Выстава «Я не баюся, хай яны баяцца» распавядае пра жыццё і прызванне вядомага беларускага праваабаронцы, які быў прысуджаны рэжымам Лукашэнкі да 10 гадоў турэмнага зняволення па палітычных матывах. Экспазіцыя раскажа наведвальнікам пра шматгадовыя высілкі Алеся па развіцці беларускай грамадзянскай супольнасці, спрыянне развіццю нацыянальнай культуры і абароне правоў чалавека.
Гэтая выстава прысвечаная складанай, але паслядоўнай барацьбе беларускага праваабаронцы за дэмакратычныя каштоўнасці – ад студэнцкага руху да Нобэлеўскай прэміі міру.
Выстава была паказаная ў Берліне і некаторых іншых нямецкіх гарадах. У планах – Брусель.
Алесь Зарэмбюк
-Выстава распавядае пра шлях, які прайшоў Алесь Бяляцкі. А ён нялёгкі, бо праваабаронца другі раз у турме. У Алеся Бяляцкага ў панядзелак быў дзень народзін, у аўторак – 12 год Беларускаму дому. Я перажываю пэўнае дэжа-вю, калі Алесь ужо сядзеў на пачатку 2010-х, і я памятаю, як мы падпісвалі паштоўкі на яго 50-годдзе. Тады яго вызвалілі, прыйшла адліга, цяпер такіх аптымістычных сцэнароў не назіраецца. Рэпрэсіі працягваецца, але нам трэба дэманстраваць вольнаму свету такіх асоб як Алесь. Не толькі таму, што ён нобэлеўскі лаўрэат. Ён прайшоў цярністы шлях, пачынаючы яшчэ ў 80-ыя. Гэта дасканалы ўзор. Ён заўжды быў і застаецца за незалежнасць. Для яго незалежнасць, дзяржаўнасць, беларускасць – самыя галоўныя каштоўнасці, якія ён пранёс праз жыццё, і нясе далей, – кажа кіраўнік Беларускага дому Алесь Зарэмбюк.
Яўген Ваппа
Старшыня Беларускага саюзу Польшчы Яўген Ваппа знаёмы з Алесем Бяляцкім доўгія гады. Ён кажа, што беларускі праваабаронца за ўсе гады свайго жыцця не здрадзіў сваім ідэалам: ідэі незалежнасці і суверэнітэту Беларусі:
-Сіла Алеся ў тым, што ён не мяняў ні поглядаў, ні веры ў перамогу. Ён з самага пачатку верыў у беларускасць, у незалежнасць, беларускую дэмакратыю і перамогу беларускага духу над савецкім камунізмам, а потым над лукашызмам. Гэта таксама сіла духу, якая нягледзячы на цяжкасці дазваляла быць аптымістычным чалавекам, адкрытым на людзей.
Сяргей Хільмановіч
Праваабаронца гродзенскай «Вясны» Сяргей Хільмановіч расказаў, што няма інфармацыі пра тое, што адбываецца з Алесем Бяляцкім у турме. Блізкія не атрымліваюць і інфармацыі пра зняволенага праваабаронцу.
Час працы Беларускага дому для прагляду выставы: серада-пятніца – з 12 да 18, у аўторак і чацвер паглядзець выставу можна да 18:30.
ав
слухайце аўдыё
«Я не баюся, хай яны баяцца» – выстава пра Алеся Бяляцкага
«Я не баюся, хай яны баяцца» – выстава пра Алеся Бяляцкага