Беларуская Служба

На вёсках паветра забруджваюць старыя печы. Якасць паветра хутка паляпшаецца ў буйных гарадах

28.03.2024 20:23
Канцэнтрацыя пылу, канцэнтрацыя бензаальфапірэну ў вялікіх гарадах паслядоўна змяншаецца.
КаміныShutterstock/Sahara Prince

Забруджанае паветра ў Польшчы зʼяўляецца праблемай найбольш прыкметнай у мястэчках і вёсках. Гэта выснова кампаніі «Глядзі, чым ты дыхаеш», якую праводзіць арганізацыя «Polski Alarm Smogowy». На працягу ўсёй зімы «мабільныя лёгкія» зʼявіліся ў 56 гарадах васьмі ваяводстваў і паказвалі ўзровень забруджанасці паветра.

«Мабільныя лёгкія» размяшчаюць у розных мясцовасцях на два тыдні. У залежнасці ад узроўню забруджвання паветра, лёгкія становяцца шэрага або нават чорнага колеру. Такім чынам, жыхары могуць на свае вочы ўбачыць, чым, насамрэч, яны дыхаюць у сваім горадзе.

 Актывісты арганізацыі «Polski Alarm Smogowy» падкрэсліваюць, што, нягледзячы на мяккую зіму, у многіх мясцовасцях, лёгкія зрабіліся чорнымі. Прадстаўнік арганізацыі Пётр Сяргей  (Piotr Siergiej) зазначыў, што найгоршая сітуацыя ў правінцыі Польшчы:

- Мы назіраем, што найбольш забруджанае паветра ў невялікіх мясцовасцях і нават у вёсках. Жахлівы прыклад – вёска Асенціны (Оsięciny), дзе жывуць тры тысячы чалавек. Вёска размяшчаецца, здавалася б, у чыстым рэгіёне Куявы, аднак, на жаль, паветра там вельмі забруджанае. Асенціны не выключэнне, мы кожны год выяўляем мясцовасці, дзе не чакалі настолькі бруднага паветра. Забежуў (Zabierzów) пад Кракавам, ці маленькая вёсачка Годуў (Godów) у Сілезіі – гэта прыклады мясцовасцяў з небяспечным смогам.

Пётр Сяргей дадаў, што ў буйных агламерацыях назіраецца частковае паляпшэнне якасці паветра:

- Усё часцей буйныя гарады, у якіх дагэтуль назіралася вялікае забруджанне, напрыклад, Кракаў, вызваляюцца ад смогу. Канцэнтрацыя пылу, канцэнтрацыя бензаальфапірэну ў вялікіх гарадах паслядоўна змяншаецца. У Варшаве ў 2021 годзе ўпершыню за ўсю гісторыю канцэнтрацыя канцэрагеннага бензаальфапірэну апусцілася ніжэй дапушчальнай нормы. Раней такое не назіралася.

Арганізацыя «Polski Alarm Smogowy» заклікае ўрад паскорыць рэалізацыю праграм цеплавой мадэрнізацыі будынкаў. Гэта тычыцца такіх ініцыятываў, як «Чыстае паветра», «Цёплае жыллё» і «Фонд цеплавой мадэрнізацыі і рэнавацыі», адзначыла Эва Лютомска.

- Усе гэтыя праграмы маюць на мэце аказаць фінансавую падтрымку, і заахвоціць жыхароў мяняць катлы i печкі, ацяпляць будынкі. Аднак фінансавае стымуляванне – не ўсе сродкі для паляпшэння якасці паветра ў Польшчы. Нам трэба таксама выкананне законаў, якія былі прынятыя, каб скараціць выкіды шкодных газаў. Часта забруджванне – гэта вынік спальвання вугалю і дроў у жылых дамах.

У гэтым кантэксце арганізацыя «Polski Alarm Smogowy» заклікае да перагляду правілаў, якія тычацца стандартаў якасці вугалю і стандартаў выкідаў для катлоў і печаў.

За пяць гадоў кампанія маніторынгу з «мабільнымі лёгкімі» ахапіла больш чым 150 гарадоў.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка