Вучыцца ў Польшчы было не проста
Стэфан выпускнік Коласаўскага ліцэю ў якім выкладалі Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, а таму адукацыю меў адпаведную. У Польшчу прыехаў 17-ці гадовым юнаком вучыцца па праграме Кастуся Каліноўскага.
Займаўся ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча: спачатку на факультэце псіхалогіі, а затым на журналістыцы. Працаваў у беларускіх СМІ ў Польшчы. Цяпер яго дзейнасць змянілася, але ўсё роўна звязана з беларускасцю.
-Я займаюся арганізацыяў канцэртаў і іншых культурніцкіх мерапрыемстваў для беларускай дыяспары. Планую пашыраць дзейнасць, паколькі ў нас, у моладзі, з’явілася новая прастора, дзе мы ўжо пачалі ладзіць культурніцкія ініцыятывы, як для беларусаў, так і не толькі для іх.
Згадваючы свае студэнцкія гады хлопец кажа, што і навука, і жыццё даваліся тут няпроста. Вучыўся на польскай мове, якую раней не вывучаў. Сярод аднакурснікаў быў самым маладым, бо ў Польшчы ў школе вучацца на адзін год болей. Але падтрымкай было тое, што побач былі такія ж беларускія студэнты з якімі разам праводзіў час, дзяліўся радасцямі і цяжкасцямі.
У 2014 годзе ўжо была беларуская кавярня
Да ўсяго, з яго слоў, стыпендыі хапала цалкам на тое, каб пражыць і не трэба было падпрацоўваць. Хлопец згадвае, што нават у 2014 годзе ў Познані ўжо была беларуская кавярня, дзе збіраліся беларусы.
-Дзякуючы таму, што ўладальніцай была беларуска, і мы з ёй нават хадзілі разам на курсы польскай мовы, у кавярні ладзіліся беларускія імпрэзы. З 2014 года мы запрашалі да нас Андруся Такінданга, ладзілі проста сустрэчы беларусаў. Нас збіралася заўсёды некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта было даволі абмежаванае кола людзей, практычна тыя самыя людзі. Але ўжо тады мы збіраліся на Дзень Волі каля помніка Міцкевічу, ладзілі маршы, падпісвалі петыцыі, збіралі подпісы, раздавалі ўлёткі. Гэта быў толькі пачатак беларускага руху і ён яшчэ не быў масавым.
Ад пачатку дапамагаю беларускім уцекачам
З наплывам беларусаў пасля 2020 году ў Познань, Стэфан актыўна заняўся дапамогай ім ва ўладкаванні і інфармаванні ў новых незнаёмых раней умовах.
-З 2020 году адмініструю суполку беларусаў на Фэйсбуку, мадэрую ў Тэлеграме і ў нейкім сэнсе спрычыняюся да таго, каб жыццё беларусаў было актыўным. У 2020-ым і 21-ым гадах арганізоўваў маршы, напісанне лістоў салідарнасці да палітвязняў, і іншыя акцыі беларусаў у Познані. Пасля крышачку адышоў, каб заняцца культурніцкімі праектамі. І зараз напоўніцу займаюся менавіта гэтым.
Я літаральна крычаў, што Лукашэнка не мой прэзідэнт
Згадвае, што апошні раз у Беларусі быў у 2019 годзе, а той гарачы жнівень 20-га сустрэў у Польшчы. Для яго, як і для вельмі многіх людзей, гэта быў сапраўдны шок.
-Для мяне гэта была вельмі вялікая матывацыя, каб літаральна падымаць сябе, людзей і арганізоўваць іх. Тады ўсё было на пратэснай хвалі, адчувалася незадаволенасць і было шмат нянавісці ў людзях. На першых акцыях я літаральна крычаў у мікрафон, што Лукашэнка не мой прэзідэнт і ніколі ім не быў.
Тады Стэфану верылася, што Беларусь пераможа, што ён вернецца дадому ў свабодную краіну.
-Тады была эйфарыя, адчуванне таго, што вось-вось, крыху і партрэты на сценах памяняюцца з 1994 года, з года майго нараджэння.
Праўда, эйфарыя змянілася на боль. Суразмоўца згадвае, што не мог адысці ад кампутара да шостай раніцы, глядзеў, як у начным Мінску ўзрываліся гранаты, як збівалі людзей…
-Я не мог спыніцца, мне настолькі было важна ведаць усё, што адбываецца, што падчас губляючы здароўе, сон, я проста не мог сабе дазволіць нармальна заснуць. У пэўны перыяд у мяне не было магчымасці адпачываць – і гэта праз мой выбар. Я пачаў арганізоўваць акцыі.
- Каго вы тады арганізоўвалі на акцыі?
-Беларусаў. Мы збіраліся да ста чалавек і болей. Аказалася, што беларусы ў Познані жылі і працавалі раней да 20-га году, папросту ціха асіміляваліся і нідзе не вылазілі. Але калі пабачылі, што іх хата гарыць, то аказалася, што не так важна ісці папросту на працу на свае фабрыкі, а куды важней узгадаць, што ты беларус.
Сярод беларусаў былі розныя людзі
Калі масава паехалі ў Познань беларускія ўцекачы, пачалі стварацца суполкі ў Тэлеграме, пачалі з’яўляцца беларускія ініцыятывы, стварыўся беларускі асяродак. Хлопец заўважае, што перажываў дзіўныя часы, маўляў, не было нікога, а тут раптам і беларускія ініцыятывы і беларускія імпрэзы. Праўда, згадвае, што сярод беларусаў тады былі розныя людзі.
-Прыязджае кавалак дому і прывозіць з сабой Лукашэнку, свой менталітэт. З’явіліся людзі, якія займаліся адкрытымі правакацыямі, былі беларусы, якія лічылі, што нам патрэбна «моцная рука» і якім вельмі не падабалася, што мы спрабуем самі арганізоўвацца і якім вельмі карцела ўсіх кантраляваць і дыктаваць свае ўмовы. На жаль, беларусы былі розныя.
Трохі задумаўшыся, Стэфан дадае:
-Зараз, наколькі мне вядома, тыя канфліктныя людзі перасталі ўдзельнічаць у нашых сумесных імпрэзах і папросту адсеяліся.
Дыяспару будуе не пратэст, а культура і асвета
Цяпер, паводле майго суразмоўцы, беларуская дыяспара ў Познані шукае сваю дарогу. Надалей людзі збіраюцца, ладзяць розныя імпрэзы, выходзяць на мітынгі. І прыйшло разуменне, што будуе дыяспару не пратэст, а больш культура і асвета чым цяпер і імкнуцца займацца беларусы.
-Мы будуем у эміграцыі, можна сказаць, альтэрнатыўную другую Беларусь. Канешне, гэта не так, як украінцы, бо іх значна болей і ім прасцей гуртавацца. У нас няма такога моцнага лобі сярод польскіх палітыкаў, але вядзецца праца, ёсць неабыякавыя людзі, ёсць месцы, дзе беларусы могуць збірацца і размаўляць на сваёй мове з аднадумцамі.
Ёсць толькі лёс звязаны з Беларуссю
Цікаўлюся ў Стэфана, ці задаволены ён сваім асабістым жыццём у Польшчы? Ён трошкі задумаўшыся кажа, што не мае тут ні кватэры, ні сям’і, праца з беларускім праектамі вялікіх даходаў не прыносіць, ёсць толькі лёс звязаны з Беларуссю. І ён не хоча жыць пры рэжыме, дзе ні можа быць сабою і не мець свабоды.
-Для мяне мой дом у Беларусі і я зраблю ўсё магчымае, каб некалі туды вярнуцца і мець магчымасць там выбіраць. А ў мяне зараз адабралі магчымасць вярнуцца дамоў і гэта самае балючае.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё