Беларуская Служба

У Торуні прайшла дэманстрацыя ў абарону беларуса, якому пагражае дэпартацыя з Польшчы

18.01.2024 13:01
Агенцтва ўнутранай бяспекі палічыла Паўла Юшкевіча «пагрозай дзяржаўнай бяспецы» Польшчы.
Беларускі пашпартфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/нг

Жыхары горада Торунь у паўночнай Польшчы дэманстравалі ў абарону Паўла Юшкевіча, якому пагражае дэпартацыя ў Беларусь. У сераду ўвечары палякі і беларусы сабраліся ля помніка Каперніку ў знак салідарнасці з беларускім дзеячам, паведамляе выданне Nowości Dziennik Toruński.

Грамадзянін Беларусі, які гадамі пражывае ў Польшчы, страціў права на пражыванне ў краіне і падлягае дэпартацыі на радзіму. У абарону Паўла Юшкевіча ангажавалася шмат людзей, у тым ліку старшыня Гарадской рады Торуні Марцін Чыжнеўскі.

«Я прасіў Куяўска-Паморскага ваяводу прыняць меры для прадухілення дэпартацыі Паўла Юшкевіча. Спадар Павел, беларус, які ў Польшчы пражывае з 17 года жыцця. Ён не можа атрымаць польскага грамадзянства праз сакрэтнае заключэнне Агенцтва ўнутранай бяспекі, якое, як я цалкам перакананы, з'яўляецца вынікам правакацыі рэжыму Лукашэнкі. Я асабіста ведаю спадара Паўла і ручаюся за ягоную адданасць Польшчы, а таксама за прыхільнасць беларускім дысідэнтам», – напісаў у сацсетках Марцін Чыжнеўскі.

Павел Юшкевіч нарадзіўся ў Васілішках на Гродзеншчыне. У Польшчу ён прыехаў адразу пасля школы ва ўзросце 17 гадоў. Спачатку жыў з сямʼёй у Піле, потым прыехаў у Торунь. Ва ўніверсітэце імя Мікалая Каперніка скончыў спачатку педагогіку, потым міжнародныя адносіны. Потым атрымаў ступень бакалаўра расійскай філалогіі і пачаў пісаць доктарскую дысертацыю.

У 2011 годзе Павел Юшкевіч атрымаў узнагароду лепшага замежнага студэнта ў Польшчы, а іншы раз – лепшага студэнта Куяўска-Паморскага ваяводства. Ягонае прозвішча было ўнесенае ў Залатую кнігу студэнтаў торуньскай ВНУ.

У 2008 годзе ён без праблем атрымаў від на жыхарства, а ў 2012 годзе падаў дакументы на польскае грамадзянства. Аднак яму адмовілі, бо Агенцтва ўнутранай бясьпекі палічыла яго «пагрозай дзяржаўнай бясьпецы». У такіх выпадках спецслужбы не тлумачаць, чаму прынялі такое рашэнне: яно мае сакрэтны характар.

Ужо тады Паўлу Юшкевічу пагражалі дэпартацыяй, але гэтае рашэньне было абскарджана. На пачатку студзеня бягучага года мужчыну пазбавілі віду на жыхарства і далі месяц на тое, каб пакінуў Польшчу.

Згаданае рашэнне, паводле выдання Nowości Dziennik Toruński, азначае для Юшкевіча зняволенне і жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі.

аз