У Польшчы пачалося не проста новае жыццё
Валянціна па адукацыі педагог, настаўніца нямецкай і англійскай моваў. Праўда, працаваць у школе ёй не давялося. Ды і, як сама кажа, замежныя мовы не былі яе прызваннем, хаця ўжо будучы ў Польшчы, веданне нямецкай мовы ёй вельмі дапамагло.
-Я змагла хутка знайсці працу з нямецкай мовай. Калі мы прыехалі і былі тут ужо тры месяцы, я даведалася, што цяжарная. Трэба было хутка шукаць працу, прычым, афіцыйную. А ў гэты час яшчэ пачалася вайна – быў вельмі складаны час. І вось з нямецкай мовай я ўладкавалася ў тэлефонную кампанію, якая аказвае паслугі сувязі ў Нямеччыне і адказвала на запыты кліентаў.
А далей усё склалася ўдала – Валянціна нарадзіла хлопчыка, яшчэ на працягу паўтары гады кампанія выплачвала ёй дэкрэтныя. Дарэчы, яна згадвае, што і нараджаць у Польшчы было зусім не страшна – сучасная медыцына і адпаведнае стаўленне медыцынскага персаналу.
Наагул, да прыезду ў Польшчу яна не вельмі ўяўляла, як можа тут складвацца яе жыццё. І вось так з мужам і сабакам ехалі ў невядомасць.
-На самой справе нейкіх цяжкасцяў у нас не было. Яшчэ калі мы былі ў Беларусі, нам казалі, што з сабакам будзе складана знайсці жыллё. Але калі прыехалі, то пабачылі, што ў многіх палякаў ёсць сабакі і яны добра да іх ставяцца і жыллё мы знайшлі хутка. Ну ёсць нейкія справы звязаныя з легалізацыяй, але гэта хутчэй маральныя цяжкасці, бо не ведаеш мовы і табе трэба ўвесь час нешта даведвацца, як правільна рабіць. Але палкі ў колы табе ніхто не ставіць. Адзін раз паспрабаваў, а потым ужо і ведаеш. Таму, што датычыць адаптацыі, у нас не было ніякіх цяжкасцяў.
Усё паціху неяк уладкоўвалася, хаця была надзея, што хутка вернуцца дадому.
-Мы спачатку казалі, што не будзем купляць шмат рэчаў, каб не захламляцца, а потым скупілі ўсё, што маглі, заставілі ўсю кватэру. Час падышоў ужо нешта выкінуць. Мне вельмі падабаюцца людзі ў Польшчы – вельмі адкрытыя, добразычлівыя. Нават не гледзячы на тое, што мы не вельмі ведаем іх мову, ніхто ніколі нам не сказаў нічога дрэннага.
Чаму я плакала?
Іншая справа, як згадвае Валянціна, не адпускалі падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ў 20-м годзе.
-Маральна было вельмі цяжка. Больш трох месяцаў я знаходзілася ў дэпрэсіі. Пасля падзеяў у Беларусі мы прыехалі нейкія, як пабітыя. Маральны стан быў вельмі цяжкі, не хацелася нічога глядзець, ні пра што новае дазнавацца, проста сядзець у кватэры і глядзець у вакно.
А яшчэ з пачаткам вайны пачалі хадзіць на антываенныя мітынгі і гэта дадавала маральнага цяжару.
-Заўсёды хацелася плакаць. І я думала – чаму я плачу, хоць зусім не плаксівая. Але потым, калі аналізавала свой стан, зразумела, што мне незвычайна тое, што стаю на мітынгу і тут бяспечна. Ёсць разуменне, што мяне ніхто не паб’е, што ёсць паліцыя, якая мяне ахоўвае. Было дзіўна глядзець, як паліцыя праводзіць жанчыну з каляскай сярод людзей, каб ёй было бяспечна. І вось ад гэтага хацелася плакаць.
Так хацелася будаваць новую Беларусь
Дарэчы, узгадваючы падзеі ў Беларусі, Валянціна сціпла зазначае, што нічога асаблівага не зрабіла, проста разам з усімі хадзіла на маршы, чакала, калі яны будуць і нават уяўляла, як удзельнікаў на іх катуюць. Згадвае, як стаяла з іншымі дзяўчатамі на першым маршы, як было страшна, але не пакідала разуменне, што гэта трэба рабіць.
-Я была ўпэўнена, што Беларусь стане вольнай і ўсё зменіцца. Пачнуцца перамены і я гэтага чакала, бо вельмі хацелася ўдзельнічаць у пабудове новай Беларусі. І быў такі вельмі высокі маральны ўздым. Але калі пачала чытаць навіны з Акрэсціна, ды і наагул, тады маральны ўздым змяняўся на супрацьлеглы…
З любімай справай аказалася не ўсё так проста
У Беларусі Валянціна пасля сканчэння ўніверсітэту займалася офіснай працай, але гэта яе не задавальняла. Кажа, лепей бы будавала сцяну, то хоць бачыла б, што канкрэтна зрабіла, а ў офісе канкрэтных вынікаў не відаць. Пасля доўгіх пошукаў новага занятку Валянціна занялася рамесніцкай дзейнасцю, пачала рабіць дзявочыя ўпрыгожванні.
-Я рабіла карункі, з дапамогай чаўнакоў пляла розныя карункавыя рэчы з нітак. І нарабіўшы іх, паехала ўдзельнічаць у сваёй першай выставе ў Мінск.
Як не дзіўна, але справа ў Валянціны хутка закруцілася, вучылася сама, шмат і ўжо праз некаторы час гэтым заняткам магла забяспечыць сваё жыццё. І гэта было, паводле яе, сапраўды цікава. І з’явілася задавальненне ад працы.
Праўда, у Польшчы, спрабуючы займацца тым жа рамесніцтвам, ад пачатку справа не заладзілася і яна нават настроілася закінуць гэты занятак. Скончыла курсы маркетынку, спрабавала займацца вэб-дызайнам, але, як сама заўважае рукі часаліся.
-Ну вось пару тыдняў таму я пачала ізноў прадаваць свае вырабы. Таму гэта як бы не закрытае пытанне і паглядзім, што з гэтага атрымаецца праз год.
-Але нешта атрымліваецца?
-Я цалкам змяніла матэрыялы з якімі працую і больш гэта не карункавыя рэчы. Мне давялося пераасэнсаваць усю сваю дзейнасць. Пакуль я атрымліваю шмат пазітыўных водгукаў, але продажаў няшмат.
Тут і лясы не такія дзікія, як у нас…
Цікаўлюся ў Валянціны, як даўно яна размаўляе па-беларуску. Усміхаецца і кажа, што на яе таксама паўдзельнічалі і падзеі 20-га году і атмасфера ў эміграцыі. Ды і самі жыццёвыя абставіны дапамаглі гэтаму.
-Але на самой справе ў мяне гэта нешта большае, чым проста нейкі пратэст. Бо беларуская мова мне заўсёды падабалася і падабалася, як прыгожа яна гучыць. Я памятаю, як у нас у пад’ездзе жыў мужчына і размаўляў толькі па-беларуску. Калі ён прыходзіў да таты і нешта казаў, то я сядзела прытуліўшыся да сцяны і ўважліва слухала яго словы. Але жывучы ў Беларусі ў мяне ніколі не было думкі, што я сама магу размаўляць па-беларуску. Было сорамна, што беларуска не ведае беларускай мовы. І насамрэч я ведала лепш нямецкую, чым беларускую.
Цяпер Валянціна і на Беларусь глядзіць па-іншаму. Ёй вельмі хочацца адвезці туды свайго сына, каб яго пабачылі блізкія і родныя. Шмат наагул думак пра радзіму.
-Гэта цяжкае для мяне пытанне. Асабліва ў гэты перыяд, калі вельмі сумую па дому. І калі бачу фатаздымкі нейкіх дамоў, вёсак беларускіх у мяне нібы ўнутры ўсё пераварочваецца. Вельмі сумую па маіх бацьках і калі была магчымасць хоць з гадзінку з імі пасядзець паехала б праз усю Польшчу. Тут і прырода не такая, як у нас. Мне не хапае таго дзікага лесу, як у нас, і балотаў тут такіх няма…
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё!