Беларуская Служба

У Польшчы знялі фільм пра тое, як немцы некаторых палякаў спрабавалі зрабіць арыйцамі (ФОТА + ВІДЭА)

16.03.2024 06:02
У фільм «Белая мужнасць» паказаная трагедыя таго жудаснага перыяду і цяжкі выбар, які павінен здзейсніць чалавек у трагічны час.
      (   )
Герой фільму «Белая мужнасць» Анджэй Заўрат (у ролі Філіп Плавяк)Крыніца: Monolith Films, Adam Golec/Materiały prasowe

У польскіх кінатэатрах у пракат выйшаў фільм «Белая мужнасць» рэжысёра Марціна Кашалкі. У карціне паказаная няпростая гісторыя адносін жыхароў Падгалля (рэгіён у польскіх Татрах) у гады Другой сусветнай вайны. І перш за ўсё супрацоўніцтва невялікай часткі гураляў (горцаў) з нямецкімі акупантамі.

У фільме «Белая мужнасць» апавядаецца гісторыя нешчаслівага любоўнага трохкутніка, якая з’яўляецца фонам для складанага пытання калабарацыі некаторых гураляў з акупантамі.

Пачаць варта з таго, што канцэпцыю гураленфольку (Goralenvolk – народу гураляў) не прыдумалі жыхары Падгалля. Гэта была нямецкая тэорыя, якую яны хацелі ажыццявіць на практыцы. Ідэя заключалася ў тым, каб у імя прынцыпу «падзяляй і ўладар» убіць клін у прыгнечаны вайной польскі народ і перацягнуць гураляў на свой бок.

Акцыя была спланаваная Абверам – нямецкай ваеннай разведкай, – яшчэ да вайны. Агент Абвера Віталіс Відэр дзейнічаў у Закапанэ з 1934 года. Ён быў капітанам запасу Войска Польскага, паходзіў з заходняй Польшчы. Агент быў дырэктарам найбуйнейшага і прэстыжнага пансіянату «Маратон» у Закапанэ. У зімовым курорце ён быў паважаным чалавекам. Насамрэч жа супрацоўнік Абвера працаваў з гуралямі і турыстычна-лыжным асяроддзем зімовай сталіцы Польшчы, як называюць Закапанэ, каб завербаваць людзей да супрацоўніцтва.

Галоўны герой фільму Анджэй Заўрат (у ролі Філіп Плавяк) перакананы ў ідэі гураленфольку дзякуючы ўплыву нямецкага афіцэра, вучонага і альпініста Вольфрама фон Каміца (у ролі Якуб Гершал). Фон Каміц гаворыць Заўрату, што яго суайчыннікі – гэта некалі зніклае германскае племя. Гэтая тэорыя пераконвае маладога гураля.

Неабходна зазначыць, што абодва героі фільму насамрэч не існавалі, гэта – мастацкая выдумка творцаў фільму.

Кадр з фільму «Белая мужнасць»      Крыніца: Monolith Films/Materiały prasowe Кадр з фільму «Белая мужнасць» Крыніца: Monolith Films/Materiały prasowe

Прыдуманая гітлераўцамі канцэпцыя гураленфольку грунтавалася на нацысцкай тэорыі іерархіі рас і пошуку арыйскай расы – расы гаспадароў. Навукоўцы з Трэцяга Рэйху шукалі сляды германскай расы па ўсім свеце, напрыклад, фон Каміц – у Гімалаях. Калі пачалася Другая сусветная вайна, ужо была падрыхтаваная канцэпцыя гураленфольку аб расавай адрознасці падгальскіх горцаў ад палякаў.

Нямецкія псеўданавукоўцы масава пачалі пісаць артыкулы пра жыхароў Падгалля пасля паразы Польшчы ў 1939 годзе. Яны зазначалі, што горцы – нібыта абсалютна не палякі, што яны – арыйскага паходжання. Канешне, у падтрымку тэорыі прыводзіліся «доказы». Так, сярод аргументаў можна было пачуць тое, што ў многіх горцаў з Падгалля блакітныя вочы, светлая скура і светлыя валасы – як у сапраўдных арыйцаў. Падкрэслівалася таксама самастойнасць культуры гураляў, якая, на думку нямецкіх даследчыкаў, мела германскія карані. Зразумела, у публікацыях згадваўся і адметны гуральскі крыж – сімвал свастыкі, які здаўна прысутнічаў у народнай творчасці горцаў. Больш за тое, адзначалася падабенства падгальскіх вышыванак з гатычнымі ўзорамі. Немцы таксама звярталі ўвагу на назвы некаторых вёсак, такіх як Фальштын, Фрыдман, Шафляры, якія нібыта мелі нямецкае паходжанне.

Такім чынам гітлераўцы стараліся даказаць, што горцы былі германскім племем, якое захавалася ў Татрах у пэўнай ізаляцыі ад палякаў. Вядома, што ўсе тэорыі былі надуманыя.

А на што разлічвалі лідары гураленфольку, якіх, варта заўважыць, было вельмі мала? У жудаснай акупацыйнай рэчаіснасці некаторыя гуральскія дзеячы думалі, што дзякуючы супрацы з немцамі, перакрочыўшы мяжу здрады, яны змогуць выратаваць сваіх суайчыннікаў. Яны бачылі, што адбывалася ў акупаванай краіне, бачылі, што Польшча залітая крывёю палякаў і яўрэяў. Пры гэтым некаторыя члены гуральскага камітэту таксама атрымлівалі фінансавыя выгады ад супрацоўніцтва з акупантамі.

У сваю чаргу немцы лічылі, што горцы павінны быць германізаваныя. Астатняя частка насельніцтва Татраў, якая не адпавядала расавым крытэрыям або не запісалася ў гураленфольк, падлягала ліквідацыі. Дарэчы, адпаведныя дырэктывы адносна падгальскіх горцаў падрыхтаваў рэйхсфюрэр СС Генрых Гімлер, які адказваў за расавыя пытанні ў Трэцім рэйху.

Варта зазначыць, што на супрацоўніцтва з акупантамі пайшло няшмат прадстаўнікоў Падгалля – гэта не была масавая з'ява. Некаторыя з калабарантаў пасля вайны былі схопленыя і трапілі пад суд, у тым ліку атрымалі вышэйшую меру пакарання.

Агент Абвера Віталіс Відэр уцёк з немцамі. Завочна быў прыгавораны польскім судом да смяротнага пакарання. Ён аднак пазбег пакарання і, паводле сведчанняў, памёр у Заходняй Германіі ў 1967 годзе.

У фільм «Белая мужнасць» паказаная трагедыя таго жудаснага перыяду і цяжкі выбар, які павінен здзейсніць чалавек у трагічны час.

Валеры Саўко

Больш на гэтую тэму: Машына часу