Беларуская Служба

У паліцыі ёсць групы «паляўнічых за ценямі», якія займаюцца пошукам небяспечных злачынцаў

05.10.2023 12:37
Супрацоўнікі паліцыі актыўна карыстаюцца рознымі сацыяльнымі сеткамі падчас пошуку падазраваных.
    .,    .
Польская паліцыя знайшла Себасцьяна М., які збег у ААЭ. Фота: DarSzach / Shutterstock.com

Партал Onet.pl друкуе гутарку з былым паліцыянтам, які працаваў у аддзяленні так званых «паляўнічых на ценяў», гэта значыць, сілавікоў, якія займаюцца пошукам збеглых злачынцаў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра кіроўцу BMW, які ехаў на аўтастрадзе з хуткасцю 253 км/г і выклікаў ДТЗ, у якім загінула сям'я з малым дзіцём. Кіроўца Себасцьян М. збег з Польшчы, але быў затрыманы ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.

«Паляўнічыя за ценямі» – спецыяльная групоўка ў структурах Цэнтральнага следчага бюро, якая ў асноўным займаецца вышукам найбольш небяспечных злачынцаў. Афіцэры, якія там працуюць, не выпадковыя. Гэта людзі, якія звычайна вялі следства ў ніжэйшых структурах і дасягнулі поспехаў у гэтай галіне.

Супрацоўнікі паліцыі актыўна карыстаюцца рознымі сацыяльнымі сеткамі падчас пошуку падазраваных. Спачатку яны аналізуюць усё, што звязана з гэтым чалавекам. Перш за ўсё трэба ведаць характар яго жыцця. Пэўныя рэчы можна вызначыць і па інфармацыйных базах паліцыі. У нашыя часы немагчыма заставацца цалкам ананімным. Цяжка ўявіць, каб хтосьці сёння не карыстаўся мабільным тэлефонам, крэдытнай карткай і г.д. Усё гэта пакідае нейкі след.

Былы паліцыянт расказвае, што весці патаемны лад жыцця, хавацца ад паліцыі бывае вельмі цяжка, гэта аказвае вялікі прэсінг на псіхіку, некаторыя людзі ўспамінаюць гэта як найгоршы перыяд свайго жыцця. Напрыклад, быў чалавек, які хаваўся ў здымнай хаце і кожны дзень у пяць раніцы выходзіў у бліжэйшы лес, паколькі думаў, што паліцыя прыходзіць толькі ў шэсць гадзін раніцы. Чакаў дзве гадзіны ў лесе і тэлефанаваў сваёй партнёрцы каля сямі. У іх быў дамоўлены код – ён пытаўся ў яе пра каву, калі яна адказвала «з малаком», значыць, дома паліцыя, а калі «без малака», дык няма. Калі яго нарэшце схапілі, жанчына адчула палёгку, што ёй больш не трэба будзе так часта мыць фіранкі, бо мужчына ўвесь час пэцкаў іх рукамі, пастаянна правяраючы, ці за акном няма паліцыі, – распавядае былы «паляўнічы за ценямі».

нг