Загалоўкі: «Поле бою на Вараніча» у газеце ліберальнага кірунку Rzeczpospolita (па вуліцы Вараніча знаходзіцца галоўны офіс Польскага тэлебачання TVP), «TVP па новаму, без ПіС» – загаловак у выданні Gazeta Wyborcza, якая стаіць у жорсткай апазіцыі да ПіС, «Бандыты Туска сілай захапілі грамадскія СМІ» – гэта тытул з першай паласы выдання правага накірунку Gazeta Polska Codziennie, пра «Напад на публічныя СМІ» – піша інтэрнэт-выданне niezalezna.pl, якое таксама стаіць на баку ранейшага кіраўніцтва Польшчы.
«Палітыкі ПіС крычаць пра дыктатуру і дзяржаўны пераварот у сувязі з рашэннямі новага кіраўніцтва грамадскіх СМІ. У сваю чаргу палітыкі ўрадавай кааліцыі кажуць пра выкананне выбарчых абяцанняў на Каляды» – так сітуацыю апісвае Rzeczpospolita. «Усе мы ведаем, што на працягу апошніх гадоў адбывалася на Польскім радыё. І вы і мы ўсведамляем, што гэта было вынікам палітычных рашэнняў і моцна пярэчыла прынцыпам журналісцкай аб'ектыўнасці» – Gazeta Wyborcza цытуе фрагмент ліста новых старшыняў Польскага радыё, з якім яны звярнуліся да супрацоўнікаў радыё. GW прыводзіць таксама выказванні спецыялістаў пра легітымнасць працэдуры адклікання папярэдняга кіраўніцтва радыё і тэлебачання і піша, што яшчэ патрэбна зрабіць.
niezalezna.pl паведамляе, што «Сейм адхіліў заяву дэпутатаў на правядзенне слуханняў справаздачы міністра культуры Бартламея Сянкевіча пра дзеянні ў дачыненні да грамадскіх СМІ». Выданне піша, што супрацоўнікаў Польскага тэлебачання пазбавілі магчымасці трапіць у будынак, дзе яны працуюць і што паліцыя правярала пропускі ў супрацоўнікаў TVP.
Gazeta Polska codziennie каментуе: «Адключэнне сігналу каналам, якія не ўсхваляюць цяперашніх улад краіны, штурмаванне новымі кіраўнікамі офісаў кіраўніцтва тэлебачання, спробы выключыць тэлефоны ў зоне вакол TVP нагадваюць 13 снежня 1981- ваеннае становішча ў Польшчы. Гэтымі метадамі скарысталася каманда Туска ў снежні 2023 г».
Rzeczpospolita ў рэдакцыйным каментары адзначае: «Адхіленне ўправы тэлебачання і радыё гэта чарговы этап перадачы ўлады ў краіне. Але лепш сказаць -»адбівання«, бо пра мірныя дзеянні казаць немагчыма, і то па абодвух баках».