мовах і сёмая мова, якой яна валодае – польская мова жэстаў.

-Я размаўляю па-беларуску і здаецца, што гэта вельмі файна ў мяне атрымліваецца. Таксама па-украінску, мне нават даводзілася тлумачыць некаторыя рэчы. Размаўляю па-польску і выкладаю польскую мову. Размаўляю па-ангельску і крыху па-нямецку, хаця заўсёды зразумею, што немцы гавораць. Ну і яшчэ па-расейску. І мова жэстаў. Хаця мне падаецца, што гэты спіс будзе пашырацца.

Што датычыць самай незвычайнай мовы, якой валодае Алеся, мовы жэстаў, то з ёю яе пазнаёміў калега, які займаецца перакладамі з гэтай мовы. І дзяўчыну гэта вельмі зацікавіла.

-У Польшчы цяпер глуханямых людзей інтэгруюць у грамадскую супольнасць і дзеля гэтага шмат чаго робіцца з тым, каб яны не адчувалі сябе на марыгінэсе. Мне падаецца гэта вельмі цікавым і я хацела б у будучым браць удзел у такіх праектах і нешта перакладаць на мове жэстаў.

 

Ёй проста вельмі падабаецца навука

Пры ўсім такім рознабаковым зацікаўленнем жыццём і філалогіяй у прыватнасці Алеся надалей з’яўляецца студэнткай англійскай філалогіі. І як сама заўважае, яшчэ доўга будзе студэнткай, паколькі ў планах зрабіць магістратуру, а потым яшчэ і пайсці ў дактарантуру. Ёй проста вельмі падабаецца навука.

-Я спадзяюся, што мне яшчэ атрымаецца зрабіць некалі праект пра двухмоўных дзяцей. Бо тое, як развіваецца мозг двухмоўных дзяцей, паказвае нам як можа развівацца штучная інтэлігенцыя. І гэта можа быць цікавым у будучыні. Таму я думаю, што мне яшчэ доўга давядзецца вучыцца.

 

У жыцці можна многае спалучаць…

Нараўне з зацікаўленасцю навукай Алеся на працягу чатырох гадоў выкладае польскую і ангельскую мовы і гэтым зарабляе на жыццё. Рыхтуе самых розных людзей да здачы экзаменаў нават на ўзроўні С1. Але і гэта яшчэ не ўсё.

-У чэрвені мне ўдалося зарэгістраваць уласную фірму і цяпер вельмі хуценька вядзецца распрацоўка маёй старонкі ў інтэрнэце. І я спадзяюся, што гэта будзе мая школа замежных моў. Я ўпэўнена, што ўсё можна аб’яднаць: і вучыцца, і працаваць і нешта яшчэ развіваць. Проста трэба гэтага хацець і разумець, што гэта праца, праца і праца…

З свайго досведу Алеся распавядае, што фірму ў Польшчы адкрыць нескладана, ёсць шмат розных спосабаў, як гэта можна зрабіць. Галоўнае, паводле яе, захацець. Мяне яшчэ цікавіць – ці здолее яна ўтрымацца на рынку, дзе вялікая канкурэнцыя сярод школаў з навучаннем замежных моваў?

Дзяўчына ўпэўнена, што ў яе атрымаецца, паколькі яна ўжо маніторыла сітуацыю. Тыя, хто ў яе вучыўся, вельмі задаволеныя вынікамі.

-Таму я думаю, што жадаючых будзе багата. І нават цяпер ёсць чарга з людзей, якія хочуць займацца менавіта ў мяне і гатовыя чакаць, каб трапіць на мае заняткі. Таму ёсць упэўненасць.

 

Беларуская мова падаецца мне мовай кахання

Алеся распавядае, што імкнецца карыстацца ўсімі мовамі, якімі валодае. Мяне ж цікавіць - дзе яна ўжывае беларускую мову. Але цяпер у Польшчы сустрэць беларуса не праблема. Дзяўчына кажа, што з беларусамі заўсёды адразу пераходзіць на родную мову.

-Мне падаецца, што гэта файна і вельмі падабаецца. І я адчуваю сябе часткай чагосьці, гэта дае мне нейкае асаблівае пачуццё. І гэта вельмі здорава.

Трошкі падумаўшы яшчэ дадае.

-Я вельмі люблю беларусаў і пры сустрэчы заўсёды з імі размаўляю па-беларуску і гэта так чароўна атрымліваецца. Мне беларуская мова падаецца такой, што на ёй не атрымліваецца сварыцца. Яна падаецца мне мовай… кахання. І мы калі пачынаем размаўляць па-беларуску за мяжой, мы ўжо аўтаматычна адно аднаго любім.

 

Беларусь жыве, нават калі некаму здаецца інакш…

Апошні раз у Беларусі Алеся была ў 2021 годзе. Успаміны засталіся сумныя. І цяпер навіны з Беларусі Алеся працягвае чытаць, мае кантакты з тымі, хто жыве там. Паводле яе, не варта думаць, што там ужо ўсё скончана, нічога не адбываецца. І асабліва адзін прыклад, які распавёў ёй яе студэнт, якія нядаўна прыехаў з Беларусі, дае ў гэтым упэўненасць.

-У яго доме ёсць нейкі чалавек, які ў ліфце клеіць бел-чырвона-белы сцяжок. Кожны панядзелак прыходзіць цётка з ЖЭКу і яго зрывае. І гэта адбываецца на працягу трох гадоў. Гэта быў адзіны пад’езд, дзе ўсталявалі камеры, але чалавека так і не выявілі. І ўсё працягваецца па-ранейшаму. Я разумею, што гэты ўчынак не змяняе глабальных праблем, але ён паказвае барацьбу асобнага чалавека. І гэта значыць, што Жыве Беларусь!...

Алеся кажа, што ў Польшчы жыве ўжо пяць гадоў, а, паводле псіхолагаў, праз такі тэрмін інтэграцыя адбываецца. І яна нешта падобнае ўжо перажывае. У яе тут шмат сяброў, няма акцэнту ў польскай мове і таму вельмі спакойна сябе тут адчувае. Ёй не страшна пераехаць у іншую краіну, калі ўзнікне такая патрэба. А вось пра Беларусь думаецца часта і вельмі б хацелася туды спакойна прыязджаць.

-Сумую часта па розных рэчах у Беларусі, бо я там вырасла. Адчуваю сантымент да маёй краіны, адчуваю, што там мая зямля. І адчуваю з гадамі, хоць я яшчэ зусім маладая, што мяне пачынае цягнуць да радзімай старонкі. Хочацца там бываць і адведваць бабулю з дзядулям…

Павел ЗАЛЕСКІ