Агароджа на польска-беларускай мяжы дзіравая, і з пачатку года бежанцы перасеклі яе 30 тысяч разоў, з іх 13 тысяч трапілі ў Германію – гаворыцца ва ўнутранай справаздачы Памежнай службы, якую атрымала «Gazeta Wyborcza». Агароджу можна разрэзаць звычайнай ручной пілой, гаворыцца ў дакладзе, прызначаным для вышэйшага кіраўніцтва Памежнай службы.
Дакумент падрыхтаваны Аналітычна-сітуацыйным упраўленнем Памежнай службы, прадстаўленыя ў ім даныя ахопліваюць перыяд са студзеня па верасень 2023 года. Гэтае ўпраўленне адказвае за стратэгічны аналіз.
У справаздачы, пра якую напісала «Gazeta Wyborcza», гаворыцца, што сёлета агароджу на польска-беларускай мяжы перасеклі агулам больш за 30 тысяч чалавек. 17 488 мігрантаў затрымала Памежная служба. У сваю чаргу 12 971 мігрант мяжу перасёк і не быў затрыманы функцыянерамі.
Гэтыя дадзеныя ў выпадку першай лічбы паступаюць з датчыкаў, размешчаных на мяжы, а ў другім выпадку – з дадзеных нямецкіх службаў. Людзі, якія трапілі ў Германію, раней знаходзіліся ў Расіі ці Беларусі, што пацверджана штампамі памежнага кантролю і фотаздымкамі.
Справаздача таксама паказвае, што агароджа стрымлівае не больш за 60 працэнтаў мігрантаў, якія хочуць прайсці праз яе. «У ліпені, у рэкордны дзень, 300 чалавек прайшлі праз агароджу, з іх ажно 160 не змаглі затрымаць», – чытаем у «Gazeta Wyborcza».
Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў верасні, калі да мяжы былі перакінуты дадатковыя сілы. Раней было крыху больш за 1000 вайскоўцаў. Цяпер іх больш чым у тры разы больш. Як чытаем у газеце, тады «сітуацыя палепшылася».
Аднак агароджу можна лёгка прабіць, гаворыцца ў дакуменце. Рэзаць можна і звычайнай ручной пілой па метале, таксама яе лёгка сагнуць, напрыклад, дамкратам. Такіх пашкоджанняў не менш за 1000, піша «GW». Прычым агароджа закладзена неглыбока – менш за 1 м, а значыць, яе можна пераадолець, выкапаўшы яму.
На інфармацыю выдання адрэагаваў Станіслаў Жарын, намеснік міністра каардынатара спецслужбаў: «Лічбы ніадкуль, маніпуляцыя з дадзенымі, справаздача Памежнай службы, пра якую ніхто там не чуў, і тэзіс для палітычных патрэб: агароджа не працуе».
ав