Беларуская Служба

У эміграцыі ў яе аднавілася жаданне маляваць

08.01.2024 15:24
Беларуская мастачка распавядае пра сваё жыццё ў эміграцыі і згадвае, як нечакана для яе самой ізноў з’явілася жаданне заняцца жывапісам.
Аўдыё
  • У эміграцыі ў яе аднавілася жаданне маляваць
Карціна мастачкі.

Усё змяніў 20-ы год

Вольга – мастачка. Вучылася ў мастацкай школе, скончыла ўніверсітэт і наагул, як сама заўважае, усё яе жыццё так ці інакш звязана з мастацтвам ці з нечым што каля мастацтва.

Праўда, пасля сканчэння ўніверсітэту занялася вырабам вітражоў. Рабілі гэта разам з мужам, як правіла, на прыватныя замовы. Чаму менавіта вітражы, а не жывапіс – нейкага ўцямнага адказу пакуль сама не знайшла.

- Хацелася рабіць графіку, бо я навучалася ў вядомага ў свеце графіка. Але нешта мне не пайшло. І я акунулася ў вітражы. Для мяне гэта такое спалучэнне жывапісу, графікі і нечага прыкладнога ў адным. І мне гэта было нечым такім патрэбным тады.

Праца, як згадвае суразмоўніца, падабалася, мелі з мужам сваю майстэрню, Жылі, будавалі планы, але наступіў 20-ы год. Вольга ўдзельнічае ў зборы подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата, разам з мужам выходзяць на акцыі пратэсту… Усё, як і ў большасці яе знаёмых і сяброў, але потым пачаліся рэпрэсіі.

-Пачуццё небяспекі, якое не праходзіць – гэта не давала магчымасці нармальна жыць. Аб творчасці наагул не магло ісці гаворкі. Увесь час напружанне і думаеш – прыйдуць-не прыйдуць, што будзе заўтра, бачыш, як забіраюць тваіх сяброў, знаёмых, суседзяў і яшчэ, калі суседзі і забіраюць… Нейкі сюррэалізм… І калі ты ўспрымаеш усё гэта блізка да сэрца, то жыць папросту немагчыма.

. .

У Польшчы было ўсё знаёмае, але пачалася вайна

Знаёмыя падказалі, што прыйшла іх чарга з’язджаць. Былі нейкія дзіўныя адчуванні, бо ніколі не думалі, што ў такіх варунках давядзецца мяняць месца жыхарства.

-Увогуле мы раней думалі, каб паехаць некалі паспрабаваць пажыць у іншай краіне, бо я ніколі не жыла нідзе апроч дому. Але ж не так, каб уцякаць, а каб паспрабаваць пажыць, займець нейкі досвед.

Польшча прыняла нармальна, як распавядае Вольга, бо тут жывуць шмат знаёмых, сяброў, сюды часта раней прыязджалі на закупы, многае ведалі, ды і ў мужа ёсць польскія карані. Ды і наагул Польшча ніколі не была чужой краінай. Праўда, праз два месяцы пачалася вайна.

-Я пайшла валанцёрыць і валанцёрыла тры месяцы – дапамагалі ўкраінцам. Гэта быў мой такі пачатак. Муж працаваў, а я валанцёрыла цэлымі днямі па 12 гадзін разам з другімі беларусамі, украінцамі, з Расеі былі людзі, з палякамі. І гэта, дарэчы, нейкім чынам дапамагло мне перажыць той складаны момант, калі было вельмі цяжка.

А праз год сталася нечаканае

-Год таму я пачала ізноў маляваць нават трохі нечакана для сябе. Можна сказаць, што гэта ішло ад сэрца, я проста адчула, што хачу ізноў маляваць. Я адчула гэтае жаданне, натхненне, ну і папросту пачала.

Сябры і знаёмыя, пабачыўшы новыя працы Вольгі, дапамаглі зарыентавацца, дзе іх можна выстаўляць і прадаваць. Сама Вольга кажа, што гэты працэс аказаўся зусім няпростым, трэба рабіць намаганні, але яна ўвесь час імкнецца ўдасканальвацца.

-Мастацтва – гэта мая праца. Жыву з гэтага. Думаю, што пачатак добры і спадзяюся, што далей будзе лепей.

-А што вам цяпер малюецца?

-На дадзены момант малююцца спакойныя пейзажы з адзінокімі дамамі, але каларыстычна даволі яркія, каляровыя і пазітыўныя. Я нават не ведаю чаму так. Папросту, што прыходзіць у галаву, тое і малюю, імкнуся сябе не прымушаць, не абмяжоўваць, ні ставіць ніякіх рамак, каб гэта маё натхненне не спалохаць і працягваць рабіць тое, што раблю.

Звяртаю ўвагу мастачкі на тое, што яе пейзажы нагадваюць хутчэй не Беларусь, а нешта скандынаўскае.

-Матывы маіх пейзажаў адначасова і беларускія і скандынаўскія. Натхняюся я і Беларуссю, і Скандынавіяй, і Польшчай і прыродай наагул. І здаецца мне, што я імкнуся намаляваць такое месца ў якім мне будзе ідэальна. Такую прастору, дзе ўсё будзе, як я хачу. Ну і так паўстаюць мае карціны.

. .

Беларусь застаецца з намі

Паводле мастачкі, за свае працы яна можа ўжо пражыць у Польшчы. У дадатак да таго, што працуе муж, маюць магчымасць паехаць летам на адпачынак. У матэрыяльным сэнсе нібы многае падобна, як і ў Беларусі, але вось стаўленне да мастака ў Польшчы іншае.

-Палякі заўсёды захапляюцца карцінамі, кажуць як прыгожа намалявана і да ўсяго – купляюць іх. А калі людзі не купляюць мастацтва, не маюць на гэта сродкаў, то і цяжка сказаць, як яны да гэтага ставяцца. Магчыма ніяк.

Цікаўлюся ў Вольгі – якое месца зараз у яе жыцці займае Беларусь? Трохі ўсміхаючыся мастачка кажа, што пра Беларусь з мужам не забываюць.

-Не адбіліся мы ад Беларусі, у нас тут знаёмыя сябры з Беларусі і яшчэ некаторыя даязджаюць. З гэтым усё добра. І беларускае жыццё тут ёсць, і імпрэзы і месцы беларускія куды можна схадзіць. Можна не адрывацца ад радзімы. Праўда, шкада, што не маем магчымасці хаця б раз-два на год паехаць дадому, але ёсць пакуль, як ёсць і на гэта мы не можам паўплываць.

Праўда, трохі падумаўшы дадае:

-Канешне, сумую па Беларусі, па людзях, па любімых мясцінах. Праўда, імкнуся не канцэнтравацца на гэтым, каб была прастора для далейшага развіцця, для жыцця, для нечага новага.

Хочацца, каб пра нашу культуру ведалі больш у свеце

Вольга з жалем заўважае, што ў Польшчы няшмат ведаюць пра беларускае мастацтва, наагул пра культуру. Да большасці людзей, паводле яе, даходзяць толькі навіны з тэлевізара.

-Хацелася б зрабіць усё магчымае, каб прамаваць у Еўропе беларускае мастацтва і культуру. Вось цяпер пра ўкраінскую культуру свет даведаўся. А я думаю, што было б цікава свету пазнаёміцца і з беларускай культурай і ідэнтычнасцю.

Паводле Вольгі, яна заўсёды ведала і верыла ў свой народ, у яе не было ніякіх сумневаў у яго годнасці. А 20-ы год толькі пацвердзіў гэта. На развітанне пацікавіўся ў суразмоўніцы – хто яе любімы мастак.

-Мае любімыя мастакі? Барыс Забораў. Гэта беларускі мастак, які жыў у Парыжы, у эміграцыі. Калі была на яго выставе ў Мінску, працы моцна ўразілі мяне, да глыбіні. У яго вельмі сур’ёзныя вобразы, яны прымусілі мяне, тады яшчэ юначку, задумацца аб жыцці. Гэта было моцнае ўражанне: і візуальнае, і сэнсавае. Вось так адразу – адразу ўсё.

Павел ЗАЛЕСКІ


. .