У кампаніі Wildberries абвяргаюць звесткі, што будаўніцтва хаба ў індустрыяльным парку «Вялікі Камень» пад Мінскам адбываецца паскоранымі тэмпамі, паведамляе «Еўрарадыё».
У прэс-службе расійскага маркетплэйса беларускаму выданню «Мінская праўда» заявілі, што працягваюць «сістэмна развіваць лагістычную інфраструктуру ва ўсіх краінах прысутнасці». Наконт тэмпаў у кампаніі кажуць, што «будаўніцтва складскіх аб'ектаў ідзе ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі», а звесткі пра паскоранае будаўніцтва ці магчымы перанос асноўных лагістычных магутнасцяў за межы Расіі «не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю».
Публікацыі такога кшталту, заяўляюць у Wildberries, «ствараюць лішні ажыятаж вакол працэсаў, якія знаходзяцца ў працоўным рэжыме».
Як паведамлялася раней, пра паскораныя тэмпы будаўніцтва склада пад Мінскам расказаў у каментары Беларускаму тэлебачанню першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» Кірыл Карацееў. Паводле яго, будаўніцтва ідзе з апераджэннем графіка, а першыя секцыі абʼекта ўжо нават уведзеныя ў эксплуатацыю.
У Расіі склады Wildberries апошнія тыдні сталі пастаяннымі абʼектамі атакаў украінскіх дронаў. У выніку, як пісалі СМІ, кампанія шукае магчымасці перанесці хабы за межы Расіі — у Беларусь, Казахстан і Узбекістан.
вс