Беларуская Служба

Як грамадзяніну Беларусі купіць нерухомасць у Польшчы, якія ўмовы здзелкі?

07.02.2024 15:25
Правілы куплі розныя ў залежнасці ад відаў нерухомасці. 
Аўдыё
  • Як грамадзяніну Беларусі купіць нерухомасць у Польшчы?
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Unkas Foto

Калі беларус думае пра эміграцыю за мяжу, адным з самых натуральных напрамкаў выезду з’яўляецца Польшча. Гэта блізкая краіна ў геаграфічным плане, яна таксама блізкая беларусам па ментальнасці, культуры і гісторыі, польскую мову прасцей вывучыць, чым неславянскую. Акрамя таго, палякі, як правіла, лепш, чым іншыя народы, разумеюць сітуацыю беларусаў, таксама прадстаўнікі ўладаў пераважна прыхільна ставяцца да выхадцаў з Беларусі. Шмат беларусаў, пражыўшы тут нейкі час, пачынаюць думаць пра набыццё нерухомасці.

У Польшчы, ва Упраўленні па справах іншаземцаў, зарэгістравана каля 120 тыс беларусаў. На самой справе грамадзян Беларусі можа быць яшчэ больш. Першае пытанне, якое ўзнікае пасля пераезду, а нават яшчэ перад пераездам – дзе жыць, які горад выбраць, зняць пакой, кватэру, дом, а можа, адразу купіць нерухомасць, калі ёсць адпаведныя грашовыя сродкі і намер на доўга запусціць тут карані. Як замежніку купіць кватэру ў Польшчы? Ці гэта складана, ці працэс набыцця залежыць ад грамадзянства? Нас, канешне, цікавяць правілы куплі кватэры грамадзянамі Беларусі. Якія дакументы трэба падаць, каб магчы набыць нерухомую маёмасць? Якія ўмовы неабходна выканаць? Многія грамадзяне Беларусі маюць Карту паляка. Яна дае даволі шмат прывілеяў у Польшчы – скажам, ва ўладкаванні на працу ці паступленні ў навучальную ўстанову. А ці дапамагае Карта паляка ў куплі нерухомасці? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да дырэктара агенцтва нерухомасці з Познані Наталлі Зайцавай.

- Іншаземец можа купіць нерухомасць у Польшчы, маючы толькі пашпарт і грошы. Пры ўмове, што гэта кватэра, якая знаходзіцца не ў памежнай зоне і не звязаная з зямлёй. Калі яна ў памежнай зоне ці звязаная з зямлёй – трэба атрымаць дазвол з міністэрства. Неабходна даказаць сваю сувязь з Польшчай – гэта можа быць доўгатэрміновая рабочая віза, пастаянны ці часовы від на жыхарства, прадпрымальніцкая дзейнасць, шлюб з польскім грамадзянінам, і легальнасць паходжання сродкаў. Наяўнасць Карты паляка фармальная не дае магчымасці набываць кватэру на правах грамадзян, але гэта дадатковая дапамога.

Каб купіць кватэру, трэба мець грашовыя сродкі, і з кожным годам усё большыя. Справа ў тым, што кошты на нерухомую маёмасць у Польшчы імкліва растуць. Параўноўваючы сярэдні заробак па краіне ў розныя гады і цэны кватэр у гэты ж перыяд, можна сказаць, што цяпер за сярэднюю зарплату можна купіць меншую плошчу жылля, чым яшчэ 5-10 гадоў таму. Прычын некалькі, перш за ўсё гэта вайна ва Украіне і вялікая хваля міграцыі з гэтай краіны, звязаная з гэтым высокая інфляцыя, якая «з'ядае» павышэнні заробкаў. І таму, каб набыць кватэру ці дом, рэдка можна абысціся без крэдыту. Ці цяжка замежніку ўзяць іпатэку ў Польшчы?

- Кошты на нерухомасць растуць ад 8% да 15% у год, у залежнасці ад горада і віда нерухомасці. Іншаземец можа ўзяць іпатэку, калі мае карту пражывання, нават часовага, і пастаянны стабільны даход у Польшчы. Банк выстаўляе розныя патрабаванні, у нас у агенцтве працуюць кансультанты, якія падбіраюць крэдыт пад канкрэтнага кліента. Першапачатковы ўзнос можа быць ад 0% да 10-20%. У мінулым годзе была ўведзеная цікавая дзяржаўная праграма «Двухпрацэнтны крэдыт», але яна была спынена, а з ліпеня гэтага года ўводзіцца падобная праграма. Праўда, ёсць абмежаванні паводле ўзросту, сямейнага палажэння, кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

нг