Беларуская Служба

Мігранты з былых постсавецкіх краін сталі часткай жыцця Грузіі

03.10.2023 16:11
Вось ужо трэці год у Грузіі назіраецца рост колькасці насельніцтва, у першую чаргу гэта звязана з мігрантамі.
Аўдыё
  • Ці стала Грузія другім домам для мігрантаў
Анты расійскае графіці ў ТбілісіY.Likhtarovich

Летась людзі з Расіі, Украіны ды Беларусі забяспечылі прырост грузінскага насельніцтва больш чым на 50 тысяч чалавек, альбо 1,3%. Як жывецца імігрантам у Грузіі, як выглядае працэс інтэграцыі, як ставяцца да іх грузіны. Пра гэта мы паразмаўлялі з польскім даследчыкам Каўказу з Варшаўскага ўніверсітэту.

Паводле дадзеных Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі, на 1 студзеня 2023 года насельніцтва краіны склала 3 мільёны 736 тысяч чалавек, што на 1,3% больш, чым у папярэднім годзе. Пры гэтым, насельніцтва Грузіі павялічваецца больш за ўсё за кошт мігрантаў, бо смяротнасць у апошнія гады стабільна перавышала нараджальнасць. Так, летась у Грузіі памерла на 6,8 тысяч чалавек больш, чым нарадзілася. Затое міграцыя дала Грузіі рост насельніцтва на 55 тысяч чалавек. Найбольш мігрантаў прыехала ў Грузію з трох краіны: Расія (62 тыс.), Украіна (20,7 тыс.) і Беларусь (13,3 тыс.) Вядома, што далёка не ўсе з прыехаўшых застаюцца, шмат хто з’язджае, але мігранты з былых постсавецкіх краін сталі часткай жыцця Грузіі, асабліва яны бачныя ў сталіцы, кажа антраполаг з Варшаўскага ўніверсітэту, які займаецца вывучэннем Каўказу Конрад Заштаўт.

-  У параўнанні з папярэднімі гадамі ёсць вялікая розніца, што тычыцца рускамоўных, якіх чуваць і бачна на вуліцах Тбілісі. Раней расійскія турысты таксама былі, яшчэ ў часах прэзідэнта Саакашвілі недзе ў 2010 годзе былі адмененыя візы для расіян, каб павялічыць колькасць турыстаў, наплыў бізнесу. Цяпер кажуць пра дзве хвалі расійскай іміграцыі ў Грузію. Першая пачалася разам з расійскай агрэсіяй супраць Украіны ў лютым 2022-га года, а другая – восенню 2022-га года разам з пачаткамі мабілізацыі ў Расіі. Па праўдзе, самая першая хваля была яшчэ раней, да вайны. Проста яна была меншая, непараўнальная па колькасці з тым, што адбывалася летась. Цяпер усюды ў Тбілісі, асабліва ў цэнтры горада, чуваць рускую мову.

Рускамоўныя – гэта не толькі расіяне, кажа эксперт.

- Апроч расіян, у Грузію прыехалі таксама беларусы ды ўкраінцы. Стаўленне да іх рознае. Частка грузінскага грамадства карыстаецца з прыезду мігрантаў. У першую чаргу ўласнікі гатэляў, кватэр, якія здаюць нерухомасць, ці фірмы, якія прадаюць кватэры. Рынак нерухомасці ў Грузіі ажыў і скіраваны на інвестараў з-за мяжы. Расіяне сталі для іх важным кліентам, бо сярод іх шмат заможных людзей. Для рэшты грузін яны сталі праблемай, бо з-за іх значна выраслі цэны на кватэры ды арэнду, робячы іх недаступнымі для звычайнага грамадзяніна Грузіі. Гэта выклікае незадавальненне і злосць у бок мігрантаў. Апроч таго, у грузінскім грамадстве бачна салідарнасць з украінцамі. Не раз даводзілася бачыць на вуліцах такія сцэны, калі грузіны звяртаюцца да рускамоўных словамі «Слава Украіне», чакаючы адказу «Героям слава», каб праверыць, ці перад імі ўкраінцы, ці расіяне, хто не падтрымлівае Украіну. На такіх людзей рэагуюць негатыўна. На вуліцах бачна мноства графіці ў падтрымку Украіны ды з асуджэннем Расіі.       

Як да іх ставяцца грузіны, ці яны адрозніваюць расіян, беларусаў ды ўкраінцаў?     

- Маладому пакаленню грузін гэтыя дзве групы: расіяне ды беларусы, а часам нават украінцы, - часта цяжка адрозніць, таму што вось ужо 20 год у Грузіі няма абавязковага навучання расійскай мовы ў школах. Моладзь у Грузіі не часта ведае расійскую, хаця гэта і не рэдкасць. Большасць не ведае, таму для іх усе гавораць па-руску. Яны не адрозніваюць маскоўскі акцэнт ад кіеўскага ці мінскага.  Яшчэ, з таго, што я чуў, па сённяшні дзень няма блізкіх адносін паміж рускамоўнай эмігранцкай супольнасцю да мясцовымі грузінамі. Мігранты з Расіі ды Беларусі хутчэй трымаюцца разам, у сваіх эмігранцкіх даволі зачыненых грамадах. Напрыклад, гэтыя людзі сустракаюцца ў сваіх клубах, ці кавярнях, а не ходзяць сустракацца з грузінамі. Іх сацыяльнае жыццё абмяжоўваецца сваёй нацыянальнай грамадой. 

Гэта выклікае занепакоенасць сярод грузінскіх экспертаў і палітыкаў, кажа наш суразмоўца.

- З грузінскага боку гучаць перасцярогі, што з’явілася вялікая група людзей, пра якую яны нічога не ведаюць. Якія ў іх погляды, ці яны падтрымліваюць Пуціна, ці выступаюць за вайну і т.д. Грузінскае заканадаўства даволі ліберальнае, любы расіянін можа прыехаць і заставацца доўга ў Грузіі. Дастаткова раз на год выехаць з Грузіі, каб далей жыць. Апроч таго, у грузінскіх актывістаў занепакоенасць выклікаюць рашэнні ўладаў не пускаць на тэрыторыю Грузіі вядомых расійскіх апазіцыянераў, як Віктар Шэндэровіч, Любоў Собаль, што выглядае як палітыка салідарызацыі з Пуціным альбо жаданне спадабацца расійскім уладам.   

Міграцыя – гэта не заўсёды праблема, тым больш, калі прыязджаюць людзі ў працоўным узросце ды адукаваныя. Ці Грузія карыстаецца навыкамі мігрантаў?

- Краіна на гэтым скарысталася, эканоміка таксама. Мігранты з Масквы ці Мінска – гэта часта людзі высокай кваліфікацыі, часта з ІТ галіны. Яны могуць працаваць дзе заўгодна, але іх прыцягнула Грузія ў звязку з ліберальным заканадаўствам. Грузія карыстаецца з прысутнасці гэтых людзей, бо яны плацяць падаткі. Але ёсць яшчэ і мінусы для грузінскага грамадства. Гэта растучая канкурэнцыя, нежаданне гэтых людзей інтэгравацца, яны не вучаць грузінскую мову, гавораць па-руску. Таксама расце занепакоенасць тым, што сярод мігрантаў можа быць шмат людзей, якія працуюць для расійскай выведкі.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч