Беларуская Служба

Камісія па справе шпіёнскай сістэмы Pegasus пачала збор дадзеных

20.02.2024 15:04
Чальцы Следчага камітэту ў Сейме запатрабавалі ад дзяржаўных службаў Польшчы прадставіць доказы адносна аперацый з выкарыстаннем шпіёнскай сістэмы Pegasus. Іх аналіз можа зацягнуцца на ўвесь тэрмін кадэнцыі.
Иллюстрация Фото: Motortion Films/Shutterstock

У Сейме пачаў працу Следчы камітэт, які мусіць растлумачыць механізмы сачэння, што выкарыстоўваюцца спецслужбамі Польшчы з 16 лістапада 2015 года. Камітэт павінен вызначыць, хто адказны за набыццё Pegasus у ізраільскай кампаніі NSO Group і іншых падобных інструментаў. Камісія таксама павінна праверыць, ці былі законнымі аператыўна-разведвальныя мерапрыемствы, якія праводзіліся з іх дапамогай, а таксама ці было законным фінансаванне набыцця гэтай сістэмы.

Сустрэча Следчага камітэту ў Сейме ў панядзелак была рабочай. Быў складзены план працы і прызначаны пастаянныя дарадцы. Дэпутаты таксама зачыталі свае запыты аб прадастаўленні доказаў да службаў, міністэрстваў і іншых дзяржаўных устаноў. Парламентарыі патрабавалі, сярод іншага, доступу да матэрыялаў падрыхтоўчых працэсаў, у якіх выкарыстоўвалася праграмнае забеспячэнне Pegasus або падобнае. У дакументах вялікі спіс асобаў, якія маглі трапіць пад такі аператыўны кантроль.

Парламентарыі хочуць вызначыць, якія аператыўныя метады выкарыстоўваліся для сачэння за польскімі палітыкамі, хто аддаваў загады выкарыстоўваць аператыўныя метады сачэння, хто і калі ў службах акрэдытаваў сістэму Pegasus і на падставе якіх дакументаў, а таксама ці былі людзі, якія мелі доступ да зыходнага кода сістэмы.

Выкарыстанне ў Польшчы сістэмы Pegasus, якая дазваляе спецслужбам краіны атрымаць доступ да тэлефонаў і электронных прыладаў, выклікала скандал. Толькі растлумачыўшы ўсе акалічнасці выкарыстання шпіёнскай сістэмы Pegasus і выявіўшы вінаватых у парушэнні закона, можна будзе хоць у нейкай ступені абараніць грамадзян і дамагчыся таго, каб палітыкі, якія прагнуць улады, двойчы падумалі, перш чым падпішуць рашэнні, накіраваныя на сачэнне за грамадзянамі.

Такімі праграмамі, як Pegasus, ахвотна карыстаюцца ўрады недэмакратычных краін – Кітая, Расіі.

Dziennik Gazeta Prawna/вх