Беларуская Служба

У Польшчы валанцёры адной з дабрачынных арганізацый праводзяць час з пажылымі людзьмі, каб яны не адчуваліся сябе самотнымі

22.12.2023 18:43
Асацыяцыя «Малодшыя браты бедных» звяртае ўвагу на тое, што нават некалькі соцень тысяч пажылых людзей на Ражджаство могуць быць у самоце і адзіноце.
Аўдыё
  • Асацыяцыя «Малодшыя браты бедных» звяртае ўвагу на тое, што нават некалькі соцень тысяч пажылых людзей на Ражджаство могуць быць у самоце і адзіноце
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnedassel/pixabay


Як мы ўжо паведамлялі, перадкалядны і калядны час у Польшчы – гэта перыяд разнастайных дабрачынных акцый, якія праходзяць у цэлай краіне. Згодна з традыцыяй і хрысціянскімі каштоўнасцямі, перад Ражджаством і падчас свята ніхто не павінен быць у патрэбе, таму палякі стараюцца дапамагчы кожнаму, каму гэтая дапамога патрэбная. Сёння мы раскажам пра чарговую арганізацыю, якая дапамагае пажылым людзям.

У Польшчы працуе шмат недзяржаўных арганізацый, якія займаюцца дабрачыннасцю і дапамогай людзям у патрэбе. Адной з іх з’яўляецца Агульнапольская асацыяцыя «Малодшыя браты бедных». У Польшчы арганізацыя працуе з 2002 года, хоць ідэя дапамогі пажылым людзям, чым менавіта займаецца асацыяцыя, з’явілася ў Францыі яшчэ да Другой сусветнай вайны. Задуму ўдалося рэалізаваць ужо пасля вайны. У 1946 годзе ў Парыжы была створаная арганізацыя Petits Frères des pauvres («Малодшыя браты бедных»). У тыя часы, адразу ж пасля вайны, многія людзі аказаліся ў патрэбе, і асабліва – пажылыя грамадзяне, якія ў большасці былі бездапаможныя ў перыяд пасляваеннай разрухі. Многія страцілі свае сем’і і блізкіх ды аказаліся ў адзіноце.

Акрамя Францыі і Польшчы, асацыяцыя працуе таксама ў Іспаніі, Ірландыі, Канадзе, Германіі, ЗША, Швейцарыі, Румыніі і Мексіцы.
У Польшчы ідэя стварэння арганізацыі з’явілася сярод маладых палякаў, якія раней выязджалі за мяжу з мэтай валанцёрскай працы, і пазней, вярнуўшыся на радзіму, вырашылі перанесці замежны вопыт у сябе на радзіме.

За момант у Польшчы – калядныя святы, якія для кожнага паляка маюць важнейшае значэнне. Асацыяцыя «Малодшыя браты бедных» звяртае ўвагу на тое, што нават некалькі соцень тысяч пажылых людзей на Ражджаство могуць быць у самоце і адзіноце. І гэта сумная навіна, бо, згодна з традыцыяй, Каляды – гэта сямейнае свята, якое трэба правесці з блізкімі людзьмі. «Малодшыя браты бедных» у гэты перыяд асабліва актыўныя, сказаў Першаму каналу Польскага радыё валанцёр арганізацыі Уладзіслаў Рыбіньскі.

- Нас – 700 чалавек, валанцёраў, якія працуюць у 12 польскіх гарадах. Канешне, хацелася б, каб нас было больш, бо шмат ёсць людзей, пажылых асоб, якім патрэбная дапамога. Мы працуем з людзьмі, якія звычайна шукаюць кампанію другога чалавека. Таму варта да нас звяртацца, калі некаму патрэбная прысутнасць іншага чалавека, і калі нехта разумее, што кампанія іншай асобы можа змяніць яго жыццё.
Мы любім бываць у нашых падапечных, у пажылых людзей – наведваць іх. Мы, валанцёры, з вялікай радасцю ходзім да нашых старэйшых сяброў. Я думаю, што кожны можа да нас далучыцца, і не трэба быць нейкім супергероем – хопіць быць звычайным чалавекам, які любіць праводзіць час з другой асобай. Мы робім звычайную рэч: выходзім са сваёй кватэры, і ідзём да людзей, якія жывуць недалёка, пераўтвараючы іх жыццё ў крыху лепшае.

Уладзіслаў Рыбіньскі сказаў, што ў рамках валанцёрства ён наведвае спадарыню, якой 98 гадоў, з якой ён праводзіць час. Паводле мужчыны, праводзячы час з жанчынай, ён атрымлівае шмат пазітыву. «Дзякуючы размове з ёй я вандрую ў часе, бо гісторыі з яе жыцця для мяне вельмі пазнавальныя», – кажа валанцёр.

Як бачна, дапамога іншым людзям можа мець розныя вымярэнні – не заўсёды гэта матэрыяльная падтрымка, бо прысутнасць у жыцці іншага чалавека для самотных людзей можа мець большае значэнне, чым нейкія матэрыяльныя рэчы.

Асацыяцыя «Малодшыя браты бедных» рэалізуе некалькі праектаў, а асноўным з’яўляецца праграма «Прысутнасць», пра якую расказаў валанцёр арганізацыі. Акрамя таго, асацыяцыя вядзе тэлефон даверу для пажылых людзей, праграму для сем’яў і людзей з хваробай Альцгеймера ды іншыя праекты.

вс

слухайце аўдыёфайл