Беларуская Служба

Падчас «Марафону салідарнасці» найбольш грошай у падтрымку палітвязняў было ахвяравана з Польшчы

05.10.2023 16:08
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы аб'яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова падкрэсліла, што да 80 % сабранай сумы прызначаецца для падтрымкі тых, хто цяпер знаходзіцца ў Беларусі.
Аўдыё
  • Топ-5 краін па суме ахвяраванняў: Польшча, ЗША, Літва, Германія, Вялікабрытанія.
Ілюстрацыйнае фота.

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова распавяла цікавыя факты аб марафоне салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно», які праходзіў напрыканцы ліпеня на працягу двух дзён.

  • Агулам, за выняткам камісіі плацежнай сістэмы, было сабрана 545 740,22 еўра.

  • Усяго было зроблена 14 655 ахвяраванняў ад 11 428 донараў.

  • Грашовыя пераводы прыходзілі падчас марафону з 86 краін свету.

Топ-5 краін па суме ахвяраванняў: Польшча – адтуль было зроблена 6 383 грашовыя пераводы (200 563 еўра), ЗША (89 740 еўра), Літва – 1463 ахвяраванні (55 130 еўра), Германія (39 131 еўра), Вялікабрытанія (25 790 еўра).

«ГУБАЗіКу прыйдзецца моцна напружыцца, каб знайсці інфармацыю пра людзей, якія падтрымлівалі фінансава. Геаграфія салідарнасці вельмі шырокая, па сутнасці ў нас атрымаўся не нацыянальны марафон салідарнасці, а міжкантынентальны», – кажа прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы абʼяднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова.


Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова. Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова.

Арганізатары самі не размяркоўваюць грошы, а пераводзяць іх партнёрскім арганізацыям, якія працуюць з роднымі палітзняволеных, людзьмі, якія выехалі з краіны, ратуючыся ад рэпрэсій.

На сёння грошы былі пераведзеныя наступным арганізацыям:

1. Беларуская Рада культуры 9 500 еўра
2. Анархічны чорны крыж – Беларусь 13 500 еўра
3. Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» 13 500 еўра
4. Дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB 13 500 еўра
5. Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby 14 000 еўра
6. Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» 18 000 еўра
7. Ініцыятыва BY_help 36 900 еўра
8. Фонд Беларускай салідарнасці BYSOL 100 000 еўра

Агулам выплачана 218 900 еўра.

Вольга Гарбунова падкрэсліла, што фокус арганізатараў марафона найперш на Беларусі, то бок людзях, якія знаходзяцца ўнутры краіны. «Мы ўсе высілкі прыкладаем, каб дапамогу атрымлівалі людзі, якія цяпер у зняволенні, іх родныя», – кажа Вольга.

Паводле яе слоў, 80 % сабраных грошай будзе адпраўлена ў Беларусь.

Нагадаем, што на днях стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў анлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё роўна». Крымінальную справу за фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці» завялі па матэрыялах аператыўнікаў ГУБАЗіК. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі. Суд Цэнтральнага раёна Мінска раней прызнаў відэакантэнт анлайн-марафону «Нам не ўсё роўна» так званымі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Па дадзеных МУС, зараз падазраванымі зʼяўляюцца каля 60 чалавек з ліку «арганізатараў марафону і іх памагатых». Праводзіцца праца па ўстанаўленні іншых асоб.

Каментуючы пытанні бяспекі, Вольга Гарбунова падкрэсліла, што фінансавая інстытуцыя, праз якую ішоў збор грошай, мае найвышэйшы ўзровень аховы дадзеных, таму базы не мусяць ніякім чынам з’явіцца ў публічнай прасторы. А што тычыцца асобаў, якія спрычыніліся да арганізацыі марафона, то ім рэкамендуецца ні ў якім разе не ехаць у Беларусь.

вх