Беларуская Служба

Курс хірургіі і прагляд унікальнай калекцыі дэрматалагічных муляжоў на дабрачынным аўкцыёне WOŚP

25.01.2024 14:18
Сёлетні фінал дабрачыннай акцыі Вялікі аркестр святочнай дапамогі (Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy) пройдзе пад лозунгам: «Лёгкія пасля пандэміі. Граем для дзяцей і дарослых». Фінальныя мерапрыемствы запланаваны на 28 студзеня.
Аўдыё
Pióro, partia szachów, oprowadzanie po siedzibie MSZ. Ministrowie na WOŚP
Pióro, partia szachów, oprowadzanie po siedzibie MSZ. Ministrowie na WOŚPPAP/Albert Zawada

Па выніках дабрачыннага збору Фонд плануе набыць абсталяванне для 15 пульманалагічных аддзяленняў для дзяцей і 49 аддзяленняў для дарослых.

Праблемы людзей, якія захварэлі на ковід, асабліва калі хвароба праходзіла цяжка, будуць адчувацца яшчэ доўгі час, сказаў у эфіры Польскага радыё загадчык катэдры і клінікі інфекцыйных хваробаў Люблінскага медыцынскага ўніверсітэту прафесар Кшыштаф Тамасевіч (Krzysztof Tomasiewicz).

– Праблема постковіду, мяркую, будзе нас закранаць яшчэ шмат гадоў. Назіралі мы сапраўды цяжкія выпадкі ковіду ў першыя два гады пандэміі. Шмат людзей атрымалі шкоду здароўю, можа быць, не незваротную, але доўгатрывалую, гэта, можа, лепшае слова. І вельмі рады, што сёлета Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy занялася гэтай тэмай. Гэта праблемы дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі такіх людзей.

Дзіцячы кардыяхірург і сузаснавальнік Вялікага аркестру святочнай дапамогі  прафесар Богдан Марушэўскі (prof. Bohdan Maruszewski) падкрэсліў, што патрэбы польскіх шпіталяў вельмі вялікія, калі размова ідзе пра барацьбу з хваробамі лёгкіх.

– Фінал прыгатавалі спецыялісты, найвыбітнейшыя пульманолагі, якія лечаць як дарослых, так і дзяцей. Гэта будзе тычыцца 49 пульманалагічных аддзяленняў для дарослых і 15 для дзяцей. Больш таго, калегі, якія падрыхтаваі фінал і тое, што будзем рабіць пасля, правялі анкетаванне ў розныях асяродках, мы будзем ведаць пра рэальныя патрэбы.

Як распавёў прафесар Марушэўскі, у працэдуры набыцця абсталявання за сродкі з дабрачыннага збору ёсць жорсткія правілы. Апараты, набытыя фондамі, павінны быць якаснымі і абслугоўваць як мага больш пацыентаў:

– Мы ведаем, што гэта будзе самая сучасная дыягнастычная апаратура. Магнітна-рэзанансная тамаграфія, тамографы, ультрагукавыя сканеры. Будзе і эндаскапічная дыягностыка. Таксама закупім апаратуру для ацэнкі функцыі лёгкіх, спірометры. Таксама вялікі попыт на тэрапію або абсталяванне для рэспіраторных фізіятэрапетычных працэдур.

Ён адзначыў, што цяпер многія палякі змагаюцца з ускладненнямі пасля Covid-19, а рэспіраторныя захворванні з-за забруджанага паветра таксама закранаюць усё больш дзяцей. Таму тэма будучага фіналу «Вялікага аркестра святочнай дапамогі» – «Лёгкія пасля пандэміі»:

Як паведаміў кіраўнік Фонду Ежы Юрэк Оўсяк (Jurek Owsiak), плануецца набыць абсталяванне для 15 пульманалагічных аддзяленняў для дзяцей і 49 аддзяленняў для дарослых. Таксама Фонд хоча падтрымаць пацыентаў з мукавісцыдозам

– Сярод іншага падтрымаем хворых на мукавісцыдоз. Хвароба невылечная. Але ўвесь час свет на гэтай тэме засяроджваецца і шмат робіць, каб дапамагчы пацыентам. У Заходняй Еўропе жыццё такім пацыентам падоўжылі ад дзесяці год і больш. Мусім зрабіць усё, каб і польскія пацыенты мелі такія магчымасці – сучасныя лекі, дыягностыка, а таксама ўмовы, у якіх знаходзіцца пацыент.

Мукавісцыдоз – рэдкае генетычнае захворванне. У Польшчы з гэтай хваробай жыве каля 2 тысяч чалавек. Штогод гэта захворванне выяўляецца ў прыблізна 80 дзяцей.

За некалькі дзён да 32-га фіналу «Вялікага аркестра святочнай дапамогі» было створана 24 000 еСкарбонак. Ужо пералічана больш за 4,5 мільёна злотых ахвяраванняў.

Арганізаваны таксама дабрачынны аўкцыён, на якім прадстаўленыя самыя розныя лоты. Напрыклад, шпацыр з міністаркай клімату і аховы навакольнага асяроддзя Паўлінай Хэніг-Клоска па Белавежскім нацыянальным парку. А Медыцынскі ўніверсітэт Вроцлава прапануе на аўкцыёне курс эндаскапічнай хірургіі, хірургічнае накладанне швоў або прагляд унікальнай калекцыі дэрматалагічных муляжоў, гэта значыць васковых злепкаў частак цела з пашкоджаннямі скуры.

Фінальныя мерапрыемствы вялікай дабрачыннай акцыі запланаваны на 28 студзеня. Летась фонд «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» сабраў амаль 2 мільярды злотых.

IAR/вх