Беларуская Служба

Сталіца Славеніі сёлета прымае Еўрапейскую сустрэчу моладзі «Тэзэ»

31.12.2023 16:39
Дэвіз сёлетняй сустрэчы – «Разам у дарозе».
.
.Himsan/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Любляну прыехала не менш за пяць тысяч маладых людзей з 48 краін. Сустрэча ў славенскай сталіцы з’яўляецца 46-й па ліку сустрэчай моладзі, арганізаванай экуменічнай хрысціянскай супольнасцю з французскага Тэзэ.

Афіцыйнае адкрыццё сустрэчы адбылося ў сталічнай залі «Stožice» – гэта была супольная вячэрняя малітва, на якую былі запрошаны таксама жыхары Любляны. Пасля рэгістрацыі ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся больш чым у дзве тысячы месцаў пражывання – у парафіях і прыватных дамах. Праграма мерапрыемства складаецца перадусім з супольных малітваў і размоваў на тэмы, якія хвалююць сучасную моладзь.

Кіраўніцтва супольнасці братоў з Тэзэ ў сёлетнім пасланні да моладзі напісала, што для таго, каб справіцца з праблемамі сучаснага свету, такімі як войны, неабходна слухаць адзін аднаго і разам працаваць над іх вырашэннем.

У навагоднюю ноч удзельнікі збяруцца ў мясцовых касцёлах, каб памаліцца за мір і адзначыць Дзень нацый. 1 студзеня яны раз'едуцца па дамах.

Еўрапейскія сустрэчы моладзі былі ініцыяваны ў канцы 1970-х гадоў братам Ражэ, заснавальнікам экуменічнай супольнасці Тэзэ. Яны ладзяцца з 1978 года ў розных гарадах Еўропы. Моладзь, якую вітаюць парафіі, супольнасці і жыхары, моліцца аб міры ў свеце і прымірэнні паміж людзьмі. Праз спевы, размовы з братамі і абмен думкамі ў малых групах яны могуць паглыбляць веру і знаходзіць адказы на свае пытанні. Яны таксама даведаюцца аб праблемах мясцовых цэркваў.

Экуменічная супольнасць Тэзэ была заснавана ў 1940 годзе ў французскай Бургундыі. Яна была створана для садзейнічання і ажыццяўлення прымірэння паміж людзьмі розных веравызнанняў і поглядаў. Яе заснавальнікам быў брат Ражэ, які быў забіты ў 2005 годзе падчас святкавання службы. З гэтага часу кіраўніком супольнасці стаў брат Алоіс з Германіі.

У пачатку снежня (2023 г.), пасля 18 гадоў кіраўніцтва супольнасцю, брат Алоіс, у сувязі са зменамі ў Касцёле і грамадстве, перадаў пасаду прыёра 58-гадоваму брату Мэцью, брытанцу англіканскай веры. Супольнасць Тэзэ з’яўляецца адной з найбольш часта наведвальных цэнтраў хрысціянскага жыцця ў свеце.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры