Беларуская Служба

Міністарка адукацыі прапануе адмяніць хатнія заданні, гучаць галасы крытыкі

23.01.2024 12:31
«Адмена хатняй працы павялічыць разрыў у адукацыі паміж дзецьмі з добрых школ і дзецьмі з горшых».
.
Ілюстрацыя.фота: Pixabay.com/Mediamodifier

Выданне Do Rzeczy нагадвае, што міністарка адукацыі Барбара Навацка абвясціла аб рэформах у адукацыйнай сістэме. Адзін з элементаў рэформы – адмена хатніх заданняў, спачатку ў пачатковых класах, а потым і старэйшых, у тым ліку ў ліцэях. Міністарка таксама абвясціла аб скарачэнні школьнай праграмы і ліквідацыі прадмета «Гісторыя і сучаснасць».

Падчас прэс-канферэнцыі віцэ-спікер Сейма Кшыштаф Босак заявіў, што адмена хатняй працы павялічыць разрыў у адукацыі паміж дзецьмі з добрых школ і дзецьмі з горшых.

– Міністр не павінен навязваць усім такія рэчы, таму што бацькі маюць канстытуцыйныя правы, у тым ліку права выхоўваць дзяцей у адпаведнасці са сваімі перакананнямі, права выбіраць школу, права ствараць і кіраваць рознымі школамі, – пракаментаваў адзін з лідараў партыі «Канфедэрацыя». – Дасягнуць добрых вынікаў у вучобе, не прысвячаючы на гэта час дома, магчыма, але толькі ў сапраўды добра арганізаваных школах, дзе ёсць невялікія класы і індывідуальная работа настаўніка з вучнямі, – дадаў ён.

– Няхай міністр Навацка спачатку зоймецца вырашэннем больш элементарных праблем, напрыклад, каб класы не былі перапоўненыя, каб настаўнікі былі падрыхтаваныя і ахвотна ішлі працаваць у школу за добрую зарплату, каб усе вучні размаўлялі па-польску, – прапануе Босак.

нг