Беларуская Служба

Больш за 17 тыс злачынстваў здзейснілі ў Польшчы іншаземцы, у тым ліку каля 1 тысячы – беларусы

25.01.2024 11:59
Шмат іншаземцаў затрымліваюць падчас кіравання аўтамабілем пад уплывам алкаголю ці наркотыкаў.
.
Ілюстрацыя.Фота: Pixabay.com/Alexas_Fotos

Летась замежнікі здзейснілі ў Польшчы звыш 17 тыс злачынстваў – на 2,4 тысячы больш, чым годам раней. За дзесяцігоддзе рост у пяць разоў (з 3,5 тысячы ў 2013 годзе). Пра гэта піша Rzeczpospolita. Найбольш супрацьпраўных дзеянняў было з боку ўкраінцаў (каля паловы з 17 тыс.), што і зразумела, беручы пад увагу вялізны маштаб міграцыі з Украіны. Усё больш іншаземцаў затрымліваюць падчас кіравання аўтамабілем пад уплывам алкаголю ці наркотыкаў.

На другім месцы па колькасці злачынстваў сярод замежнікаў – грузіны, пазней ідуць беларусы беларусы (2714 і 1030 чалавек адпаведна), а за імі – прыезджыя з Малдовы ды Расіі.

Амаль кожнае трэцяе парушэнне – кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення – агулам было амаль 4,9 тыс чалавек (у тым ліку каля 70% украінцаў і чвэрць грузінаў). Кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага апʼянення становіцца ўсё большай праблемай, і нават паліцыянты часам здзіўляюцца, што чалавек быў у стане весці машыну. Напрыклад, 38-гадовы мужчына, які не справіўся з кіраваннем і перакуліўся на дарозе каля Закапанэ, меў 3,6 праміле алкаголю ў крыві.

Шмат прыкладаў, калі замежнікі парушаюць судовую забарону кіравання транспартным сродкаў і зноў садзяцца за стырно, часам зноў у стане ап’янення. Судовыя забароны парушалі ў асноўным украінцы – 518 з іх (з 871 замежніка), за што былі прыцягнутыя да адказнасці.

- У Польшчы жыве 2,5 мільёна грамадзян Украіны, таму гэтая зʼява – вынік вялікага маштабу міграцыі. Магчыма, яны і пʼюць больш ды часцей і не звяртаюць увагі на тое, у якім стане садзяцца за руль. Гэта можа быць звязана з рознымі праблемамі, у тым ліку культурнымі. Паліцыя павінна ўсім даваць аднолькавыя штрафы. Тады людзі хутка адвыкаюць ад кепскіх паводзінаў, незалежна ад таго, з якой краіны яны паходзяць, – каментуе Міраслаў Скурка (Mirosław Skórka) з Аб’яднання ўкраінцаў у Польшчы.

У сваю чаргу прафесар крыміналістыкі Брунон Голыст (Brunon Hołyst) адзначае, што некаторыя замежнікі адчуваюць сябе ў Польшчы гасцьмі, таму мяркуюць, што ім тут дазволена больш, чым на радзіме. У грамадскіх кампаніях неабходна ім нагадваць, што гэта не так.

нг