Беларуская Служба

«Адзіны магчымы выбар – працягваць спробы трапіць у ЕС або хавацца ў Беларусі»

07.03.2024 09:11
«Урачы без межаў» падвялі вынікі двухгадовай працы на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

З лета 2021 года тысячы іншаземцаў прыехалі ў Беларусь, каб потым шукаць прытулку ў Польшчы, Літве ці Латвіі. Рост колькасці людзей, якія спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу, нібыта стаў адказам уладаў Беларусі на санкцыі Еўрасаюза. Калі ў 2021 годзе з'явіліся паведамленні аб трагічнай сітуацыі на межах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай, «Урачы без межаў» пачалі сваю дзейнасць ва ўсіх чатырох краінах, нагадвае старонка publicystyka.ngo.pl.

Людзі, якія дабраліся да Беларусі, паходзяць з розных краін, у тым ліку з месцаў, ахопленых вайной, нестабільнасцю і гвалтам – Афганістана, Сірыі, Емена, Самалі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Ірана. Прыніжаныя і маніпуляваныя людзьмі, якія нібыта павінны былі ім дапамагчы, яны апісвалі хлусню, якую чулі напачатку, а таксама вымагальніцтва і злоўжыванні, з якімі сутыкнуліся пазней.

20-гадовы грамадзянін Конга кажа што, яго з самага пачатку ўводзілі ў зман: «Яны пераконвалі: ты можна ехаць у Польшчу. Гэта была мая першая паездка – я не ведаў, што такое Еўропа».
Іншаземцы расказвалі, што да мяжы з ЕС ім давялося шмат дзён ісці праз Беларусь. Яны начавалі ў лясах, сутыкаючыся з рознымі пагрозамі па дарозе.

30-гадовая жанчына з Заходняй Афрыкі ўспамінала: «Мы ідзем ноччу, усюды цёмна... Шмат людзей памірае. Мы бачым косці, калі ідзем... Мы павінны перайсці ваду, а яна вельмі-вельмі глыбокая».

20-гадовая егіпцянка расказала, што беларуская міліцыя павяла цэлую групу мігрантаў з сабой у лагер: «Яны збівалі людзей вельмі жорстка. Пасля гэтага мяне спыталі: чаму ты не перасякаеш мяжы? Я адказала: гэта вельмі цяжка, мы спрабуем, але не можам, у нас няма вады, ежы. Яны адказалі: вяртацца немагчыма, трэба ісці».

Іншаземцы скардзіліся таксама на жорсткія дзеянні з боку польскіх памежнікаў. Многія з іх расказвалі «Урачам без межаў», што пасля спробы перасячэння мяжы яны былі вымушаныя вярнуцца ў Беларусь, дзе затрымаліся ў такіх гарадах, як Мінск. Зараз яны жывуць там у ізаляцыі, баючыся дэпартацыі і міліцыі. Большасць з іх адчуваюць сябе ў пастцы. Адзіны магчымы выбар – працягваць спробы трапіць у ЕС або хавацца ў Беларусі.

Большасць мігрантаў, якім дапамаглі «Урачы без межаў», знаходзіліся ў асабліва складанай сітуацыі. Сярод іх былі параненыя асобы, цяжарныя жанчыны, маці з маленькімі дзецьмі, людзі з хранічнымі захворваннямі, пажылыя людзі і дзеці. З кастрычніка 2021 года па кастрычнік 2023 года супрацоўнікі арганізацыі аказалі дапамогу не менш чым дзвюм тысячам чалавек да або пасля спробы перасячэння мяжу Беларусі і ЕС.

На працягу апошніх двух гадоў каманда «Урачоў без межаў» у Беларусі таксама арганізавала «гарачую лінію» для нелегальных мігрантаў. Пасля двух гадоў працы ў Беларусі «Урачы без межаў» прыйшлі да высновы, што патрэбы мігрантаў у абароне і юрыдычнай падтрымцы пераважваюць медыцынскія, паведамляе старонка publicystyka.ngo.pl.

аз

Заключаныя кантракты на будаўніцтва сістэмы электроннай аховы на памежных з Беларуссю рэках

26.02.2024 17:43
Інвестыцыі часткова фінансуюцца Еўрапейскім саюзам.