Выданне Forsal.pl піша пра тое, як упершыню штучны інтэлект выкарыстоўваюць у выбарчай кампаніі. Інданезія, трэцяя па велічыні дэмакратыя ў свеце, перажывае рэвалюцыю ў гэтай галіне на аснове генератыўнага штучнага інтэлекту (AI).
Прэзідэнцкія выбары ў гэтай краіне сталі выпрабавальным палігонам інавацыйнай тэхналогіі, якая адкрывае новыя магчымасці, але таксама выклікае трывожныя пытанні.
Адзін з кандыдатаў – генерал Прабова Субіянта (Prabowo Subianto), выкарыстоўвае ў кампаніі сваю мультыплікацыйную версію, створаную з дапамогай штучнага інтэлекту. Яна ўпрыгожвае рэкламныя шчыты па ўсёй Інданезіі. Замест таго, каб паказваць сябе палымяным нацыяналістам, як ён рабіў у сваіх папярэдніх няўдалых кампаніях, палітык правярае новы імідж пад назваю «gemoy» – гэта выраз, які азначае «мілы і прыемны».
І ў ЗША, і ў Індыі, краінах, дзе пражывае траціна насельніцтва свету, сёлета праходзяць выбары. Тое, што адбываецца ў Інданезіі, – гэта праверка, як OpenAI будзе прытрымлівацца сваіх прынцыпаў, якія забараняюць выкарыстоўваць тэхналогію ў палітычных мэтах.
Тым часам палітычны кансультант Ёсэ Рызал (Yose Rizal) сказаў, што распрацаванае ім прыкладанне Pemilu.AI выкарыстоўвае праграмнае забеспячэнне GPT для распрацоўкі стратэгій выбарчых кампаній і публічных выступаў. Інданезіец прадаў паслугі прыкладання 700 кандыдатам у дэпутаты. Pemilu.AI аб'ядноўвае дэмаграфічныя дадзеныя і скануе сацыяльныя сеткі і сайты навін, каб ствараць прамовы, лозунгі і кантэнт у сацыяльных сетках, адаптаваны да выбаршчыкаў.
Узрост выбарчага права ў Інданезіі складае 17 гадоў, і студзеньскае апытанне, праведзенае кампаніяй Indikator Politik, паказала, што Прабова набірае больш за 60% галасоў маладога пакалення.
нг