Беларуская Служба

Чарнагорыя застаецца прытулкам для расіян, нягледзячы на санкцыі

27.12.2023 16:15
Падгорыца далучылася да санкцый Захаду супраць Масквы, але расійскія алігархі па-ранейшаму карыстаюцца выгодамі гэтай краіны.
Zatoka Kotorska
Zatoka KotorskaShutterstock/eFesenko

«Калі была створана зямля, найпрыгажэйшае спалучэнне зямлі і вады адбылося ў Чарнагорыі», – пісаў лорд Байран у 19 стагоддзі. Горы тут падыходзяць да Адрыятычнага мора, што лепш за ўсё відаць на спуску ад сталіцы Падгорыцы да  Будвы, размешчанай на ўзбярэжжы. Злыя языкі кажуць, што гэтая траса – адзінае месца, адкуль добра выглядае горад, бо папулярны турыстычны порт сам па сабе не надта прыгожы. Гэта шчыльнае перапляценне забітых вуліц, усюдыісных шыльдаў і бязладных шматкватэрных дамоў, у якіх лёгка заблудзіцца. Чарнагорцы нават прыдумалі тэрмін «будванізацыя», каб апісаць гэты хаос. Гэта кантрастуе з больш багатымі і прыгожымі гарадамі паблізу, такімі як Катор або Ціват.

Краявіды і міжземнаморскі клімат прыцягваюць мноства турыстаў, у тым ліку і расіян, якія карыстаюцца бязвізавым рэжымам. Багатыя расіяне могуць сабе дазволіць тут кватэры ці яхты. Іх прысутнасць важная для эканомікі краіны, якая развіваецца, і дзе турызм складае чвэрць ВУП. Але ўжо два гады ў Чарнагорыі заўважныя і іншыя расіяне – бяднейшыя, без фірмовай вопраткі і галівудскіх усмешак. Тыя, хто запальваюць цыгарэту ў начным цягніку Бялград-Падгорыца, нервова ўсміхаюцца і ціха размаўляюць адзін з адным пра мабілізацыю ў сваёй краіне. Ім сорамна. Яны дэманструюць памежнікам пашпарт, загорнуты ў калядную падарункавую паперу, каб спадарожнікі не бачылі двухгаловага арла і надпіс на ім «Российская Федерация». У цягніку таксама едуць украінцы. Кажуць, што Чарнагорыя, дзе пражывае прыкладна столькі ж жыхароў, колькі ў правабярэжнай Варшаве, прыняла іх найбольш на душу насельніцтва з усіх краін свету. Гэтыя дадзеныя цяжка праверыць яшчэ і таму, што многія з іх разглядаюць Чарнагорыю як перавалачны пункт далей на Захад.

Грамадства ў лічбах мусіць паказаць перапіс насельніцтва, які цяпер ідзе, першы з 2011 года і першы пасля адхілення ад улады Міла Джукановіча – палітыка, які выступаў за незалежнасць і аддзяленне ад Сербіі (гэта адбылося пасля рэферэндуму 2006 году), а пазней засяродзіўся на ўступленні ў НАТА і ЕС, развіцці чарнагорскай нацыянальнай ідэнтычнасці. «Падчас папярэдняга перапісу многія сербы баяліся прызнацца ў сваім паходжанні. З іншага боку, чарнагорская ідэнтычнасць становіцца ўсё больш папулярнай. Акрамя таго, ёсць рускія і ўкраінцы. Усё гэта азначае, што мы з нецярпеннем чакаем вынікаў перапісу, якія павінны з'явіцца ў пачатку наступнага года», – пракаментавала ўрадавая крыніца выдання.

Перад Чарнагорыяй шмат працы. У тым ліку на полі імплементацыі санкцый супраць расіян. Афіцыйна Чарнагорыя, у адрозненні ад Сербіі, далучылася да заходніх санкцый. Але на практыцы сітуацыя не выглядае аптымістычна. Паводле інфармацыі DGP, сярод уласнікаў яхт, што знаходзяцца ў Чарнагорыі, ёсць як мінімум адно прозвішча, якое акурат у санкцыйным спісе. Гэта дэпутат Мікалай Ганчароў, у спісе гэтых уласнікаў ёсць і іншыя прозвішчы асобаў, якія цесна супрацоўнічаюць з Крамлём. Але яхты – гэта толькі вяршыня айсбергу, падобнае назіраецца і ў сферы нерухомасці. Агулам каля 19 тысяч грамадзян Расіі валодаюць нерухомасцю ў Чарнагорыі. Нягледзячы на санкцыі, вайну РФ супраць Украіны, Чарнагорыя застаецца прытульным месцам для расіян.

Dziennik Gazeta Prawna / вх