Партал Onet.pl закранае тэму, якая рэгулярна ўздымаецца ў Польшчы. Гаворка ідзе пра тое, ці неабходна абмежаваць магчымасць вадзіць аўтамабіль пажылым кіроўцам. Тое, ці чалавек можа яшчэ кіраваць машынай, часта залежыць не толькі ад узросту, але і ад стану здароўя, – тлумачыць псіхолаг Анджэй Маркоўскі.
У Еўрасаюзе робяцца спробы абмежаваць правы сталых людзей. Партыя зялёных высунула прапанову, каб кіроўцам, старэйшым за 70 гадоў, правы падаўжаць на меншы перыяд часу, чым маладым кіроўцам, і каб яны былі абавязаныя прайсці медычны агляд. Аднак прапанова не прайшла. Чарговая дыскусія – на пачатку года.
Летась у Польшчы кіроўцы, якім 60+, выклікалі звыш 3,5 тыс ДТЗ, маладыя кіроўцы ва ўзросце 18-24 гадоў, якія лічацца самай небяспечнай у гэтым сэнсе групай, менш – 3059. У старэйшай групе назіраецца рост аварыйнасці, праўда, гэта значна меншая група, чым пажылыя кіроўцы. Па словах Маркоўскага, існуе міф, што пажылыя ездзяць нашмат бяспечней, чым усе іншыя, але гэта няпраўда. Самы небяспечны ўзрост – да 25 гадоў, а пазней – пасля 60.
Людзі, старэйшыя за 70 гадоў, звычайна ездзяць на кароткія адлегласці – у краму, паліклініку або забраць унукаў з садка ці школы. Так цяжэй патрапіць у аварыю, чым на больш доўгіх дыстанцыях.
Мяркуецца, што ў 2030 годзе ва ўсёй Еўропе кожны чацвёрты вадзіцель будзе старэйшы за 65 гадоў. Гэта ўзрост, у якім існуе большая рызыка праблем з каардынацыяй рухаў, канцэнтрацыяй увагі і правільнай ацэнкай адлегласці, чым у маладых людзей. Павялічваецца час рэакцыі і звужаецца поле зроку. Пажылыя вадзіцелі, як паказваюць даследаванні, спрабуюць кампенсаваць свае недахопы зніжэннем хуткасці руху, пазбяганнем складаных участкаў і кіраваннем уначы.
«Пажылыя вадзіцелі – гэта група з моцным уплывам, як і паляўнічыя. Здаўна, нягледзячы на спробы, не ўдаецца прыняць змены адносна палявання, таму што многія палітыкі палююць. Тым больш немагчыма будзе ўнесці змены ў дачыненні да пажылых кіроўцаў, таму што кожны палітык – кіроўца, – кажа Маркоўскі. – І, напэўна, лічаць сябе выдатнымі кіроўцамі, бо «чым старэйшы, тым лепшы, таму што «больш вопытны». Між тым, рана ці позна надыходзіць момант, калі лепш гэта праверыць. І гаворка павінна ісці не пра тое, каб неадкладна адабраць правы, а, напрыклад, аформіць увядзенне абмежаванняў: ездзіць толькі ў светлы час сутак ці толькі ў абмежаванай зоне», – дадае псіхолаг.
нг