Беларуская Служба

«Ні ў якім разе хатняя жывёла не з'яўляецца добрым падарункам»

21.12.2023 15:13
У прытулках падкрэсліваюць, што няма нічога горш, чым вярнуць у прытулак жывёлу, якую людзі раней узялі да хаты.
Ні ў якім разе хатняя жывёла не з'яўляецца добрым падарункамChendongshan/Shutterstock

Перад Калядамі прытулкі для бяздомных хатніх жывёл не будуць аддаваць катоў ні сабак на ўтрыманне, піша Dziennik.

У прытулках падкрэсліваюць, што няма нічога горш, чым вярнуць у прытулак жывёлу, якую людзі раней узялі да хаты. У сувязі з сезонам адпачынкаў, каб мінімізаваць рызыку такіх вяртанняў, прытулкі ўвялі абмежаванні.

– Цягам году ёсць два перыяды, калі мы фіксуем каласальны прырост жывёлы ў прытулку: першы – летам і другі – у навагодні перыяд, калі гадаванцы вяртаюцца да нас як непатрэбныя падарункі. Таму мы вырашылі прыпыніць выдаванне на тыдзень. Гэтае абмежаванне распаўсюджваецца ў прыватнасці на шчанюкоў і кацянят, таму што яны найбольш папулярныя і часцей за ўсё становяцца падарункамі, – сказала Яанна Рэпель, прэс-сакратар Кракаўскага таварыства аховы жывёлы і прытулку для бяздомнай жывёлы.

Рэпель таксама нагадала, што перад тым як узяць да хаты сабаку ці ката людзі павінны падумаць, ці здольныя яны даглядаць іх асабліва летам, падчас адпачынку і памятаць, што прыйдзецца гадаванца карміць, выгульваць і лячыць.

- Ні ў якім разе хатняя жывёла не з'яўляецца добрым падарункам. Гэта адказнасць і абавязак не на дзень ці тыдзень, а на дзясятак гадоў, падкрэсліла яна.

Усё менш людзей бяруць жывёлу з прытулку на падарунак.

У прытулку ў Беластоку абмежаванне на выдачу жывёлы было ўведзена 11 снежня і будзе дзейнічаць да 9 студзеня 2024 года. Як паведаміла загадчыца прытулку Анна Ярашэвіч, установа ў чарговы раз удзельнічае ў акцыі «Сабака – не падарунак», каб прыцягнуць да ўсведамлення таго, што жывёла – гэта жывая істота і нельга ставіцца да яе як да прадметаў і даваць іх у якасці падарункаў. Акцыя памалу дае вынікі.

яс