Беларуская Служба

Польскі касцёл хоча, каб гераічная акушэрка з Асвенціма была прызнаная святой

17.03.2024 14:10
50 гадоў таму, 11 сакавіка 1974 г., памерла Станіслава Ляшчыньска, гераічная акушэрка з Асвенціма, якую называюць «іконай акушэрства».
Аўдыё
  • Польскі касцёл спадзяецца, што гераічная акушэрка з Асвенціма стане святой
Некралог Станіславы ЛяшчыньскайPAP/Reprodukcja Maciej Billewicz

Польскі касцёл распачаў працэс, каб Станіслава была ўнесена ў лік святых. У 50-ю гадавіну смерці Станіславы Ляшчыньскай (11 сакавіка) у Лодзі ўрачыста завершаны дыяцэзіяльнага этап беатыфікацыйнага працэсу, які доўжыцца з 1992 г.

Падчас Другой сусветнай вайны яна дапамагала габрэям з лодзінскага гета. У 1943-1945 гадах разам з дачкой знаходзілася ў нямецкім нацысцкім канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў. Там, рызыкуючы жыццём, яна прыняла больш за тры тысячы родаў. Гэта былі дзеці розных нацыянальнасцяў. Нягледзячы на надзвычай дрэнныя гігіенічныя ўмовы, ніводная маці не памерла падчас родаў, усе дзеці нарадзіліся жывымі. Трыццаць з іх перажылі вайну.

Прымаючы роды, Станіслава Ляшчыньская адкрыта выступіла супраць нямецкага лекара Іозеф Менгеле, які аддаваў загады забіваць нованароджаных. Праз гады яна расказвала пра яго: «Ён адварочваў твар, баяўся зірнуць мне ў вочы. Ён прыслухоўваўся да маіх слоў у абарону жыцця, якія ён даў як лекар у клятве Гіпакрата: »Заўсёды абараняй жыццё і ніколі не забівай».


Станіслава Лешчыньска Станіслава Лешчыньска

Станіславу Ляшчыньску называлі «анёлам жыцця» і «мамачкай», яна да канца не кідала сваіх хворых, апошняе дзіця прыняла ў палаючым бараку, незадоўга да вызвалення лагера. Пасля вайны, у 1965 годзе, яна апублікавала шакавальны «Рэпартаж акушэркі з Асвенцыма».

У архіўнай перадачы Польскага радыё Станіслава Ляшчыньска распавядала пра сваё знаходжанне і працу ў лагеры:

-Санчастка каля 30 метраў, там было 1200-1300 цяжка хворых дыярэяй. У мяне былі аддзеленыя 24 ложкі, прызначаныя для радзільнага аддзялення. Першыя роды я прыняла ў цыганкі. Яе дзіця было першым, якое выжыла. Перад гэтым усіх дзяцей забівалі, тапілі.

Станіслава Ляшчыньска ўспамінала, што дзеці паміралі з голаду, а роспач маці была невымоўнай:

-Родаў было шмат, паколькі пастаянна прывозілі вязнярак. Нараджаліся прыгожыя дзеці, ахвочыя жыць. Некаторыя маці некалькі першых дзён кармілі дзяцей, але вельмі коратка. Яны не мелі ежы, то не мелі чым карміць. Маці была галодная, дзіця было галоднае. Яно станавілася белага колеру, як пергамент, а потым памірала. Маці страшна вылі, скавыталі. Іх лямант ішоў аж да неба.

Станіслава Ляшчыньска ўспамінала адну жанчыну, у дачыненні да якой і да яе нованароджанага дзіцяці доктар Менгеле не злітаваўся:

-Прыйшоў і запатрабаваў: дзе гэты нумар. Як раз жанчына з гэтым нумарам была дзве гадзіны пасля родаў. Я паглядзела на яго і сказала, што яна толькі што нарадзіла. Ён адказаў: я пра гэта не пытаюся, яна павінна ўстаць. Яна ўстала, кроў льецца. Сказаў узяць дзіця з сабой. Яна ўзяла, я накінула ёй на плечы коўдру. Ён пасадзіў яе ў воз і адвёз наўпрост у крэматорый.

Станіслава Ляшчыньска памерла ад раку 11 сакавіка 1974 г. ва ўзросце 77 гадоў у Лодзі. На пахаванне прыйшлі тысячы людзей, у тым ліку тыя, каго яна ратавала ў лагеры.

Пра дасягненні і жыццёвыя сведчанні гераічнай акушэркі не першы год расказвае яе ўнучка Марыя Стахурска. У 2020 годзе выйшла кніга і зняты ёю фільм з аднайменнай назвай – «Акушэрка».

«Глыбокая любоў да Бога і людзей была рухаючай сілай яе ўчынкаў, у ёй яна чэрпала сілу, а вернасць пакліканню рабіла яе пазіцыю непахіснай на працягу ўсяго жыцця», – гаварыла рэжысёрка Марыя Стахурска пра Станіславу Ляшчыньску:

-У гэтых жахлівых умовах яна змагалася за жыццё. Нягледзячы на жахлівыя ўмовы – смурод, галеча, загады забіваць дзяцей – яна не паддалася. Яна прымала роды так, быццам бы яна была ў найлепшай клініцы. Што, дарэчы, сам Менгеле казаў, што такія рэчы не адбываюцца нават у нямецкіх клініках.

Эльжбета Вятроўска, унучка Станіславы Ляшчынскай, падкрэслівае, што гераіні гэтага дакументу ўвесь час знаходжання ў лагеры давялося сутыкнуцца са страхам:

-Гэта быў сталы стан пагрозы жыццю, яе і яе дачцэ. У яе расло разуменне, што яна нічога не можа, што яна акушэрка і нічога іншага яна не можа. У яе толькі ружанец, які яна зляпіла з хлеба. Што могуць толькі Марыя і Бог. Яна кожны дзень гаварыла: Божа, ты гэта рабі, ты дзейнічай.

Станіслава Ляшчыньска, маці чатырох дзяцей, працавала акушэркай 38 гадоў, у тым ліку два гады ў канцлагеры. Неаднаразова казала, каб ёй не спачувалі, бо яна шчаслівая, што трапіла ў Асвенцім, дзе магла прымаць роды. Да канца жыцця яна не прымала ніякіх узнагарод.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры