Беларуская Служба

Польскія скаўты парадкуюць закінутыя магілы ў рамках акцыі «Выратаваць ад забыцця»

02.11.2023 15:39
Задача – знайсці забытыя магілы, прыбраць, паставіць на іх сімвалічныя свечкі.
Аўдыё
  • Скаўты парадкуюць закінутыя магілы.
. .
Могілкі. Ілюстрацыя.Фота: PAP/Darek Delmanowicz

Кажуць, што чалавек жыве столькі, колькі жыве памяць пра яго. Паводле беларускіх абрадаў, восенню адзначаюцца так званыя Дзяды, калі па традыцыі згадваюць памерлых і чакаюць прыходу іх душаў у госці. А ў Польшчы пад канец кастрычніка і на пачатку лістапада жыхары краіны таксама згадваюць сваіх памерлых, але не чакаюць іх душаў у госці. Яны самі масава наведваюць магілы сваіх блізкіх, сваякоў і сяброў.

1 лістапада ў Польшчы – выходны, Дзень усіх святых. Многія жыхары краіны бяруць таксама водпуск на працы на наступныя дні, каб можна было адправіцца на могілкі. Здараецца, што трэба ехаць шмат кіламетраў, каб ушанаваць памяць памерлых. У сваю чаргу, 2 лістапада – гэта якраз той дзень, калі ў хрысціянскай традыцыі згадваюць тых, каго ўжо няма ў жывых, моляцца за іх супакой, у Польшчы гэта Zaduszki або Dzień Zaduszny. Гэта перыяд малітвы за ўсіх памерлых, асабліва за тых, чыя душа знаходзіцца ў чысцілішчы.

У гэтыя дні жыццё ў цэнтрах польскіх гарадоў амаль што замірае, затое на могілках па ўсёй краіне людзі гуляюць цэлымі сем’ямі, як па бульварах. Канешне, не толькі гуляюць, таксама разважаюць пра крохкасць жыцця, але перш за ўсё прыходзяць прыбраць магілу, паставіць на ёй свечку, памаліцца.

Гарцэры – польскія скаўты – кожны год у гэтыя дні праводзяць акцыю пад назваю «Выратаваць ад забыцця». Яны прыходзяць на могілкі, шукаюць забытыя, закінутыя магілы, чысцяць іх, парадкуюць. Сёлета гарцэры яшчэ некалькі дзён таму пачалі акцыю ў гарадку Біскупец на Варміі і Мазурах. У ёй удзельнічае 19 атрадаў з усяго ваяводства.

Па словах Катажыны Андрушкевіч, намесніцы камандзіра Вармінска-Мазурскай харугвы Польскага скаўтынгу, задача гарцэраў – знайсці забытыя магілы.

- На маю думку, гэта адна з акцыяў гарцэраў, якая замацаваная ўжо здаўна ў памяці жыхароў. Раней яшчэ нашы скаўты прадавалі знічы, але цяпер яны гэта робяць толькі ў вялікіх гарадах. Аднак здараецца, што людзі пытаюць, дзе можна купіць скаўцкі зніч на закінутыя магілы.

Акцыя «Выратаваць ад забыцця» праводзіцца ў самых розных населеных пунктах Польшчы, як вялікіх, так і самых маленькіх. 

- У Дывітах, таксама ў Эльблёнгу, на двух могілках, нашых гарцэраў можна сустрэць у Ілаве, Браневе, Маронгу, Біскупцу. У гэтых месцах можна ўбачыць скаўтаў, якія ўзялі на сябе абавязак служыць на могілках.

У рамках акцыі атрады скаўтаў прыбіраюць закінутыя магілы, ставяць на іх сімвалічныя скаўцкія свечкі. Асноўная мэта мерапрыемства – абудзіць і захаваць памяць пра людзей, якія некалі жылі сярод нас.

Гэтая акцыя праходзіць у рамках метадычнай праграмы па рабоце з дзецьмі і моладдзю. Яна вучыць пашане да гісторыі і традыцыі, абуджае рэфлексію і ўспаміны пра іншых людзей, жаданне дапамогі ім. З іншага боку, дзякуючы сумеснай працы, яна вучыць моладзь адказным учынкам, рыхтуе да дарослага жыцця.

Акцыя польскіх скаўтаў «Выратаваць ад забыцця» працягнецца да 4 лістапада.

IAR/нг