Беларуская Служба

Камісар па абароне і адзіным рынку ЕС: ЕС павінен сур'ёзна падумаць пра абарону

27.01.2024 11:56
Неабходна вельмі сурʼёзна павялічыць патэнцыял вытворчасці ўзбраенняў у Еўропе, абаронную прамысловасць у шырокім сэнсе слова, лічыць еўракамісар.
.
.PAP/EPA/ANDY RAIN

- Мы павінны вельмі сурʼёзна ставіцца да таго, што робіць і кажа Пуцін. Нам застаецца адно рашэнне: значна павялічыць патэнцыял вытворчасці зброі і боепрыпасаў у Еўропе, – заявіў у пятніцу ў інтэрвʼю газеце «Rzeczpospolita» Цʼеры Брэтон, камісар па абароне і адзіным рынку ЕС.

У інтэрв’ю «Rz» Брэтона спыталі, між іншым, пра тое, ці зможа Дональд Трамп, калі вернецца ў Белы дом, выканаць сваю пагрозу і вывесці ЗША з НАТА, ён адказаў: «Паглядзім».

«Для гэтага патрэбна большасць у дзве траціны ў Сенаце ЗША, і ў мяне няма ўражання, што яна там будзе. Але мы гаворым пра вельмі важны сігнал аб тым, што еўрапейцы, вядома, у рамках атлантычнага альянсу, павінны ўсё больш клапаціцца пра ўласную бяспеку. Гэта не значыць, што мы павінны рабіць усё самі. Але калі справа даходзіць да ўзбраення, мы абавязкова павінны атрымаць здольнасць вырабляць больш і лепш. Сёння свет вельмі нявызначаны«, – сказаў камісар па справах абароны і адзінага рынку ЕС.

Ён дадаў: «Мы ўсе сочым за тым, што адбываецца ва Украіне. Мы, вядома, будзем працягваць падтрымліваць прэзідэнта Зяленскага ў яго намаганнях атрымаць зброю і боепрыпасы. Але мы таксама павінны быць гатовыя больш уключацца, калі нашы (амерыканскія – рэд.) партнёры вырашаць рабіць менш», – падкрэсліў Брэтон.

На пытанне, ці зʼяўляецца гэта часовым гарызонтам, у якім Еўропа павінна быць гатовая да вайны, паколькі прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас лічыць, што Пуцін можа напасці на НАТА праз тры-пяць гадоў, а міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус кажа пра пяць-восем гадоў, ён адказаў, што «тут цяжка зразумець».

Ён падкрэсліў, што нам, безумоўна, трэба вельмі сурʼёзна ставіцца да таго, што робіць і кажа Уладзімір Пуцін.

«Я бачыўся з Каяй Калас у мінулую пятніцу, у нас была доўгая размова. І мы згодныя з тым, што ў цяперашніх умовах у нас ёсць толькі адно рашэнне: вельмі сурʼёзна павялічыць патэнцыял вытворчасці ўзбраенняў у Еўропе, абаронную прамысловасць у шырокім сэнсе слова. Гэта дакладна», – сказаў еўракамісар.

ав