Беларуская Служба

Шведская школа адмаўляецца ад планшэтаў і ноўтбукаў ды пераходзіць на падручнікі і алоўкі

05.02.2024 19:21
Навуковыя даследаванні пацвярджаюць, што ўстановы адукацыі без экранаў (тэлевізараў, манітораў і смартфонаў) ствараюць лепшыя ўмовы для развіцця адносін з дзецьмі і дапамагаюць ім канцэнтравацца.
Школафота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Шведскія ўлады адмаўляюцца ад экранаў і манітораў у дзіцячых садках і малодшых класах школ. Прынятае рашэнне прыпыніць Нацыянальную стратэгію лічбавай адукацыі і вярнуцца да друкаваных падручнікаў, ручак і традыцыйных экзаменаў, паведамляе партал Wpolityce.pl.

Па словах міністра адукацыі Швецыі Лоты Эдхольм, «палітыка ўрада заключаецца ў тым, каб вярнуцца да асноў і аднавіць школу, заснаваную на ведах, якая робіць акцэнт на асноўных навыках, такіх як пісьмо, чытанне і арыфметыка».

Лічбавыя сродкі навучання варта ўводзіць толькі ў больш познім узросце, калі яны будуць дапаўняць працэс навучання, лічыць міністр. Навуковыя даследаванні пацвярджаюць, што ўстановы адукацыі без экранаў (тэлевізараў, манітораў і смартфонаў) ствараюць лепшыя ўмовы для развіцця адносін з дзецьмі і дапамагаюць ім канцэнтравацца.

Рэформа прадугледжвае прыпыненне, пасля крытыкі з боку педыятраў і псіхіятраў, Нацыянальнай стратэгіі лічбавай адукацыі на 2023-27 гады, якая прадугледжвае павелічэнне выкарыстання сучасных сродкаў навучання. Прынятае рашэнне адмяніць абавязковае выкарыстанне лічбавых сродкаў у дашкольнай і малодшай школьнай адукацыі. Планшэтамі і ноўтбукамі можна будзе карыстацца выбарачна ў старэйшых класах, калі карысць ад іх выкарыстання будзе навукова пацверджаная.

Больш за тое: у малодшых класах экзамены будуць праходзіць з выкарыстаннем друкаванага тэксту, алоўка альбо ручкі.

На думку экспертаў з прэстыжнага медыцынскага Каралінскага інстытуту, дзецям да 2 гадоў увогуле нельга карыстацца планшэтамі, а для развіцця іх мозгу лепш за ўсё падыдуць традыцыйныя цацкі. Згодна з рэкамендацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дзеці ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў павінны праводзіць перад экранам не больш за адну гадзіну ў дзень, паведамляе партал Wpolityce.pl.

вс