Беларуская Служба

Аліна Коўшык: За расійскай мовай ідуць расійскія танкі, гэта беларусы павінны зразумець

17.03.2024 16:38
Чаму беларусы дазволілі захапіць уладу людзям, настроеным супраць беларушчыны?
Аўдыё
  • Аліна Коўшык пра працэсы нацыянальнага адраджэння ў Беларусі.
 .
Аліна Коўшык.Фота з прыватнага архіву А. Коўшык

На пачатку 90-ых гадоў у Беларусі хуткімі тэмпамі ішло нацыянальнае адраджэнне. Беларуская мова стала дзяржаўнай, з’явілася шмат беларускамоўных ініцыятыў, дзяржаўнае справаводства пераводзілі на нацыянальную мову. Гэтыя працэсы паступова спыніліся пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Гэта чалавек, які сам не размаўляе па-беларуску і не любіць мовы. Аднак ён быў абраны ў дэмакратычных выбарах.

Чаму беларусы дазволілі захапіць уладу людзям, настроеным супраць беларушчыны, мы запыталі прадстаўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліну Коўшык.

- На маю думку, не хапіла часу. Прыход Лукашэнкі адвярнуў працэсы, мы пайшлі ў іншы бок. Я памятаю, як ішла беларусізацыя. Сапраўды, можа былі памылкі, нешта было зроблена занадта гвалтоўна. Адпаведна нашаму нацыянальнаму характару такія грамадскія працэсы павінны быць больш паступовымі. Прыклад Украіны паказвае, што ўкраінізацыя розных сфераў жыцця адбывалася вельмі доўга. Людзі прагматычныя, яны хочуць бачыць будучыню, магчымасць зрабіць кар’еру, каб да гэтага была неабходная беларуская мова. Калі мы будзем людзей заахвочваць, а не прымушаць, пераход адбудзецца натуральна. У нас у кабінеце мы перавялі справаводства на беларускую мову і сустрэчы пачалі адбывацца па-беларуску. Прыклад Святланы Ціханоўскай ды іншых паказвае, што за некалькі гадоў можна натуральна перайсці на мову.

Многія іншаземцы, якія не ведаюць беларускай мовы, кажуць, што яна мілагучная. А некаторыя беларусы яе не любяць і не хочуць на ёй размаўляць.

- Гэта планамерная палітыка Расійскай імперыі і СССР. Мая мама казала, што яна ў Беларусі адчувала сябе чалавекам другога сорту, што рускія лепшыя. Няма лепшых і горшых моваў, усе мовы аднолькава вартасныя. Да 50-ых гадоў большасць беларусаў размаўлялі па-беларуску. Планамерная русіфікацыя пачалася толькі тады, калі шмат людзей перасялілася ў гарады, дзеля кар’еры ім трэба было пераходзіць на расійскую мову. Нашае багацце хаця б у тым, што ў нас кніжкі выходзілі і на кірыліцы, і на лацінцы. Дзеля таго, каб мова стала папулярнай, нам трэба перавесці справаводства, адукацыю на беларускую мову, і перш за ўсё распаўсюдзіць музыку на мове.

Адзін з аргументаў, чаму варта адмаўляцца ад расійскай мовы – вайна ва Украіне. Расійская мова, хаця яна і не вінаватая, што ёй карыстаюцца тыя ці іншыя людзі, стала атаясамлівацца з агрэсіяй.

- Для многіх людзей гэта стала рашаючым фактарам, каб пераходзіць на беларускую мову. Сітуацыя ва Украіне паказала, што мова можа быць зброяй. За расійскай мовай ідуць расійскія танкі, гэта беларусы павінны зразумець. Украінцы гераічна абараняюць сваю радзіму, яны хочуць жыць на вольнай зямлі, каб ім ніхто не казаў, што трэба рабіць.

нг