Беларуская Служба

46 гадоў таму полька закончыла кругасветнае падарожжа – яна была першай жанчынай, якая ў адзіночку абагнула Зямлю (ФОТА)

29.03.2024 06:02
Дасягненне Крыстыны Хайноўскай-Ліскевіч было занесенае ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Аўдыё
  • 46 гадоў таму полька закончыла кругасветнае падарожжа – яна была першай жанчынай, якая ў адзіночку абагнула зямлю
 -   . 1978
Крыстына Хайноўска-Ліскевіч на яхце «Мазурэк». 1978 год PAP/Jan Morek

У польскай гісторыі шмат асоб, мала вядомых шырокаму колу сучаснікаў, якія аднак аказалі вялікі ўплыў на развіццё дзяржавы ў розны галінах грамадскага жыцця альбо праславілі Польшчу за мяжой. Сярод іх – Крыстына Хайноўска-Ліскевіч – першая ў свеце жанчына, якая здзейсніла кругасветнае падарожжа ў адзіночку на паруснай яхце. Сёння мы раскажам пра гэтую адважную польку.

Крыстына Хайноўска нарадзілася ў Варшаве ў 1936 годзе. Пасля вайны разам з сям’ёй пераехала ў невялікі горад Аструда ў паўночнай Польшчы. З 1953 года жыла ў Гданьску, дзе закончыла Гданьскі палітэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-суднабудаўнік. Пасля вучобы працавала канструктарам суднаў на Гданьскай суднаверфі. Там жа яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

Крыстына пачала займацца парусным спортам ва ўзросце 16 гадоў. Дарэчы, Аструда, дзе жыла сям’я Хайноўскіх, гэта край прыгожых азёр, таму ўмовы для водных відаў спорту там ёсць. А Гданьск, вядома, размешчаны на Балтыцы.

Крыстына Хайноўска-Ліскевіч на яхце «Мазурэк». 1979 год     Książka „Pierwsza dookoła świata”, wyd. 1979, okładka s. I/commons.wikimedia.org/domena publiczna Крыстына Хайноўска-Ліскевіч на яхце «Мазурэк». 1979 год Książka „Pierwsza dookoła świata”, wyd. 1979, okładka s. I/commons.wikimedia.org/domena publiczna

У 1960 годзе яна стала штурманам, у 1966 годзе – капітанам, атрымаўшы ліцэнзію на кіраванне паруснымі яхтамі. У якасці капітана Хайноўска-Ліскевіч здзейсніла 21 акіянскі і марскі круізы, у тым ліку тры з чыста жаночым экіпажам. А некалькі – разам з мужам, які таксама захапляўся парусным спортам.

Гістарычны рэйс Крыстына Хайноўска-Ліскевіч пачала 28 сакавіка 1976 года ў Лас-Пальмас на Канарскіх астравах. А накіравалася яна ў кругасветнае плаванне на яхце «Мазурэк», якая была пабудаваная спецыяльна для рэйсу вакол планеты.

Яхта «Мазурэк», на якой полька здзейсніла кругасветку. Гданьск, чэрвень 2023 года   
PAP/Adam Warżawa Яхта «Мазурэк», на якой полька здзейсніла кругасветку. Гданьск, чэрвень 2023 года PAP/Adam Warżawa

Траса круізу праходзіла праз Атлантыку, Барбадас, Панамскі канал, Ціхі акіян, Таіці, Аўстралію і вакол Афрыкі. Праз два гады, 20 сакавіка 1978 года, Крыстына Хайноўска-Ліскевіч закончыла рэйс ля берагоў Астравоў Зялёнага мысу. Цягам круізу яна прайшла 28 тыс. 696 марскіх міль.


Карэспандэнту Польскага радыё ўдалося спалучыцца з Крыстынай Хайноўскай падчас яе рэйсу. Журналіст запытаў, як яна праводзіць час і колькі спіць у суткі. Архіўны запіс Польскага радыё са студзеня 1977 года.

- На акіяне, пры добрым надвор’і, ноччу я сплю шмат – нават 6 гадзін. Здараецца, што сплю таксама днём. Але калі надвор’е мяняецца і пачынаецца вецер альбо паблізу берага ці астравоў, то сплю мала альбо ўвогуле. Таму што для марака берагі значна больш небяспечныя, чым адкрыты акіян.

Дарэчы, у Сіднэі прыйшлося зайсці ў порт, каб стаць на рамонт яхты. У падарожжы яна таксама сур’ёзна захварэла і была дастаўленая на самалёце ў адну з бальніц. Тым не менш, Крыстына Хайноўска, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, працягнула рэйс.

Дасягненне Крыстыны Хайноўскай-Ліскевіч было занесенае ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

Крыстына Хаўноўска-Ліскевіч у 1023 годзе    PAP/Adam Warżawa Крыстына Хаўноўска-Ліскевіч у 1023 годзе PAP/Adam Warżawa

Вядомая полька да канца жыцця плавала па марах і акіянах ды была вялікім папулярызатарам марской справы. Яна атрымала шмат польскіх і дзаржаўных узнагарод, была членам журы ў разнастайных марскіх конкурсах. І самае галоўнае – атрымала Сярэбраны секстант – самую важную польскую марскую ўзнагароду.

Дарэчы, яе канкурэнтка Наомі Джэймс з Новай Зеландыі закончыла кругасветнае падарожжа 39 днямі пазней.

Крыстына Хайноўска-Ліскевіч памерла ў 2021 годзе. Пахаваная ў Гданьску.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу